Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць фактаў пра Сашка Белага


У Роўна забіты Аляксандар Музычка, больш вядомы як Сашко Белы — каардынатар «Правага сэктару» ў Заходнім рэгіёне. Пяць фактаў пра гэтую супярэчлівую фігуру згадваюць ва ўкраінскіх СМІ.



1. Сашко Белы нарадзіўся ў 1962 годзе ў Пермскай вобласьці Расеі. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у Расею яго бацькоў выслалі за ўдзел у нацыянальна-вызвольнай барацьбе. Пазьней сям’я Музычкі вярнулася ў Роўна.

2. Пасьля службы ў Аўганістане Музычка стварыў першую нацыяналістычную арганізацыю ў Роўне — Зьвяз незалежнай украінскай моладзі, затым партыю «Ўкраінская нацыянальная асамблея», а пасьля путчу ГКЧП — атрады УНСО (Украінскай народнай самаабароны). Ад 2013 году быў каардынатарам «Правага сэктару» ў заходніх абласьцях Украіны. Браў актыўны ўдзел у Эўрамайдане і фармаваньні самаабароны Майдана.

3. У першую чачэнскую вайну 1994 году Белы камандаваў атрадам «Вікінг» УНА-УНСО, які нібыта ваяваў у складзе падразьдзяленьня палявога камандзіра Шаміля Басаева, а таксама быў у асабістай ахове Джахара Дудаева. Менавіта тады ён атрымаў мянушку «Белы».

Музычка стаў адным з трох украінскіх нацыяналістаў, у чый гонар былі названыя вуліцы Грознага. Таксама Сашко атрымаў ордэн «Герой Нацыі» асабіста ад прэзыдэнта Чачэнскай рэспублікі Джахара Дудаева.

4. Пасьля гібелі Дудаева Сашко вярнуўся ва Ўкраіну, заняўся бізнэсам. Ня раз яго абвінавачвалі паводле крымінальных артыкулаў (прычыненьне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, вымагальніцтва). У 1995 годзе Музычка зьбіў наведніка ровенскай кавярні, заведзеную на яго справу спынілі. Таксама яго абвінавачваюць у замаху на другога сябра УНА-УНСО — Алега Беса.

У 1999 годзе Музычка ў складзе злачыннай групы выкраў у Роўне мясцовага бізнэсмэна, патрабуючы ад яго 1000 даляраў. Музычка і ягоныя хаўрусьнікі ўтрымлівалі і білі яго, пакуль у канцы дня іх не арыштавала міліцыя. У студзені 2003 году па гэтай справе Белы быў асуджаны на тры з паловай гады зьняволеньня.

У лютым 2014 году Музычка стаў вядомы на ўсю краіну, калі прыйшоў да пракурора Ровенскай райпракуратуры са зброяй, словамі прынізіў яго і ўдарыў. Таксама Музычка абяцаў павесіць міністра ўнутраных спраў Украіны Арсена Авакава «як сабаку».

Сьледчы камітэт Расеі пачаў супраць Белага крымінальную справу паводле абвінавачаньня ў бандытызьме адносна расейскіх вайскоўцаў падчас падзеяў у Чачні ў 90-я гады. Паводле афіцыйнага прадстаўніка СКР, Музычка «зьдзейсьніў забойства ня менш як 20 палонных вайскоўцаў фэдэральных сіл».

5. У ноч на 25 сакавіка 2014 году Сашко Белы быў забіты ў кавярні «Тры карасі» каля Роўна падчас спэцапэрацыі па затрыманьні ягонага бандфармаваньня. Пра гэта паведаміў першы намесьнік міністра ўнутраных спраў Украіны Ўладзімер Еўдакімаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG