Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СБУ: Кіраўнік дывэрсантаў у Славянску — афіцэр расейскага спэцназу


Служба бясьпекі Ўкраіны высьветліла асобу завадатара расейскай дывэрсійнай групы, якая тэрарызуе мясцовае насельніцтва, захоплівае адміністрацыйныя будынкі, дэстабілізуе грамадзка-палітычную сытуацыю ва ўсходніх абласьцях Украіны.

Як паведамілі УНІАН у прэсавым цэнтры СБУ, ім апынуўся грамадзянін Расеі, афіцэр спэцназу ГРУ генштабу Ўзброеных сіл Расеі Ігар Стралкоў.

Менавіта яго голас — на запісе тэлефоннай размовы з маскоўскім куратарам, апублікаваным у СМІ 14 красавіка, дзе ён дае справаздачу аб тэроры ў Славянску і расстрэле аўтамабіля з украінскімі праваахоўнікамі.

Падчас апэратыўна-сьледчых дзеяньняў затрыманыя раней супрацоўнікамі СБУ дывэрсанты ўказалі на Стралкова як чалавека, які прыцягваў іх і ставіў задачу захопліваць адміністратыўныя будынкі ў Харкаве.

Устаноўлена, што ў пачатку сакавіка ён прыбыў на тэрыторыю Крыма і каардынаваў захоп расейскімі вайскоўцамі і прадстаўнікамі спэцслужбаў РФ ваенных частак Узброеных сіл Украіны, мясцовых органаў улады і кіраваньня аўтаноміі, выкраданьне вайскоўцаў, актывістаў грамадзкіх арганізацыяў і іншых грамадзянаў Украіны і замежнікаў, якія знаходзіліся ў Крыме.

Акрамя гэтага, Стралкоў вярбуе грамадзянаў Украіны для далейшага выкарыстаньня ў арганізацыі і правядзеньня падрыўных акцыяў на тэрыторыі Ўкраіны.

Дывэрсант асабіста даваў указаньне грамадзянам Украіны захапіць і ўтрымліваць будынак Харкаўскай аблдзяржадміністрацыі, воінскія часткі і падразьдзяленьні праваахоўных органаў з мэтай авалоданьня зброяй у Луганскай вобласьці.

15 красавіка СБУ распачала крымінальную вытворчасьць па факце арганізацыі грамадзянінам РФ Стралковым наўмыснага забойства і дзеяньняў на шкоду сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасьці і недатыкальнасьці Ўкраіны, правядзеньні дывэрсійна-падрыўной дзейнасьці, а таксама арганізацыі масавых беспарадкаў на тэрыторыі ўсходніх рэгіёнаў Украіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG