Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея наўрад ці адмовіцца ад дэстабілізацыі Ўкраіны, — Лагвінец


Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец

Палітоляг Алесь Лагвінец назваў чатырохбаковыя дамоўленасьці ў Жэнэве па Ўкраіне «першым пазытыўным сыгналам ад самага пачатку крызісу».

Алесь Лагвінец заявіў у інтэрвію Радыё Свабода:

— Расея дэ-факта прызнала легітымнасьць ураду Ўкраіны. Таксама Расея прызнала, што яна мае тое ці іншае дачыненьне да ўзброеных людзей ва Ўкраіне. І тут пытаньне, якім чынам далей будзе разгортвацца сытуацыя, ці будуць вызваленыя будынкі і ці будзе здадзеная зброя. На сёньняшні дзень бачна, што сытуацыя на месцах не памянялася. Вядома, гэта было б вельмі добра і, магчыма, гэта прывяло б да зьмяншэньня напружанасьці паміж Украінай і Расеяй«.

— Зыходзячы з учорашніх заяваў Пуціна, ці будзе Расея імкнуцца адарваць ад Украіны тую частку, якую Пуцін называе «Наваросіяй?»

«Выглядае, што насамрэч апэтыты Крамля вялікія і што Расея будзе прэтэндаваць у той ці іншай форме. Расейская прапаганда не памянялася, іхныя памкненьні таксама не памяняліся. І сёньня выглядае, што Расея наўрад ці адмовіцца ад далейшай дэстабілізацыі Ўкраіны ці спробаў мець большы ўплыў, незалежна ў якой форме, на ўсходнія і паўднёвыя рэгіёны Ўкраіны».

— Прэм’ер Польшчы Туск паведаміў, што размаўляў з Лукашэнкам. Ці гэта прыкмета нейкага павароту ў стаўленьні да афіцыйнага Менску? І наагул, які разьлік на Лукашэнку?

— Лукашэнка заняў такую адмысловую пазыцыю па ўкраінскім крызісе. І тут выглядае, што Польшча праявіла ініцыятыву. Дзіўна, што афіцыйныя мэдыі Беларусі не зьвярнулі на гэта ўвагі. Выглядае, што для Польшчы, для Захаду важна, каб у нашым рэгіёне было лепшае разуменьне таго, што адбываецца ва Ўкраіне, і каб была нейкая агульная глеба. На гэтым фоне такі кантакт зь Беларусьсю, з Лукашэнкам — крок дзеля магчымага наладжваньня шырэйшага дыялёгу.

У выніку сустрэчы ў Жэнэве Ўкраіна — ЭЗ — ЗША — Расея дасягнулі шэрагу дамоўленасьцяў, сярод якіх: раззбраеньне незаконных фармаваньняў, вызваленьне захопленых будынкаў і плошчаў, амністыя пратэстоўцаў, арганізацыя ва Ўкраіне канстытуцыйнага працэсу з удзелам усіх рэгіёнаў і ўстрыманьне ўсіх бакоў канфлікту ад гвалту, запалохваньня і правакацыяў.

Дамоўленасьці таксама вызначылі асаблівую ролю місіі АБСЭ ў неадкладным выкананьні палажэньняў пагадненьня, накіраваных на дээскаляцыю сытуацыі ва Ўкраіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG