Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыянэр МНПЗ: З нашым меркаваньнем улады ня лічацца


Мазырскі НПЗ
Мазырскі НПЗ

Беларускія ўлады чарговы раз спрабуюць прадаць інвэстарам акцыі Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу. Прычым, калі раней размова ішла пра ўсю дзяржаўную долю — 42,76 адсотка акцыяў, то цяпер толькі пра траціну. Рэпартаж з Гомельшчыны.

На продаж улады маюць выставіць наўпрост 17,76 адсотка акцыяў завода і 12 адсоткаў — праз выкуп бальшыні акцыяў у таварыства з абмежаванай адказнасьцю «МНПЗ плюс».

Згаданае таварыства заснавалі дзевятнаццаць гадоў таму рабочыя й спэцыялісты нафтаперапрацоўчага заводу, якія падчас прыватызацыі атрымалі акцыі свайго прадпрыемства.

Адказныя супрацоўнікі таварыства «МНПЗ плюс» ніяк не камэнтуюць новыя ўмовы продажу акцыяў:

«Калі вы хочаце канкрэтна штосьці даведацца, то можаце патэлефанаваць дырэктару. Але сёньня яго на месцы няма — дырэктар у нас у камандзіроўцы».

Акцыянэр Уладзімер, які шмат гадоў адпрацаваў на нафтаперапрацоўчым заводзе, кажа, што пра новыя ўмовы продажу акцыяў ведае з інтэрнэту. З мазырскімі трымальнікамі акцыяў цяпер ніхто нават ня раіцца, бо ў агульным пакеце яны маюць невялікую долю. Апрача таго, дзяржава даўно ўжо кіруе й бальшынёй акцыяў у таварыстве «МНПЗ плюс»:

«Бяз нас могуць усё прадаць, і нават разам з намі. Які я ўплыў маю — нуль цэлых, нуль, нуль тысячная працэнта. Ніхто нас не пытае, ніхто нас і ведаць ня хоча».

З голасам любога прыватнага ўладальніка акцыяў мала лічацца:

«Калі ты галасуеш супраць, альбо нават калі прыйдзе 200, 500, 1000 чалавек і будзе супраць, адзін іх перамагае, бо ў яго — 42 адсоткі акцыяў». Што будзе з нашымі акцыямі, паямі, што нам заплацяць, — ня ведаю. Ці, можа, наагул нічога не заплацяць? Маеце свае паі ў кішэні — ну і насіце іх. Будзем вам даваць па сто рублёў на пай — і ўсё».
Што будзе з нашымі акцыямі, паямі, што нам заплацяць, — ня ведаю. Ці, можа, наагул нічога не заплацяць?


Суразмоўца нагадвае, што па першым часе ён і ўсе іншыя акцыянэры, хто меў каля 300 акцыяў, атрымлівалі па выніках году па 300-400 даляраў дывідэндаў.

Калі дзяржава правяла дадатковую эмісію, і акцыі былі перааформленыя ў паі, колькасьць іх намінальна стала большай, а дывідэнды сталі сымбалічнымі:

«Цяпер нас апусьцілі даволі такі нізка — ніжэй за плінтус».

Дзяржава мае намер пакінуць у сябе 25 адсоткаў акцыяў МНПЗ, а дзяржаўную долю прадаць за 4 мільярды.

Пры гэтым інвэстару, які пераможа на конкурсе, прапануецца забясьпечыць цягам пяці гадоў вуглевадароднай сыравінай поўную загрузку магутнасьцяў і Мазырскага НПЗ, і наваполацкага «Нафтану», а таксама пабудаваць нафтаперапрацоўчы завод магутнасьцю 8 мільёнаў тон з тым, каб да 2020 году перапрацоўваць у Мазыры 20 мільёнаў тон нафты. Інвэстар мусіць захаваць таксама і існую цяпер на НПЗ колькасьць працаўнікоў зь цяперашнім сярэднямесячным заробкам.

Раней цікаваць да актываў Мазырскага НПЗ выяўляў кіраўнік «Раснафты» Ігар Сечын. Як будзе гэтым разам, пакуль невядома.

Расейская кампанія «Славнафта», уладальнікам якой зьяўляецца на паях і «Раснафта», і без таго валодае 42, 58 акцыяў Мазырскага НПЗ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG