Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мусульманам забаранілі ляцець на Марс. Палёт прыраўнаны да тэракту


Галоўная ўправа ў справах ісламу і ахвяраваньняў Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў апублікавала фетву, якая забараняе мусульманам браць удзел у палётах на Марс.

Новае рэлігійнае прадпісаньне стала рэакцыяй на міжнародны праект калянізацыі Чырвонай плянэты Mars One, у рамках якога некалькі добраахвотнікаў адправяцца на Чырвоную плянэту без магчымасьці вярнуцца на Зямлю.

Дасьледаваньне радыяцыйнага фону чырвонай плянэты паказала, што за 360 дзён палёту да Марса і назад і 500 дзён знаходжаньня на ім чалавек атрымае дозу апраменьваньня, супастаўную з той, што атрымліваюць астранаўты за ўсю сваю кар'еру.

Ісламскія багасловы на чале з прафэсарам Фарукам Хамадам абгрунтавалі забарону тым, што падобны палёт у існуючых умовах зьяўляецца самагубствам, за якое давядзецца расплачвацца на тым сьвеце. Яны адзначаюць, што абарона жыцьця зьяўляецца адным з асноўных пастулятаў любой рэлігіі, і спасылаюцца на 29-ы аят 4-й суры Карану: «Не забівайце саміх сябе, бо Алах літасьцівы да вас». Падобны ж аргумэнт звычайна прыводзяць мусульманскія навукоўцы, якія выступаюць супраць практыкі зьдзяйсьненьня тэрактаў-самагубстваў.

Адзначым, між тым, што вядомыя выпадкі, калі мусульманскія багасловы знаходзілі магчымасьць апраўданьня самагубства. Так, у 2001 годзе Усама бэн Лядэн прыйшоў да высновы, што яму лепш скончыць жыцьцё самагубствам, чым жывым трапіць у рукі амэрыканцаў. Аднак, памятаючы пра тое, як іслам ставіцца да самагубства, ён даручыў блізкім яму тлумачальнікам Карану выдаць фетвы аб тым, што ён і яго бліжэйшыя паплечнікі могуць пазбавіць сябе жыцьця, калі гэта будзе адпавядаць інтарэсам сусьветнай ісламскай ідэі.

Фетва павінна была грунтавацца на тым, што магчымы арышт бэн Лядэна стаў бы паразай ідэі джыхаду і маджахедаў, паколькі ворагі ісламу скарысталі б паказаньні арыштаваных, каб нанесьці шкоду мусульманам.

Казалі, што бэн Лядэн насіў з сабой атруту, каб выкарыстаць яе ў экстрэмальнай сытуацыі. Распавядалі таксама, што ён насіў на рамяні выбуховае прыстасаваньне, якое зьбіраўся прывесьці ў дзеяньне, каб забіць сябе і нападнікаў. Акрамя таго, хадзілі чуткі, што бэн Лядэн загадаў сваім целаахоўцам забіць яго, калі ўзьнікне небясьпека яго палону. Як вядома, усе гэтыя меры засьцярогі тэрарысту нумар адзін не дапамаглі.

Што ж тычыцца палёту на Марс, то зьвестак аб рэлігійнай прыналежнасьці прэтэндэнтаў на засваеньне гэтай плянэты не існуе. Як вядома, у пачатку студзеня 2014 завяршыўся папярэдні адбор удзельнікаў праекту калянізацыі Марса Mars One. З 200 тысяч чалавек, якія падалі заяўкі, былі адабраны больш за тысячу прэтэндэнтаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG