Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіча сьвядома катуюць — актывістка


Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч паведаміў пра пагаршэньне стану здароўя ў сувязі з горшымі ўмовамі ўтрыманьня.

Трывожную інфармацыю атрымалі сябры ад Мікалая Аўтуховіча, палітвязьня гарадзенскай турмы. Кажа грамадзкая актывістка Вольга Мікалайчык, якая лістуецца з Аўтуховічам і апякуецца ягоным здароўем.

«Крыніцы з гарадзенскай турмы паведамілі, што ад Мікалая літаральна заўчора атрымалі наступную інфармацыю. Што ў яго рэзка пагоршыўся стан здароўя, што рэзка пагоршыліся ўмовы ўтрыманьня. У ягонай камэры невыносная цьвіль, невыносная вільгаць і пры гэтым задуха. Паведаміў, што ў яго вельмі моцна пачалі балець рукі. Нават калі бярэ ў руку кубак ці лыжку. І ўвогуле вельмі кепска пачаў сябе адчуваць. І ён сам прасіў гэта агучыць ў мэдыях. А калі ўжо Мікалай прасіў паведаміць, што ў яго пагоршыўся стан здароўя, то гэта дакладна, бо ён звычайна да апошняга кажа, што ўсё нібыта нармальна. Вось такая інфармацыя, таму я адразу патэлефанавала на «Свабоду».

Мікалай Аўтуховіч 8 красавіка мусіць выйсьці на волю пасьля 5 гадоў і 2 месяцаў зьняволеньня. Вольга Мікалайчык не выключае, што сытуацыя з пагаршэньнем здароўя палітвязьня створаная штучна.

«Ня ведаю, што там з праветрываньнем памяшканьня, ня ведаю, што з прагулкамі, але калі ў камэры на сьценах грыбок, а дэзынфэкцыю ня робяць, калі задуха, магчыма, чалавек просіць, каб перавялі ў іншую камэру, і зноў бяз выніку, то атрымліваецца, што яго сьвядома катуюць. Магчыма, каб на волі нічым іншым не займаўся, як толькі выпраўляў здароўе».

Мікалай Аўтуховіч за час зьняволеньня некалькі разоў трымаў працяглыя галадоўкі, якія, паводле лекараў, адбіліся на ягоным здароўі. У тым ліку ў палітвязьня хворыя зубы, але яму гэтак і не аказалі патрэбную дапамогу. Два гады таму Мікалая Аўтуховіча перавялі з Івацэвіцкай калёніі ў Гарадзенскую турму як злоснага парушальніка рэжыму, дзе трымаюць у адзіночнай камэры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG