Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бальцаровіч навучыць беларусаў рэформам


Лешак Бальцэровіч
Лешак Бальцэровіч

Эканаміст і палітык, архітэктар эканамічных рэформаў у Польшчы Лешак Бальцаровіч сёньня ў Менску раскажа пра так званую шокавую тэрапію, альбо «Плян Бальцаровіча».

Менавіта Лешак Бальцаровіч у пачатку 1990-х гадоў пачаў структурную перабудову польскай эканомікі. На той час Польшча і Беларусь былі прыкладна ў аднолькавым становішчы. Польскія рэфарматары здолелі перавесьці сваю краіну ў рынкавую эканоміку. Беларусь дагэтуль будуе так званую сацыяльна арыентаваную краіну.

Лешак Бальцаровіч стане адным з удзельнікаў канфэрэнцыі «Праграма пераўтварэньняў для Беларусі: рэгіянальны досьвед і выклікі». Яе арганізуе рух «За Свабоду» ў рамках кампаніі «Народная праграма».

Чакаецца, што ў канфэрэнцыі таксама будзе ўдзельнічаць доктар эканамічных навук Эрык Тэрк. Ён быў намесьнікам міністра эканомікі Эстоніі (1989–1992), а цяпер зьяўляецца дырэктарам Эстонскага інстытуту дасьледаваньня будучыні.

Заяўлены як удзельнік і Ігар Барат, эканаміст і журналіст. Ён быў Упаўнаважаным ураду Славаччыны па пераходзе на эўра (2007–2009).

Яшчэ адзін выступоўца — Кястуціс Главяцкас, доктар эканамічных навук, прафэсар. Цяпер ён намесьнік старшыні Камітэту па бюджэце і фінансах парлямэнту Літвы.

На канфэрэнцыю запрошаныя прадстаўнікі Нацыянальнага банку Беларусі, Нацыянальнай акадэміі навук, Міністэрстваў эканомікі і фінансаў, а таксама незалежныя экспэрты — Станіслаў Багданкевіч, Сяргей Чалы, Аляксандар Чубрык, Міхал Залескі ды іншыя.

«Народная праграма» — гэта кампанія руху «За Свабоду» па выпрацоўцы канцэпцыі пераўтварэньняў у Беларусі з дапамогай экспэртнага і шырокага грамадзкага абмеркаваньня надзённых пытаньняў разьвіцьця краіны. Натуральна, рэфарматарскі досьвед суседніх краінаў і дзяржаў былога сацыялістычнага лягеру тут надзвычай важны. На чужых памылках вучацца, як вядома, таму гэтая канфэрэнцыя будзе карыснай.

«Напрацоўкі „Народнай праграмы“ даступныя для выкарыстаньня любымі палітычнымі і грамадзкімі сіламі. Гэта пазытыўная альтэрнатыва для нашай Беларусі. Яна тлумачыць людзям, што будзе ў розных галінах, калі настануць перамены: як зьменіцца жыцьцё, што станецца з эканомікай», — заявіў лідэр руху „За Свабоду“ Аляксандар Мілінкевіч.

Канфэрэнцыя адбудзецца ў пасольстве Вялікай Брытаніі ў Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG