ПАДЗЕІ ДНЯ
Міжнародны дзень Зямлі.
Аляксандар Лукашэнка зьвернецца са штогадовым пасланьнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.
У Магілёве абвесьцяць прысуд былому гомельскаму вэртыкальніку Піліпцу.
Менскі клюб «Піраты» (праспэкт Партызанскі, 6а) ў 18.00 запрашае на традыцыйны фэстываль памяці Курта Кабэйна («Nirvana»).
У Кобрыне – экалягічная акцыя да Дня Зямлі. Найлепшыя графіцісты гораду сустрэнуцца ў мясцовым парку, каб упрыгожыць сваімі малюнкамі кантэйнэры для збору сьмецьця. Дапамагаць ім будуць мясцовыя школьнікі.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1725 – адбыўся шлюб вельмі калярытных постацяў беларускай гісторыі – Урсулы Францішкі Вішнявецкай і нясьвіскага ардыната, вялікага гетмана Міхала Казімера Радзівіла, празванага Рыбанькам. Хранікёры пішуць, што гэта быў шчасьлівы зьвяз. Урсула так кахала мужа, што падаравала яму мноства паэтычных твораў і ажно трыццаць шэсьць дзяцей. Праўда, па волі лёсу большасьць іх памерла ў маленстве, а з сыноў выжыў толькі адзін – улюбёнец шляхты, славуты Пане Каханку. Тое вясельле, пра якое мы згадваем сёньня, цягнулася цэлы год. Маладыя сьвяткавалі ў фамільных маёнтках, у сваякоў, ладзілі карнавалы ў сталіцах і толькі праз год іх сустракалі дома, у Нясьвіжы.
1794 – пачатак паўстаньня пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі на беларускіх землях. У гэты дзень кіраўніцтва паўстаньнем у Вялікім Княстве ачоліў палкоўнік Якуб Ясінскі.
1838 – роўна 175 гадоў таму ўпершыню параход перасек Атлянтычны акіян. У гавань Нью-Ёрку прыбыў англійская карабель «Сырыюс». Яго падарожжа заняло 18 дзён і 10 гадзін.
1838 – украінскі кабзар Тарас Шаўчэнка піша сваю знакамітую паэму «Кацярына», якую потым перакладзе на беларускую мову Янка Купала.
1937 – у абставінах сталінскага тэрору скончыў жыцьцё самагубствам Язэп Адамовіч, адзін зь першых кіраўнікоў беларускага савецкага ўраду.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ
Кахайцеся, чарнабрыўкі,
Ды не з маскалямі,
Маскалі – чужыя людзі,
Чыняць ліха з вам.
Тарас Шаўчэнка, «Кацярына» (Пераклад Янкі Купалы)