Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 8 красавіка: Вызваленьне Аўтуховіча; дзень памяці Пабла Пікаса


Пабла Пікаса
Пабла Пікаса

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

8 красавіка заканчваецца тэрмін зьняволеньня прадпрымальніка з Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча, якога ў 2009 годзе Вярхоўны суд прызнаў вінаватым ў незаконным захоўваньні некалькіх патронаў ды асудзіў за гэта на 5 гадоў зьняволеньня.

У кнігарні «логвінаЎ» пройдзе прэзэнтацыя сьвежавыдадзенай манаграфіі доктара Юрыя Гардзеева «Цывільна-вайсковыя парадкавыя камісіі ў Вялікім Княстве Літоўскім у часы Чатырохгадовага сойму» з удзелам аўтара. На сустрэчы будуць таксама прадстаўленыя іншыя гістарычныя выданьні. Пачатак а 20.00.

У крэатыўнай прасторы «ЦЭХ» грамадзкая культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» праводзіць чацьвертую сустрэчу дыскусійнага цыклу «Культура паляпшае жыцьцё!». Тэма дыскусіі: «Культура будаваць прастору. Рэканструюем Менск». Пачатак а 19.00.

У беларускім тэатры «Лялька» ў Віцебску пройдзе спэктакль для дзяцей «Сунічкі для Веліканачкі». Пачатак а 10:30.

8 красавіка – Міжнародны дзень ромскай нацыі. Дзень быў устаноўлены на першым Сусьветным цыганскім кангрэсе, які адбыўся ў Лёндане 8 красавіка 1971 году і які сабраў прадстаўнікоў з 30 краінаў. Сёньня колькасьць цыганскага (ромскага) насельніцтва складае прыкладна 8-10 мільёнаў чалавек. Перапіс 2009 году ў Беларусі адзначыў пражываньне на яе тэрыторыі 7 тысяч цыганоў.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1525 – паводле дамовы, падпісанай у Кракаве, Тэўтонскі ордэн быў секулярызаваны і ператварыўся ў Прускае герцагства, якое прызнала васальную залежнасьць ад Польшчы.

1783 – выдадзены маніфэст Кацярыны II аб далучэньні Крыму да Расеі.

1904 – Вялікабрытанія і Францыя падпісалі пагадненьне аб Эгіпце, Марока і іншых каляніяльных уладаньнях, якое атрымала неафіцыйную назву «Сардэчная згода» (Антанта).

1924 – створаная Беларуская вайсковая акруга (існавала да 1992 г.).

1944 – пачатак Крымскай апэрацыі, у ходзе якой Крым быў вызвалены ад нямецка-румынскай акупацыі.

1956 – у Менску адкрыўся Беларускі дзяржаўны тэатар юнага гледача.

У гэты дзень нарадзіліся:

1929 – Жак Брэль, бэльгійска-францускі шансаніст, паэт, актор.

1938 – Кофі Анан, генэральны сакратар ААН (1997-2006), ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 2001 году.

У гэты дзень памерлі:

1922 – Эрык фон Фалькенгайн, нямецкі генэрал, вайсковы міністар Нямеччыны, начальнік генэральнага штабу Нямеччыны падчас Першай сусьветнай вайны.

1973 – Пабла Пікаса, гішпанскі мастак і скульптар, заснавальнік кубізму, у якім трохплоскаснае цела ў арыгінальнай манеры малявалася як шэраг сумешчаных разам плоскасьцяў.

1984 – Пётр Капіца, савецкі фізык, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 1978 году.

2013 – Маргарэт Тэтчэр, прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі ў 1979-1990 гадах.


ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

«Налі яшчэ адну
І потым паўтары.
А што сьлязу змахну,
Да сэрца не бяры.
Ўсё добра, мой стары,
Так добра, што ў труну…
Налі яшчэ адну,
Налі яшчэ адну».

Жак Брэль, зь верша «П’яніца» (пераклад Андрэя Хадановіча)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG