Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тысячы зноў на Майдане. Цімашэнка на волі. Януковіч можа хавацца ў Крыме

Украіна рыхтуецца да выбараў 25 траўня, стары ўрад разьбегся, Рада ўзяла ўладу, сэпаратысты ўцяклі ў Расею. У сьвеце вітаюць перамены ў Кіеве.

ЖЫВАЯ ТРАНСЬЛЯЦЫЯ

08:03 23.2.2014

Жывы блог Радыё Свабода пра падзеі ва Ўкраіне 22 лютага

10:27 23.2.2014
Каштоўныя рэчы з Міжгор’я Януковіч вывозіў грузавікамі

У інтэрнэце зьявіўся запіс з камэр відэаназіраньня ў рэзыдэнцыі Віктара Януковіча ў Міжгор’і, які дае ўяўленьне аб тым, як уцякаў экс-прэзыдэнт.Запіс апублікаваны «5 каналам». На кадрах відаць, як ад уваходу ад’яжджаюць грузавыя аўтамабілі і іншамаркі. Таксама на відэа бачна, як частку рэчаў загружаюць у вэрталёты і група людзей адлятае. Учора ў рэзыдэнцыі «Міжгор’е» прадстаўнікі самаабароны і журналісты знайшлі дакумэнты, якія сьведчаць аб парушэньні заканадаўства, подкупе судзьдзяў, ухіленьні ад выплаты падаткаў.

11:28 23.2.2014

Самаабарона Майдана спыніла аўтамабіль Цімашэнкі


Сябры самаабароны Майдана спынілі для праверкі аўтамабілі Юлі Цімашэнкі і лідэра парлямэнцкай фракцыі «Бацькаўшчына» Арсэнія Яцанюка. Актывістам удалося пагутарыць з абодвума палітыкамі, перадае Еспресо.TV. Людзі папярэдзілі Яцанюка і Цімашэнку, што перамогу атрымліваў народ.

У адказ Цімашэнка паабяцала памятаць, што перамога належыць менавіта народу, а не палітыкам. 22 лютага была вызвалена экс -прэм’ер Юлія Цімашэнка. Яна ўжо абвясьціла, што будзе балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах 25 траўня.
11:43 23.2.2014

Кандыдатуры на прэм'ера - Цімашэнка, Яцанюк і Парашэнка


У Вярхоўнай Радзе Ўкраіны абмяркоўваюцца тры асноўныя кандыдатуры на пасаду прэм'ер-міністра Ўкраіны:экс-прэм'ер Юлія Цімашэнка, лідэр фракцыі "Бацькаўшчына" Арсеній Яцанюк і пазафракцыйны народны дэпутат Пётар Парашэнка, паведаміў народны дэпутат фракцыі "Бацькаўшчына" Мікалай Таменка.

"На сёньняшні дзень кандыдатур шмат, асноўныя зь іх тры - Цімашэнка, Яцанюк, Парашэнка.
Абмяркоўвалася кандыдатура Сяргея Цігіпкі (намесьніка лідэра фракцыі Партыі рэгіёнаў),але пасьля таго, як ён не зьявіўся на начное паседжаньне парлямэнту, ён страціў свае магчымасьці", - сказаў ён журналістам 23 лютага.

Дэпутат фракцыі Партыі рэгіёнаў Юры Мірашнічэнка мяркуе, што дэпутаты фракцыі ня будуць галасаваць за кандыдатуру Юлі Цімашэнкі.Ён дадаў, што "вядома, шмат што будзе залежаць ад таго, ці ўвойдзе Партыя рэгіёнаў у кааліцыю".
12:59 23.2.2014

Авакаў: дзе Януковіч, Пшонка і Захарчанка — невядома

Выконваючы абавязкі міністра ўнутраных спраў Украіны Арсен Авакаў не ведае месцазнаходжаньня Віктара Януковіча.

«Учора быў інцыдэнт, калі памежная служба затрымала неапазнаны самалёт на вылет і там знаходзілася прэзыдэнцкая ахова. Пасьля таго, як яна не прайшла працэдуру кантролю, яе затрымалі. З самалёта выйшаў прэзыдэнт Януковіч, сеў у машыну і зьехаў у невядомым напрамку», — сказаў Авакаў.

Ён адзначыў, што не ведае пра месцазнаходжаньне в.а. кіраўніка міністэрства даходаў і збораў Аляксандра Кліменкі і адхіленых Вярхоўнай Радай ад сваіх пасадаў генпракурора Віктара Пшонкі і міністра ўнутраных спраў Віталя Захарчанкі. «Учора Кліменка і Пшонка былі затрыманы на вылет у аэрапорце. У VIP -залю ўварваліся ўзброеныя людзі, адбылася стральба, а Кліменка і Пшонка зьехалі. Цяпер праводзіцца расьсьледаваньне», — дадаў Авакаў.

Былому віцэ-сьпікеру Вярхоўнай Рады Ігару Калетніку ўдалося паляцець у Маскву, бо ў памежнай службы аэрапорта не было падставаў яго затрымліваць: «У яго былі ўсе неабходныя дакумэнты для перасячэньня мяжы і, акрамя таго, дэпутацкая недатыкальнасьць».
14:01 23.2.2014

Турчынаў выконвае абавязкі прэзыдэнта


Сьпікер Вярхоўнай Рады Аляксандар Турчынаў абраны выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта Ўкраіны на час да прызнаньня вынікаў перавыбараў прэзыдэнта ў траўні 2014 года. Адпаведную пастанову ў Вярхоўнай Радзе падтрымалі 285 народных дэпутатаў.
14:10 23.2.2014

Генпракуратура расьсьледуе масавае забойства людзей


Генпракуратура Ўкраіны аб’яднала справы па факце забойства людзей падчас мірных акцый пратэсту ў адну вытворчасьць. Пра гэта паведаміў у парлямэнце упаўнаважаны Вярхоўнай Рады па кантролі за дзейнасьцю пракуратуры Алег Махніцкі.

«Яны расьсьледуюцца па факце спробы выкарыстоўваць зброю пад час масавых акцый, расьсьледуецца факт масавага забойства людзей вышэйшым сілавым кіраўніцтвам дзяржавы», — адзначыў ён. Ён паведаміў, што цяпер амаль усіх арыштаваных пад час мірных пратэстаў адпусьцілі на свабоду, за кратамі застаюцца трое актывістаў, якія будуць вызвалены як мага хутчэй. Усе крымінальныя справы супраць пратэстоўцаў будуць зачыненыя, а самі актывісты вызваленыя па рэабілітуючых абставінах, а не на падставе закона аб амністыі. У выніку сутыкненьняў у цэнтры Кіева загінулі 82 чалавекі.
14:12 23.2.2014
Вярхоўная Рада Ўкраіны звольніла з пасадаў міністра асьветы Табачніка і міністра замежных спраў Кажару.
14:16 23.2.2014

Рада вярнула Міжгор’е дзяржаве


Вярхоўная Рада падтрымала пастанову аб перадачы рэзыдэнцыі ў Міжгор’і ў дзяржаўную ўласнасьць.За гэтае рашэньне прагаласавалі 324 народныя депутаты.

«З мэтай аднаўленьня права ўласнасьці ВР пастанаўляе перадаць комплекс адпачынку „Пушча-Вадзіца“ ва ўрочышчы Міжгор’е і ўрадавай рэзыдэнцыі „Міжгор’е“ у дзяржаўную ўласнасьць. У 10-дзённы тэрмін правесьці адпаведныя мерапрыемствы і забясьпечыць перадачу маёмасьці ў дзяржаўную ўласнасьць», — гаворыцца ў дакумэнце.
14:26 23.2.2014
Фракцыю «Партыя рэгіёнаў» пакінулі 72 дэпутаты

Старшыня Вярхоўнай Рады Аляксандар Турчынаў абвясьціў аб выхадзе яшчэ трох дэпутатаў з фракцыі «Партыя рэгіёнаў». Турчынаў назваў прозвішчы Віктара Астапчука, Уладзімера Кацубы і Івана Фурсіна. Па стане на 23 лютага з фракцыі «Партыя рэгіёнаў» выйшлі 72 дэпутаты.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG