Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На хвалі Свабоды: Год 1959


Гістарычны цыкль паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных 50-годзьдзю Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004 гадах.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:08 0:00
Наўпроставы лінк


Сыгнал, які вы толькі што пачулі, пачаў гучаць на нашых хвалях ад 1959 году. У гэтым годзе адбыліся істотныя перамены ў палітыцы радыё, што сярод іншага выявілася і ў зьмене назову. Дынамічнае і наступальнае паняцьце Вызваленьне ў назове радыё саступіла месца больш статычнаму і абстрактнаму паняцьцю Свабода. Пра тое, як гэта адбылося, распавядае вэтэран нашага радыё Ян Запруднік:

«Пасьля гэтых рэвалюцыяў 1956 году і Вашынгтон, і Масква прыйшлі да перакананьня, што гэтыя канфрантацыі небясьпечныя, бо ў абедзьвюх дзяржаваў была ядзерная зброя. І ў рэшце рэштаў пасьля недзе 1958-59 году прыйшлі да перакананьня, што трэба пераходзіць з канфрантацыі да гэтак званага «мірнага суіснаваньня». Ніксан паехаў у Маскву. Хрушчоў прыехаў у Нью-Ёрк, у Злучаныя Штаты, пазнаёміўся тут зь сельскай гаспадаркай Амэрыкі. На генэральныя асамблеі прыяжджаў быў Мікаян, Казлоў — старшыня прэзыдыюму Вярхоўнага савету БССР.
Словам, далей атмасфэра палагаднела, і пастулят мірнага суіснаваньня вымагаў зьмяншэньня крышку эмацыйнага ўзроўню, якім адзначаліся перадачы Радыё Вызваленьне. Фразэалёгія была даволі эмацыянальнай, моцнай, у сэнсе абвінавачаньняў рэжыму і гэтак далей. Выразы «чырвоная дыктатура», «крамлёўскія маньякі» і гэтак далей сталіся неактуальнымі, і такім парадкам Радыё Вызваленьне сталася Радыё Свабода.

Я памятаю, як мне часта даводзілася зьніжаць тон сваіх рэпартажаў пасьля заўвагаў асобы, якой я чытаў свае рэпартажы, перад тым як начытваць. Густаў Бурбель быў загадчыкам аддзелу беларуска-украінскага і турка-каўкаскага. Мне даводзілася чытаць яму свае рэпартажы. Ён часта казаў: «Спакайней-спакайней. Нашто ўсе гэтыя гарачыя пачуцьці. Чым больш спакайней будзеш гаварыць, тым больш пераконліва гэта будзе гучэць. І ў рэшце рэштаў нельга было зь ім не згадзіцца. Пасьля я сам быў у такой самай ролі ў дачыненьні да іншых вольных супрацоўнікаў зь беларускай праграмы.

А так, наагул, пэрыяд мірнага суіснаваньня — гэта быў пэрыяд канкурэнцыі ідэяў. І, безумоўная рэч, трэба было карыстацца матэрыялам, абапёртым на факты, на дакумэнты, і старацца як мага спакайней гэта падаваць. Наколькі гэта ўдавалася нам, я думаю, можна меркаваць з рэакцыі савецкага боку, паводле афіцыйнай рэакцыі тых усіх фэльетонаў, абвінавачвальных артыкулаў у наш адрас. Мы гэта ўсё ўспрымалі як довад таго, што ўсё ж эфэктыўнасьць нашых перадачаў была бясспрэчная».

Аўтэнтычны эфір 1959 году. Гучыць фрагмэнт гутаркі з прадстаўніком амэрыканскай беларускай моладзі Юркам Станкевічам:
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:45 0:00
Наўпроставы лінк


***
Год 1959 у сьвеце

Палітыка

Кубінскі прэзыдэнт Батыста адмаўляецца ад пасады і ўцякае з краіны, да ўлады прыходзіць Фідэль Кастра. — Тыбэцкі Далай-лама ўцякае ў Індыю. — Савецкі кіраўнік Мікіта Хрушчоў наведвае Злучаныя Штаты і сустракаецца ў Кэмп-Дэйвідзе з прэзыдэнтам Эйзэнхаўэрам. — Вялікая Брытанія прызнае незалежнасьць Кіпру. — Аляска і Гаваі становяцца 49-м і 50-м штатамі ЗША.

Літаратура

Нобэлеўская прэмія прысуджаная італьянскаму паэту Сальваторэ Квазімода. Выходзяць раманы «Голы сьняданак» Уільяма Бэраўза, «Бывай, Калюмб» Філіпа Рота, «Зазі ў мэтро» Рэймона Кено.

Папулярная музыка

Упершыню адбылася цырымонія прэміяў «Grammy» — песьняй году становіцца «Nel Blu Dipinto di Blu» (Volare) ў выкананьні Домэніко Модуньё i «Mack the Knife» Бобі Дарына.

***

А зараз — працяг успамінаў Яна Запрудніка. Ён распавядзе пра адну з самых яскравых падзеяў 1959 году — візыт савецкага кіраўніка Хрушчова ў Злучаныя Штаты:

«Вялікай падзеяй быў безумоўна прыезд Мікіты Хрушчова на Генэральную асамблею ў суправаджэньні такіх асобаў як Андрэй Грамыка, міністар замежных справаў. Гэта быў, як той казаў, цырк на высокім дроце. Найбольш памятным, як кожнаму гэта бадай вядома, было выступленьне Хрушчова на Генэральнай асамблеі ААН. Мы тады былі прыкаваныя да тэлевізійнага экрану, сачылі за кожным рухам гэтага найвышэйшага прадстаўніка Савецкага Саюзу. Безумоўная рэч, ува ўсіх адкрыўся рот, і вочы ледзь не на лоб выскачылі, калі ён зьняў чаравік і пачаў ім стукаць.
Мікіта Хрушчоў п'е пэпсі-колу пад наглядам віцэ-прэзыдэнта ЗША Рычарда Ніксана, 1959
Мікіта Хрушчоў п'е пэпсі-колу пад наглядам віцэ-прэзыдэнта ЗША Рычарда Ніксана, 1959
Грамыка, як вельмі выразна памятаю, сядзеў каля яго, побач зь ім. І, відаць, нават напэўна, ён не спадзяваўся такога жэсту свайго лідэра. І была такая паўза. Нейкая такая зьбянтэжанасьць. Ён ня ведаў, як на гэта рэагаваць. Але даволі хутка зарыентаваўся і зь усьмешкаю, так, робячы жарт з усяго гэтага, стараючыся абярнуць усё гэта ў жарт, пачаў двума кулакамі стукаць таксама па стале. Безумоўная рэч, салідарнасьць ён мусіў выявіць. Бо можна сабе ўявіць, што было б, калі б Грамыка ўстрымаўся ад нейкае дэманстрацыі. То безумоўна гэта быў бы ціхі пратэст. Уся гэтая сцэна трывала даволі доўга, параўнальна доўга. Такім парадкам Хрушчоў увайшоў у гісторыю савецка-амэрыканскіх і савецка-сусьветных дачыненьняў.

Памятаецца таксама выступленьне Грамыкі на Генэральнай асамблеі. Я ніколі перад гэтым ня чуў ягонага вымаўленьня, такога выразна беларускага. І ў мяне гэта засталося запісаным на стужцы. Калі ён гаварыў пра танкі і самалёты ў родным склоне, гаворачы па-расейску, у яго выходзіла „танкаў“ і „самалётаў“. Мне тады выразна стала, што Грамыка (што б там ні казалі: расеец ён ці не расеец) па сваім вымаўленьні быў выразным гомельскім беларусам».

Нагадаю, наш сёньняшні госьць — вэтэран Беларускай Свабоды Ян Запруднік, які выступаў на нашых хвалях пад псэўданімам Арсень Загорны. На жаль рэпартажоў Арсеня Загорнага з сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН у нашых архівах не засталося. З аўтэнтычнага эфіру 1959 году прапануем паслухаць гутарку з паэткай Натальляй Арсеньневай...
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:44 0:00
Наўпроставы лінк


***
1959 ГОД У БЕЛАРУСІ

• У Менску адкрыўся Дзяржаўны цырк Беларусі.
• Заснаваны Саюз Журналістаў.
• У Менску адкрыты помнік Марату Казею і літаратурны музэй Якуба Коласа.
• Паводле вынікаў перапісу, у Беларусі зарэгістравана 8 мільёнаў 054 тысячы 648 чалавек.

А зараз паслухаем — што гучала на хвалях менскага радыё ў 1959 годзе. Эстрадная музыка працягвала разьвівацца ў традыцыйным акадэмічна-народным рэчышчы — цяжка паверыць, што ў тым самым часе недзе грымеў рок-н-рол, або калыхалася на цёплых хвалях боса-нова. Вось што замест Элвіса Прэсьлі маглі чуць беларускія слухачы:
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:04 0:00
Наўпроставы лінк


Аднак беларусы не замыкаліся ў сваёй местачковасьці — пачаліся шырэйшыя культурныя кантакты са сьветам, хоць і ў жорсткіх рамках ідэалягічнай пільнасьці. Вось, прыкладам, група савецкіх пісьменьнікаў пабывала ў далёкай Аргентыне, сярод іх быў драматург і сцэнарыст Кастусь Губарэвіч:
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:26 0:00
Наўпроставы лінк


***

А зараз мы вяртаемся зноў да ўспамінаў. Ян Запруднік распавядае пра савецкую выставу ў Нью-Ёрку і пра першыя кантакты з прадстаўнікамі Савецкай Беларусі...
Вітаўт Кіпель і Ян Запруднік, Нью-Ёрк, 1960-я
Вітаўт Кіпель і Ян Запруднік, Нью-Ёрк, 1960-я
«У 1959 годзе была савецкая выстаўка, недзе ў ліпені. Таксама для нас гэта была вялікая падзея, у сэнсе жывога кантакту. Бо гэта быў 1959 год, гадоў 14-15 ўжо, як мы пакінулі Бацькаўшчыну, і сустрэча з жывымі людзьмі надавала значэньне ў сэнсе кантакту з тым сьветам, зь якім мы прабавалі камунікавацца праз радыёхвалі. Але выстаўка вялікага ўражаньня не зрабіла на нас, у сэнсе азнаямленьня зь Беларусьсю. Бо гэтая Беларусь — яна была... там стаяў трактар „Беларусь“, там яшчэ пару машынаў, і так яна не была выдзеленая на гэтулькі, на колькі самая гэтая рэспубліка была выдзеленая на картах, у сваёй канстытуцыі была выдзеленая з гэтай савецкай фэдэрацыі. У нас было такое моцнае расчараваньне, што мы не пабачылі тае савецкай Беларусі, якую мы сабе ўяўлялі, у сэнсе раўнапраўнага члена сям’і савецкіх народаў».

I на заканчэньне — зноў наш архіў: фрагмэнт карэспандэнцыі Арсеня Загорнага — Яна Запрудніка, прысьвечанай згаданай толькі што савецкай выставе 1959 году.
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:24 0:00
Наўпроставы лінк
На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG