Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Укрпошта»: Беларусь выкрасьліла Ўкраіну з гісторыі супольнай вайны

абноўлена

З сэрыі новых паштовых марак, якія анансаваліся як спэцвыпуск да 70-годзьдзя вызваленьня Беларусі, Украіны і Расеі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і нават былі выкладзеныя на сайце «Белпошты», Украіна раптам зьнікла. Цяпер філятэлістам прадстаўлены эскіз, на якім пазначаныя выключна Беларусь і Расея. Які і чаму гэта адбылося?

На сярэдзіну красавіка ў менскім Галоўпаштамце прызначаная прэзэнтацыя патрыятычнай сэрыі марак, прысьвечанай вызваленьню Беларусі. Адпачатку выпуск юбілейнай прадукцыі пазыцыянаваўся як супольны праект трох былых савецкіх рэспублік, якія найбольш пацярпелі ў вайну. Аднак прадстаўлены на сайце канчатковы варыянт стаў не «трохмерным», а беларуска-расейскім. Ад 25 сакавіка толькі ў Менску і Маскве згадваюць, што калісьці цярпелі ад фашысцкага нашэсьця. Кіеў у сьпісах ня значыцца.

Спробы высьветліць у офісе прадпрыемства «Белпошта» акалічнасьці такой зьмены асаблівага плёну ня мелі — там ужо звыкла параілі накіраваць факс з выкладзенымі пытаньнямі на імя кіраўніцтва, пасьля чаго адмыслова навучаны спэцыяліст возьмецца за распрацоўку праблемы. Як паказвае практыка, хутка такія справы ня робяцца.

А вось «Пошта Ўкраіны» аказалася больш адкрытаю. Яе прадстаўніца Сьвятлана Ткачэнка апавяла Свабодзе, што выпадзеньне ўкраінскага боку з сумеснага праекту стала для іх непрыемнай навіной:

«Так, я ведаю гэтую гісторыю. Гэта аднабаковае рашэньне Беларусі, таму мы зараз рыхтуем афіцыйны адказ. Сёньня якраз тэлефанавалі з амбасады Ўкраіны ў Менску, таксама задавалі такое пытаньне. Але, яшчэ раз паўтараю, гэта рашэньне беларускага боку, яны выкрасьлілі Ўкраіну з агульнага сьпісу. Цяпер, наколькі я разумею, ва Ўкраіны будзе свой выпуск. Зараз наш Дэпартамэнт філятэліі афіцыйна рыхтуе інфармацыю і мы тады разьмесьцім яе на нашым сайце і ў сацыяльных сетках. Таму што, шчыра кажучы, мы ўчора гэтую навіну дазналіся толькі з сацсетак і вось сёньня гэтае пытаньне ўзьнялі».
Дызайн маркі з Украінай і без
Дызайн маркі з Украінай і без

Краязнаўца, дасьледчык падзеяў вайны і рэпрэсіяў на тэрыторыі Беларусі Віктар Хурсік лічыць, што сама па сабе пастаноўка тэмы пра юбілеі вызваленьня асобных рэспублік — некарэктная. Паводле ягоных словаў, у 1940-я гаворка ішла агулам пра Савецкі Саюз, а гаварыць, што Расею і Беларусь вызвалялі асобна ад усіх іншых — супярэчыць гістарычнай праўдзе:
Віктар Хурсік
Віктар Хурсік
«У нас усё неяк скажона, што з вайной зьвязана. Чаму гэтыя ініцыятары, паштавікі ці то ў Беларусі, ці то ў Расеі, не напісалі, што сапраўды вызвалялася? Вызвалялася тэрыторыя Савецкага Саюзу. Бо з гэтай сытуацыі выходзіць, што Беларусь з Расеяй вызвалілі, а Ўкраіна дагэтуль засталася пад нямецкай акупацыяй. Перш за ўсё я сканцэнтраваў бы ўвагу на тым, што гэта гістарычная хлусьня. Так нельга пісаць у адносінах да былога СССР, што нейкія рэспублікі вызваліліся, а нейкія невядома як і што. Дый нават не рэспублікі, размова ж ідзе пра сучасныя дзяржавы. Там жа не напісана, што гэта савецкія рэспублікі — РСФСР і БССР. На марцы такога ж няма. Ну, дык гэта гістарычная хлусьня. А вызначыць, калі вызваленая Расея, увогуле немагчыма з гістарычнага пункту гледжаньня. Размова можа ісьці толькі пра тэрыторыю СССР і савецкія рэспублікі, якія былі ў яго складзе. Бо гэта тое ж самае, што казаць пра вызваленьне Беларусі ад напалеонаўскіх войскаў».

Нягледзячы на тое, што ў другой палове дня афіцыйны адказ «Укрпошты» на дэмарш Беларусі быў гатовы, прадстаўніца прадпрыемства Сьвятлана Ткачэнка сказала: пакуль не пастаўленая канчатковая віза ў вышэйшых інстанцыях, яна ня можа даваць камэнтары, якія тычацца спраў міжнароднай важнасьці. Пры гэтым, праўда, удакладніла, што ёсьць запыт Асацыяцыі філятэлістаў Украіны пра выхад з сумеснага праекту, прысьвечанага 70-гадоваму юбілею вызваленьня ад нямецка-фашысцкіх войскаў.

Пазьней «Укрпошта» даслала такі ліст:

«У 2013 годзе паштовыя адміністрацыі Ўкраіны, Расеі, Беларусі папярэдне дамовіліся аб ажыцьцяўленьні ў 2014 годзе сумеснага выпуску паштовых марак, прысьвечаных 70-годзьдзю вызваленьня тэрыторый краін ад фашысцкіх захопнікаў. Эскіз паштовага блёка быў прапанаваны Ўкраіне і Беларусі расейскім бокам. Пытаньне аб зьнікненьні ў надпісе беларускага блёка слова „Украіна“ не адносіцца да кампэтэнцыі ўкраінскага паштовага апэратара».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG