Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзь Яроменак: Статус палітвязьня дапамагаў вырашаць бытавыя праблемы


Уладзь Яроменак выходзіць на волю
Уладзь Яроменак выходзіць на волю

Раніцай 11 сакавіка з Баранавіцкага арыштнага дому вызваліўся палітвязень, маладафронтавец Уладзь Яроменак, адбыўшы 3 месяцы няволі за парушэньне правілаў прэвэнтыўнага нагляду.

Уладзя Яроменка вызвалілі а 8 раніцы, як ён сказаў, «па-хуткаму», хоць звычайна вязьняў вызваляюць апоўдні, пасьля працяглых працэдураў. Былога палітвязьня каля ўваходу ў 6-ты сьледчы ізалятар, дзе месьціцца баранавіцкі арыштны дом, сустракалі цяжарная жонка Валянціна, сябры «Маладога фронту», іншых грамадзкіх арганізацый, журналісты.

Выйшаўшы з турмы, Уладзь зазначыў Свабодзе, што адміністрацыя да яго ставілася нармальна. Былі зафіксаваныя два парушэньні зь ягонага боку, але ў штрафны ізалятар за гэта не накіроўвалі, хоць маглі. Яроменак згадаў, што пісаў шмат скаргаў і на некаторыя зь іх адміністрацыя рэагавала даволі хутка.

Паводле Ўладзя Яроменка, разам зь ім у баранавіцкім арыштным доме ў асноўным сядзелі людзі, якім прысудзілі прымусовае лячэньне ад алькагалізму. Сярод сукамэрнікаў некаторыя цікавіліся лёсам Уладзя Яроменка і тым, чаму ўлады яго перасьледуюць. Але большасьць, прызнае былы палітвязень, палітычныя пытаньні сьвядома абмінаюць.

«Пасьля адседкі яны ў асноўным пабягуць альбо ў краму, альбо ў аптэку па лекавыя настойкі са сьпіртам», — прагназуе Ўладзь Яроменак.
Вызваленьне Ўладзя Яроменка
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:34 0:00

Пра стаўленьне супрацоўнікаў адміністрацыі да ягонай палітычнай актыўнасьці на волі Ўладзь сказаў, што нефармальны статус палітвязьня нават дапамагаў вырашаць некаторыя бытавыя праблемы:

«Гэта адчувалася хаця б па тым, што прадстаўнікі адміністрацыі прыходзілі і рэагавалі на мае скаргі. Яшчэ ў мяне быў дадатковы цэнзар — гэта намесьнік начальніка па апэратыўнай працы, такі маёр Хітрык. Але збольшага ў іх была такая пазыцыя: не чапай нас, і мы цябе чапаць ня будзем».

Уладзь Яроменак скрытыкаваў харчаваньне ў арыштным доме ў Баранавічах за недахоп садавіны, гародніны і ўвогуле малую разнастайнасьць ежы. Але больш за ўсё ў яго нараканьняў на мэдычнае абслугоўваньне вязьняў. Такі прыклад зь ягонага досьведу:
У камэры было вельмі цёмна, і ў мяне адчувальна падсеў зрок

«У камэры было вельмі цёмна, і ў мяне адчувальна падсеў зрок. Асьвятленьне потым паправілі, але толькі пасьля таго, як прыехала праверка з Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў і адзначыла недахопы. За гэты час я зьвяртаўся да мэдыкаў па дапамогу. Нічога. А паводле правілаў, калі ня могуць аказаць дапамогу на месцы, то мусяць выклікаць адмыслоўца з волі. Але гэтага не рабілася і ня робіцца. З-за гэтага я атрымаў пакараньне, бо працягваў чытаць на другім паверсе ложкаў, што цалкам забаронена».

На пытаньне, ці будзе працягваць палітычную дзейнасьць, Уладзь не адказаў, зазначыўшы, што будзе вырашаць гэта зь сям’ёю, але сваіх палітычных перакананьняў ён не зьмяніў.

Уладзь Яроменак знаёмы з падзеямі ва Ўкраіне, але навіны адтуль да яго даходзілі з тыднёвым спазьненьнем. У прыватнасьці, ён у курсе, што рэжым Януковіча зрынуты і былы прэзыдэнт уцёк з Украіны.

Яроменак падзякаваў усім, хто пісаў яму. Ён атрымліваў сотні лістоў з волі, а таксама незалежныя газэты «Новы час і «Свободные новости», якія людзі яму дасылалі поштаю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG