Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 27 лютага: Чэмпіянат Эўропы па футболе сярод сьвятароў


Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ:

Менск. У офісе Партыі БНФ (вул. Чарнышэўскага, 3) – прэзэнтацыя кнігі Ільлі Копыла «Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка». Пачатак а 17.00.

Ліда (Гарадзенская вобласьць). Кампанія «Будзьма беларусамі!» ў Лідзкім раённым цэнтры рамёстваў і традыцыйнай культуры «Спадчына» (вул. Савецкая, 12) праводзіць адмысловае ток-шоў, прысьвечанае пытаньням рэклямы культурніцкіх падзей, праектаў і іншых «прадуктаў» у сацыякультурнай сфэры. Пачатак а 18:00.

Менск. У Інстытуце імя Гётэ (вул. Веры Харужай, 25/3) на нямецкай мове зь перакладам адбудуцца літаратурныя чытаньні і дыскусія зь пісьменьніцай Таняй Дзюкерс. Пачатак а 19-й гадзіне.

Менск. Панэльная дыскусія «ЭГУ сёньня: як пераадолець крызіс» адбудзецца ў бізнэс-цэнтры Imaguru. Уваход вольны. Запрашаюцца ўсе зацікаўленыя. Пачатак а 19.00.

Менск. Простая тэлефонная лінія старшыні Менскага гарвыканкаму Мікалая Ладуцькі. Задаць свае пытаньні менчукі змогуць па тэл. 222-44-44 з 11.00 да 13.00.

Менск. Заканчэньне тыдня беларускай мовы на філялягічным факультэце БДУ «Днём беларускага перакладу». Яго правядзе перакладчыца філялягічнага факультэту дацэнт катэдры гісторыі беларускай літаратуры БДУ Ірына Багдановіч. Пачатак у 12.45 (ауд. 304).

Ліда (Гарадзенская вобласьць). Адкрываецца VIII Чэмпіянат Эўропы па міні-футболе сярод сьвятароў (да 28 лютага). У чэмпіянаце бяруць удзел каманды з 13 краін: Беларусі, Аўстрыі, Альбаніі, Босьніі і Герцагавіны, Вугоршчыны, Казахстану, Польшчы, Партугаліі, Румыніі, Славаччыны, Славеніі, Украіны, Харватыі і Чарнагорыі.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1612 – пачала працу друкарня ў Любчы пад Наваградкам. Усяго яна выпусьціла больш за 80 кніжак па-лацінску і па-польску. Галоўным чынам, гэта былі выданьні сьвецкага зьместу: антычныя і гістарычныя творы, практычныя дапаможнікі ў мэдыцыне, вэтэрынарыі і школьнай справе, літаратурныя творы.

1734 – нарадзіўся Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку», дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага.

1888 – нарадзіўся Яўхім Бялевіч, дзяяч нацыянальнага руху, міністар юстыцыі і фінансаў у Народным сакратарыяце – першым урадзе БНР.

1902 – нарадзіўся Джон Стэйнбэк, амэрыканскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскае прэміі.

1903 – нарадзіўся Міхась Явар, беларускі паэт.

1906 – нарадзілася Рыта Млодак, беларуская опэрная сьпявачка, народная артыстка Беларусі.

1933 – пажар Райхстагу ў Бэрліне.

1936 – памёр Іван Паўлаў, расейскі фізіёляг.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

Самае дзіўнае ў будучыні – гэта думка аб тым, што наш час будуць называць старымі добрымі часамі.

Джон Стэйнбэк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG