ПАДЗЕІ ДНЯ
Менск і Ракаў. У Вялікую суботу Мітрапаліт Менска-Магілёўскі, архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і Апостальскі нунцый у Беларусі Кляўдыё Гуджароці напярэдадні Вялікадня памоляцца разам зь вернікамі ў розных каталіцкіх парафіях і блаславяць велікодныя стравы.
Віцебск. У бітлз-клюбе «Чердачок» (Кастрычнічкая, 12) адбудзецца лекцыя канцэртнай агенцыі Bo Promo «Поп-авангард як будучыня беларускай культуры». Пачатак а 14:30
Горадня. Адбудуцца тэматычная вечарыны ў антыкафэ «Жывы час» і начная імпрэза ў бары «Сіці» з нагоды выхаду ў сьвет пятага нумару часопісу «LO_ok».
Менск. Па 28 красавіка працягваецца візыт у Беларусь місіі Міжнароднага валютнага фонду пад кіраўніцтвам Дэвіда Гофмана для штогадовых кансультацый зь беларускімі ўладамі.
Менск. Па 20 красавіка працягваецца візыт у Беларусь генэральнага дырэктара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у пытаньнях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЭСКА) Ірыны Бокавай.
ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1190 — памёр Сьвятаполк Юр’евіч, князь тураўскі.
1519 — памёр Войцэх Радзівіл, рэлігійны дзяяч ВКЛ, луцкі і Віленскі біскуп.
1602 — памёр Ян Абрамовіч, ваявода менскі і смаленскі, выдавец «Катэхізісу» (1598) з 300 рэлігійнымі песьнямі.
1670 — горад Ліда атрымаў самакіраваньне паводле Магдэбургскага права, прызначанае яму каралеўскім прывілеем.
1783 — указам расейскай імпэратрыцы Кацярыны ІІ Крым быў далучаны да Расеі. Датуль паўвостраў ніколі ня быў расейскім, хоць многія лічаць яго спрадвеку расейскай зямлёй. Сёньня Крым анэксаваны Расеяй у сувэрэннай Украіны.
1824 — памёр Джордж Байран, ангельскі паэт.
1863 — пачалося агульнае антырасейскае паўстаньне ў Менскай губэрні. Людзі паўсюдна зрывалі са сьценаў партрэты гасудара імпэратара, а на дарогах зьявіліся атрады мяцежнікаў. Паўстаньне ўвайшло ў гісторыю пад імем свайго правадыра — Кастуся Каліноўскага.
1881 — нарадзіўся Ўсевалад Ігнатоўскі, беларускі грамадзкі дзяяч, гісторык, першы прэзыдэнт Акадэміі Навук Беларусі
1881 — нарадзіўся Валянцін Волкаў, народны мастак БССР.
1882 — памёр Чарльз Дарвін, ангельскі прыродазнавец.
1919 — польскія войскі занялі сталіцу Літоўска-Беларускай ССР Вільню.
1919 — у Белавескай пушчы быў забіты апошні зубар. Ён быў апошні ўласна беларускі. Тыя зубры, пра якіх ведаем мы і якія жывуць у Белавескай пушчы сёньня — прывезеныя, гэта вынік аднаўленьня папуляцыі.
1967 — памёр Конрад Адэнаўэр, першы канцлер пасьляваеннай Нямеччыны.
2000 — у Беларусі была зафіксаваная самая цёплая за ўсю гісторыю замераў тэмпэратура. Слупок тэрмомэтру падняўся да плюс дваццаці сямі градусаў.
2002 — пад Менскам ва ўрочышчы Курапаты, дзе несьлі кругласутачную варту абаронцы мэмарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў, згарэў вялікі вайсковы намёт, у якім начавалі валянтэры. У тую ноч у намёце былі тры чалавекі — Аляксандар Поклад, Васіль Парфянкоў і Ірына Вяткiна. Найболей пацярпеў ад пажару Поклад, якога даставілі ў рэанімацыю лякарні хуткай дапамогі. Абставіны падпалу намёту засталіся нявысьветленыя. Аднак грамадзкі ўздым у справе абароны Курапатаў пасьля гэтага пажару паступова пайшоў на спад.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ
«Вунія 1569 году шырока адчыніла браму для польскага ўплыву. Праўда, гэты ўплыў існаваў і раней, але ён ня мог быць моцным. Цяпер для гэтага ўплыву ня было аніякіх перашкод. Польшча скарыстала польскі настрой беларускай шляхты і цяжкае палажэньне вялікага княства, скасавала яго самабытны палітычны твар і прагнулася скасаваць твар культурны і нацыянальны. Гэта было грунтоўным недахватам вуніі, каторы налажыў сваю пячатку на далейшае сумеснае існаваньне кароны і княства. Вунія была эгаістычнай з боку Польшчы. З далейшай гісторыі мы ведаем, што пры націску Масквы і татар княства нават не атрымала ад Польшчы тэй дапамогі, якую Польшча абяцала даць. Беларусь, апроч таго, увайшла ў дзяржаўны арганізм такога гаспадарства, каторае ўжо пачало хварэць і палітычна, і сацыяльна. Разумеецца, гэтая хвароба перадалася і Беларусі. З культурнага боку Беларусь таксама прайграла, бо польскі культурны ўплыў адарваў ад народу вышэйшыя станы, каторыя, апалячыўшыся, сталі чужымі для свайго народу як культурная сіла».
Усевалад Ігнатоўскі, «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі»