Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярцінскі: Рыгор будзе годна прыняты на нябеснай Бацькаўшчыне


Belarus – Anatol Vyartsinski, poet, Minsk, May2013
Belarus – Anatol Vyartsinski, poet, Minsk, May2013

Літаратар Анатоль Вярцінскі расказвае, што яшчэ сёньня ўдзень перачытваў апошнія вершы Рыгора Барадуліна, не падазраючы, што ўвечары давядзецца гаварыць пра вялікага паэта ў мінулым часе:

«Усе мы ведаем, што сьмерць ідзе заўсёды поруч з жыцьцём, ведаем, што ўсе мы сьмяротныя. І тым ня менш, кожны раз мы зьдзіўляемся яе зьяўленьню, ня можам зь ёй зьмірыцца. Вось якое супадзеньне. Літаральна за гадзіну да таго, як я даведаўся, што не стала Рыгора Барадуліна, я чытаў яго вершы, зьмешчаныя ў апошнім нумары „Літаратурнай Беларусі“. Каб ня быць галаслоўным, не магу не зьвярнуцца да іх. Па-сутнасьці, Рыгор ня толькі нешта прадчуваў. І ня дзіва: ён быў цяжка хворы, адпаведна, і падборка вершаў называлася „Чысты боль“. Ён зьведаў боль, піша пра боль. І вось як ён гаворыць пра гэтае прадчуваньне, пра гэты боль: „Як дома, я даўно на гэтым сьвеце, ня дужа-ткі сьпяшаюся на той... І я як дома. А як на тым — дагэтуль невядома...“

Магу з упэўненасьцю гаварыць, што Рыгор Барадулін словам сваім служыў Бацькаўшчыне. Гэта той выпадак, калі адначасова служыў ён слову і гэтым сваім словам служыў Бацькаўшчыне. І трэба думаць, што на тым сьвеце, пра які ён гаворыць, у які ён унутрана, як мы бачым, ужо зьбіраўся, ён будзе адпаведным чынам прыняты на Бацькаўшчыне нябеснай. Ягоная самая апошняя публікацыя заканчваецца зваротам да Бога, да, як ён кажа, Утрымцы Ўсяіснага. Ён просіць дазволу ня толькі затрымацца на гэтай Зямлі, а яшчэ просіць, каб адпусьцілі на волю ягоную збалелую душу. Збалелую фізычна і, трэба думаць, збалелую маральна, духоўна. Бывай, Рыгор...»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG