Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто зь беларускіх выпускнікоў паедзе ў Сынгапур


Каледжы аб’яднанага сьвету. Першае пакаленьне студэнтаў каледжу ў Мостары
Каледжы аб’яднанага сьвету. Першае пакаленьне студэнтаў каледжу ў Мостары

Міжнародная сетка Каледжаў аб’яднанага сьвету абвяшчае конкурс для выпускнікоў беларускіх школаў на атрыманьне бясплатных стыпэндыяў з далейшым навучаньнем у розных краінах сьвету.

У прыватнасьці, сёлета свае дзьверы беларусам адчыняць спэцыялізаваныя ўстановы ў Галяндыі, Італіі, Армэніі, нават у экзатычным Сынгапуры. Уражаньнямі ад досьведу інтэрнацыянальнага кантактаваньня дзеляцца тыя, каму ўжо пашчасьціла вучыцца ў такіх каледжах.

Навучаньне ў аб’яднаных каледжах, раскіданых фактычна па ўсім сьвеце, разглядаецца як перадунівэрсытэцкая прыступка і вядзецца на ангельскай мове паводле сыстэмы Міжнароднага бакаляўрэату. На першы тур да 1 сакавіка на адрас uwcblr@gmail.com трэба даслаць эсэ на тэму «Greenpeace сёньня», дакумэнт пра акадэмічную пасьпяховасьць, характарыстыку ад кляснага кіраўніка, копіі граматаў і дыплёмаў, якія сьведчаць пра грамадзкую, творчую, спартыўную дзейнасьць. Хто прайшоў у другі тур, будзе запрошаны на гутарку, каб выявіць інтэлектуальны ўзровень і асабовыя якасьці кандыдата.

Шчасьліўчыкаў, якія пройдуць усе прыступкі, запрашаюць Адрыятычны каледж у Італіі, Маастрыхцкі каледж у Галяндыі, новаўтвораны каледж у Дыліжане ў Армэніі, а таксама школа Паўднёва-Ўсходняй Азіі ў Сынгапуры.

Пра некаторыя адметнасьці навучаньня расказвае былы студэнт нарвэскага каледжу Red Cross Nordic Георгі Чхаідзэ:

«Усё грунтуецца на дысцыплінах, якія можаш выбіраць сам. Сэкцыі складаюцца з пэўнага набору прадметаў, адзін зь якіх можна ўзяць профільным, а ўсяго такіх сэкцыяў шэсьць. Першая — літаратура: на сваёй мове альбо якую ведаеш (шмат хто бярэ на ангельскай). Другая група — замежныя мовы. У нашым каледжы было толькі некалькі замежных моваў, досыць дзіўных. Па-першае, нарвэская. Але нарвэжцаў у сьвеце 5 мільёнаў, і вывучэньне гэтай мовы для мяне застаецца загадкай — хіба што калі чалавек хоча застацца ў Нарвэгіі. Таксама гішпанская, якую амаль усе і бяруць, ангельская — для тых, хто ня надта яе ведае, і кітайская. Трэцяя сэкцыя — матэматыка: ад самага простага ўзроўню да вышэйшага (людзі зьбіраюцца з розных частак сьвету, і ў некаторых матэматычны ўзровень слабы). Чацьвёртая — гуманітарныя навукі: філязофія, эканоміка, правы чалавека, іншыя. Пятая — такія навукі, як біялёгія, фізыка, хімія. І апошняя — свабодная сэкцыя, у якую можна дадаць які-небудзь прадмет зь пяці папярэдніх сэкцыяў альбо выбраць мастацтва ці тэатар. Вось такая сыстэма, даволі гнуткая».

У Беларусі нацыянальны камітэт Каледжаў аб’яднанага сьвету (UWС) быў заснаваны 20 гадоў таму, увесну 1994-га. Арганізацыйны сход адбыўся з ініцыятывы дырэктара Скарынаўскага цэнтру Адама Мальдзіса, а старшынём абраны дырэктар Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю Ўладзімер Колас. Дарэчы, пра гэта спадар Колас падрабязна згадваў у сваіх мэмуарах на Радыё Свабода. Было вырашана, што абсалютную перавагу пры паступленьні будуць мець падлеткі, якія, апроч выдатных агульных ведаў, добра валодаюць беларускай мовай, ведаюць гісторыю і культуру Беларусі. Ня дзіва, што першай прадстаўніцай Беларусі ў UWC была ліцэістка 1994 году выпуску Аліна Новік, якая ўвайшла ў лік найлепшых выпускнікоў усіх школаў, якія займаюцца паводле сыстэмы Міжнароднага бакаляўрэату.

Навучаньне ў UWC — ня толькі спосаб атрымаць добрыя веды, але і рэдкая магчымасьць пакантактаваць з прадстаўнікамі дзясяткаў этнасаў — звычайна пад адным дахам зьбіраюцца людзі больш чым з сотні краінаў! Выпускніцу Коласаўскага ліцэю Вольгу Сьвяркальцаву закінула ажно ў Індыю, дзе яна вучылася ў Махіндра-каледжы. Зразумела, сярод іншага не прапусьціла шанец, каб як мага бліжэй пазнаёміцца з мала вядомай беларусам краінай:

Вольга Сьвяркальцава
Вольга Сьвяркальцава
«Краіна сапраўды надзвычай цікавая і, як на нашы меркі, недарагая. Прынамсі, факт, што нашмат таньнейшая адносна эўрапейскіх. Нам, прыкладам, увогуле не давалі кішэнных грошай. Калі сябрам дзесьці ў Эўропе плацілі па 50 эўра стыпэндыі, то нас так ня балавалі. Зрэшты, у нас кампус быў далёка ад гораду, недзе сярод вёсак, на гарышчы, таму выяжджаць куды-небудзь не было асаблівай магчымасьці. І хоць нікуды адмыслова не вазілі, але мы самі вырашалі, куды паехаць, з кім. Асабіста я падарожнічала збольшага са сваімі сябрамі, у малых групах па 4–6 чалавек. Вось такім чынам я аб’ехала амаль палову краіны: езьдзіла і ў Дэлі, і ў Мумбай, практычна ўсю паўднёвую Індыю аб’езьдзіла. Былі свае цяжкасьці, складанасьці — асабліва з улікам таго, што ня ўсе індусы разумеюць па-ангельску, а ні я, ні хто іншы ў нашай групе ня ведаў хіндзі, не валодаў іхняй мовай. Таму былі прыгоды, былі новыя адкрыцьці, пра якія забыцца проста немагчыма».

Пасьля Каледжаў аб’яднанага сьвету выпадае магчымасьць працягнуць бясплатнае навучаньне ў заакіянскіх унівэрсытэтах, чым многія, зразумела, карыстаюцца. Так, студэнт Лютэранскага каледжу ў Аёве мянчук Алесь Вараб’ёў спачатку два гады адвучыўся ў Маастрыхцкім каледжы, а ўжо з Галяндыі падаўся ў ЗША. Кажа, што пасьля двух гадоў у Эўропе атрымаў нямала ўражаньняў ад амэрыканскіх рэаліяў:

Алесь Вараб’ёў
Алесь Вараб’ёў
«У амэрыканцаў ёсьць шмат чаму павучыцца, асабліва беларусам. Ці ня першае, што ўражвае, дык гэта гонар за сваю краіну. Прычым не дурны гонар — вось ім сказалі, гэта стагодзьдзямі назапасілася і цяпер яны ганарацца сваёй Радзімай — а гонар рэальны. Амэрыканец заўсёды ведае, чаму і чым ён абавязаны. У кожнага вісіць на доме сьцяг. Але гэта не пустая даніна модзе — ён у любы момант патлумачыць, што гэта за сьцяг, чаму яго трэба шанаваць. Дарэчы, ёсьць закон, які рэгулюе выкарыстаньне дзяржаўнай сымболікі: калі побач усталяваны сьцяг нейкай іншай краіны, то амэрыканскі мусіць быць вышэй. У нас гарадок зь пераважнай колькасьцю выхадцаў з Нарвэгіі, сюды нават нарвэскі кароль прыяжджае, у людзей нарвэскія прозьвішчы, бо іхнія продкі калісьці сюды мігравалі. Зразумела, што практычна ў кожнай сям’і ёсьць нарвэскі сьцяг. Але ніколі гэты сьцяг ня будзе вісець вышэй за амэрыканскі. Нават на адным узроўні яны вісяць толькі падчас нацыянальнага сьвята Нарвэгіі».

Беларусы вучацца ў Каледжах аб’яднанага сьвету вось ужо два дзясяткі гадоў. Сэнсацыяй UWC у свой час былі акторка і сьпявачка Наста Насута, скульптар Ягор Сурскі, філёзаф Кірыла Ільніцкі, піяністка Вольга Сьцяжко — дарэчы, першая зь беларусаў, хто быў прыняты ў Лёнданскую каралеўскую кансэрваторыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG