Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На шахтах Ахметава ў Луганскай вобласьці пачаўся страйк


На пяці шахтах прадпрыемства «Краснадонвугаль» у Луганскай вобласьці, якое належыць горна-мэталюргічнаму бізнэсу «Метінвэст» кампаніі СКМ Рыната Ахметава, пачаўся страйк з патрабаваньнем павысіць заробкі.

Пра гэта ўкраінскаму інтэрнэт-парталу podrobnosti.ua паведамілі супрацоўнікі кампаніі «Краснадонвугаль». 80% шахцёраў не выходзяць на працу і цяпер штурмуюць «Краснадонвугаль», – паведаміў адзін з работнікаў шахты.

Як распавядаюць удзельнікі страйку, шахцёры Краснадону вырашылі страйкаваць 22 красавіка на плошчы Маладой гвардыі ў горадзе Краснадон Луганскай вобласьці прыкладна ў 04:00 і не працавалі ўсю ноч.

Каля будынка прадпрыемства ўначы было каля 2 тысяч чалавек, якія выставілі патрабаваньне павысіць зарплату да сярэдняй у Данбасе.

Паводле шахцёраў, максымальная зарплата шахцёра на гэтым бюджэтаўтваральным для Краснадону прадпрыемстве складае 6000 грыўняў (каля 750 даляраў), тады як у сярэднім у Данбасе за працу ў забоі плацяць па 8-10 тысяч.

«Сытуацыя патрабуе агалоскі, інакш нас заўтра ўсіх звольняць», – перажывае адзін з удзельнікаў страйку.

Усю ноч шахцёры прастаялі перад закрытым офісам кампаніі. Да іх выходзіў генэральны дырэктар «Краснадонвугля» Аляксандар Ангелоўскі, але патрабаваньняў не задаволіў, таму страйк будзе працягвацца.

Пры гэтым палітычных патрабаваньняў страйкоўцы не выстаўляюць.

Рынат Ахметаў – найбагацейшы чалавек Украіны, прадпрымальнік, прэзыдэнт футбольнага клюбу «Шахцёр». Ягонае багацьце ацэненае у 22,3 млрд даляраў (2013, 26-е месца ў сьвеце, вэрсія Bloomberg). Спрабаваў браць на сябе ролю міратворца і перамоўцы паміж сілавікамі і сэпаратыстамі на Данбасе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG