Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд за салідарнасьць з Украінай: Па пратаколе за кожны здымак


Праваабаронцы Уладзімер Хільмановіч, Раман Юргель і Віктар Сазонаў
Праваабаронцы Уладзімер Хільмановіч, Раман Юргель і Віктар Сазонаў

Віктара Сазонава, Уладзімера Хільмановіча і Рамана Юргеля аштрафавалі на 25 базавых велічынь (3 мільёны 375 тысяч рублёў). 25 сакавіка яны сфатаграфаваліся зь беларускай і ўкраінскай сымболікай у некалькіх гістарычных мясьцінах Горадні і зьмясьцілі гэтыя здымкі ў інтэрнэце.

Суд над праваабаронцамі адбываўся ў будынку Ленінскага РАУС, туды не дапусьцілі журналістаў. Віктар Сазонаў, які першым выйшаў з будынка РАУС, распавёў, што ўсіх траіх абвінавацілі ў правядзеньні несанкцыянаванага пікету, які выяўляўся ў тым, што «дэманстратыўна трымалі ў руках бел-чырвона-белы сьцяжок, сьцяжок Украіны і зь імі фатаграфаваліся».

Паводле Сазонава, на кожнага зь іх склалі па тры пратаколы за правядзеньне несанкцыянаваных акцый, фактычна за кожны здымак. Сьведчылі супраць іх міліцыянты, якія складалі пратаколы, але не прысутнічалі на так званых пікетах. Сазонаў спрабаваў высьветліць у сьведак — чаму яны палічылі гэта несанкцыянаваным пікетам?

Сазонаў: «Супрацоўнікі міліцыі казалі, што вы там трымаеце на здымках сымболіку ў руках. На што я яшчэ задаваў пытаньне: што я, як былы салдат войск ВДВ штогод выхожу ў гэты дзень на вуліцу ў форме, з сымболікай савецкай ВДВ, якая таксама ў нас нідзе не зарэгістравана, фатаграфуюся дзе хачу і ніхто мяне за гэта не затрымлівае. Але ўсё безвынікова».

Раман Юргель зьвяртае ўвагу на тое, што ў Горадні становіцца традыцыйным праводзіць суды над апазыцыянерамі не ў будынку суду, а ў РАУС. Ён бачыць у гэтым пэўную хітрасьць уладаў, паколькі яшчэ летась была прынята спэцыяльная пастанова старшыні Вярхоўнага суду пра тое, каб суды былі максымальна адкрытыя і на іх мелі магчымасьць прысутнічаць журналісты:

«На маю думку, дадзена ўжо такая ўстаноўка, каб ня трапілі на судовыя паседжаньні журналісты і каб не было розгаласу, публічнасьці пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі».

Уладзімер Хільмановіч кажа, што іх судзілі за абедзьве сымболікі: і за беларускую, і за украінскую, і гэта адчувалася:

«Але па сутнасьці я лічу гэта парушэньнем ня толькі нашых канстытуцыйных правоў, а нават своеасаблівай праявай этнацыду па нацыянальнай прыкмеце, калі прадстаўнікі карэннай нацыі ня могуць карыстацца сваёй гістарычнай сымболікай, якая нікім і нічым не забаронена. Тысячы людзей фатаграфуюцца з самай рознай сымболікай на вуліцах нашых гарадоў, але на іх не складаюць за гэта пратаколы, іх не выклікаюць у міліцыю і не засуджваюць да штрафаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG