Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Татарская карта Масквы


Рым Гільфанаў
Рым Гільфанаў

Урад Татарстану — рэспублікі ў складзе Расеі — тэрміновае распрацоўвае меры супрацоўніцтва з крымскімі татарамі.

У выпадку станоўчага рашэньня на рэфэрэндуме пра далучэньне Крыму да Расеі Масква абяцае крымскім татарам вялікія прэфэрэнцыі — статус нацыянальна-культурнай аўтаноміі, павелічэньне прадстаўніцтва ў органах улады, падтрымку мовы і культуры, аднаўленьне гістарычных помнікаў. Чаму Крэмль зьмяніў сваю гістарычную тактыку адносна крымскіх татараў — ад іх дэпартацыі з Крыму ў 1944-м да абяцаньняў усебаковай падтрымкі ў 2014-м? Пра гэта мы гаворым з дырэктарам Татара-башкірскай службы Радыё Свабода Рымам Гільфанавым.

Радыё Свабода: Рым, што аб’ядноўвае і адрозьнівае татараў Расеі і Крыму?

Рым Гільфанаў: І казанскія татары, і крымскія, і астраханскія, і сібірскія — усе яны выхадцы з Залатой Арды, татарскіх ханстваў, якія ўтварыліся пасьля яе распаду. Пазьней, у часы нацыянальнага адраджэньня ва ўмовах Расейскай імпэрыі хоць яны і жылі адасоблена — хто ў Крыме, хто на Волзе, хто ў Астрахані — была магчымасьць стварыць нешта агульнанацыянальнае, агульнацюркскае: іх аб’ядноўвала рэлігія, самасьвядомасьць, мова. Але прытым яны яшчэ не называлі сябе татарамі, але мусульманамі, расейскімі мусульманамі. Пасьля бальшавіцкай рэвалюцыі разьвіцьцё пайшло іншым шляхам. Як вядома, каб перамагчы, бальшавікі прапанавалі ўсім народам магчымасьць самавызначэньня, кожная група гэтым скарысталася. Так, спачатку стварылі аўтаномію башкіры, потым татары казанскія, крымскія. У іх былі свае асаблівасьці разьвіцьця, мовы і цяпер, калі татараў крымскіх параўноўваюць ці блытаюць з казанскімі, то яны гэтага не ўспрымаюць, яны падкрэсьліваюць, што яны менавіта крымскія татары.

РС: Ці мелі гэтыя розныя групы татар, пра якія вы згадалі, нейкую канкурэнцыю, спрэчкі, або заўсёды адчувалі свае роднасныя сувязі?

РГ: Найбольш гэта роднаснасьць праяўлялася, калі крымскіх татараў выселілі ў Сярэднюю Азію, там ужо была даволі вялікая абшчына казанскіх татар. Але савецкая ўлада рабіла ўсё, каб сьвядома проціпаставіць казанскіх крымскім, напрыклад, былі такія выпадкі, калі крымскіх татар дэпартавалі, камэндантамі ў лягерах ставілі казанскіх. І гэта, вядома, адбілася на ўзаемаадносінах гэтых дзьвюх груп.

РС: А ці мае цяперашняя Казань палітычны ўплыў на крымска-татарскую супольнасьць?

РГ: Практычна нулявое. Да гэтага моманту ўсіх 20 гадоў пасьля перабудовы і развалу Савецкага Саюзу расейскае кіраўніцтва рабіла ўсё, каб кантактаў паміж казанскімі і крымскімі татарамі не было. Чаму, напрыклад, ні Меніханаў не сустракаўся з крымскімі татарамі, ні да гэтага Шайміеў (цяперашні і папярэдні прэзыдэнты Татарстану — Рэд.) не сустракаўся? На ўзроўні нейкіх самадзейных групаў, Кангрэсу татар, грамадзкіх арганізацый сувязі былі, але афіцыйна Масква ўсяляк працівілася, таму што крымскія татары былі заўсёды антырасейскімі з-за таго, што ў іх быў нэгатыўны досьвед жыцьця ў савецкай дзяржаве. Крымскія татары заўсёды выступалі за тое, каб Крым заставаўся з Украінай. Яны думалі і дасюль думаюць, што ў межах Украіны ім будзе лягчэй змагацца за свае правы карэннага народу. Менавіта таму Масква крымскіх татар успрымала практычна варожай групоўкай.

РС: Ці можа быць пасьпяховай цяперашняя тактыка Масквы, якая з аднаго боку абяцае крымскім татарам небывалыя прэфэрэнцыі ў складзе Расеі, а з другога — падштурхоўвае сваіх казанскіх татар, каб адыгрывалі тут пасярэдніцкую ролю?

РГ: Абяцаньні Масквы паказваюць, што яна зацікаўленая прыхапіць Крым і гатовая на такія саступкі. Гэта тым больш выразна бачна на фоне таго, што ўкраінскі бок практычна нічога ня робіць, не абяцае. Масква прапануе ім афіцыйны статус татарскай мовы, міністэрскія пасады, гарантыі вяртаньня і нават фінансавую дапамогу ў будаўніцтве і ва ўладкаваньні. Кіеў павінен на гэтым фоне таксама нешта казаць, нешта абяцаць татарам, бо ён бачыць, што яны выступаюць за тое, каб Крым застаўся з Украінай. Таму, як бы дзіўна гэта ні гучала, у Масквы ёсьць шанцы.

Што да пасярэдніцтва Казані. Тут асаблівай блізкасьці з крымчанамі ў яе практычна няма, але відавочна Пуцін спадзяецца на Казань, якая прызнае «белага цара», якая больш-менш пасьпяхова разьвіваецца, ён спадзяецца на працаздольнасьць, на талент прэзыдэнта Татарстану Рустама Меніханава. У нас ёсьць такая катэгорыя служылыя татары, вядомая яшчэ ад царскіх часоў. Калі Расея заваёўвала тэрыторыі на Ўсходзе, яна выкарыстоўвала і як перакладчыкаў, і як паслоў менавіта татар казанскіх. Дык вось гэтыя служылыя татары праяўляюць запал і дасягаюць посьпехаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG