Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Менску — «Закаханы фэст»


На сцэне выступяць ROKASH, UNIA, PAWA ,OMUT, ЛЮТАВЕР’Е, ROSY

Радыё Свабода запрашае на «Закаханы Фэст», які пройдзе 13 лютага напярэдадні Дня Сьвятога Валянціна ў менскім клюбе «Re:public». На сцэне выступяць ROKASH, UNIA, PAWA ,OMUT, ЛЮТАВЕР’Е, ROSY

Гурту ROKASH ужо амаль 10 гадоў. Першапачаткова ствараўся ён як акустычны гурт зь сярэднявечным ухілам. Потым ва ўдзельнікаў зьявілася ідэя злучыць фолькавае гучаньне і рокавы драйв. З тых часоў гурт знаходзіцца ў сваім унікальным, своеасаблівым гучаньні. У 2013 годзе Rokash зьведаў новыя зьмены — у гурце новы бубнач і флейтыстка.



Гурт Unia ўтварыўся ў 2006 годзе, а праз два гады выпусьціў свой першы сынгл пад назвай «Крынiчанька». У тым жа 2008 выйшаў іх дэбютны альбом «Dolam», а яшчэ праз чатыры гады Unia выпускае другі і пакуль што на дадзены момант іх апошні альбом «едзем». Калектыў вядзе актыўную канцэртную дзейнасьць і бярэ ўдзел у шэрагу фэстываляў. На «Закаханым фэсьце» «уніяты» плянуюць аддаць перавагу больш задорным і танцавальным кампазыцыям. Акрамя таго, музыкі паабяцалі, што «будзе сёе-тое з новага».



Pawa ўтварыўся ў 2011 годзе. Асновай калектыву сталі музыкі гурту сярэднявечнай музыкі Testamentum Terrae і аранжыроўшчык, які спэцыялізаваўся на электроннай музыцы. Вынікам гэтага творчага тандэму стаў выпуск у кастрычніку 2011 года альбому «Pawa».



Палескі фольк-мэтал калектыў Omut зьявіўся на сьвет напрыканцы 2003 — пачатку 2004 гг. Omut — нетыповая каманда для беларускай мэтал-сцэны, паколькі ў іх музыцы гарманічна спалучаюцца гітара, бас і баян, а ў вакальным пляне магутны мужчынскі гроўлінг і народны жаночы вакал.

Менскі гурт Лютавер’е утварыўся ў 2006 годзе. Напрыканцы 2007 года гурт запісвае дэма і актыўна гастралюе па краінах СНД, дзелячы пляцоўку з такімі гуртамі як Сварга, Твердь, Алконост і Natural Spirit.

Rosy — беларускі гурт, які грае блюз-рок. Гурт пачынае сваю гісторыю ў 2001 годзе. Аднак яго цяперашні склад сфармаваўся ў 2004 годзе.

Арганізатар канцэрту «БМА-груп» абяцае падчас фэсту конкурсы і падарункі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG