Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фанаты Домрачавай у Сочы не паехалі — задорага


Беларускія заўзятары ў Сочы амаль незаўважныя: на трыбунах не відаць ні дзяржаўных чырвона-зялёных сьцягоў, ні нацыянальных — бел-чырвона-белых. Чаму?

Нягледзячы на адсутнасьць памежнага і візавага кантролю з Расеяй, беларуская прысутнасьць на Алімпійскіх гульнях мінімальная. Прычынай —кошты на жыльлё, якія на час «сьвята спорту» ўзьляцелі на 200–300%. Не спрыяе ажыятажу і цана квіткоў. Калі на этапах Кубку сьвету па тым жа біятлёне камэры звычайна выхопліваюць досыць шмат беларусаў, то ў Сочы іх амаль не відаць.

Найперш, арганізатары дзеля бясьпекі вырашылі не прадаваць танныя квіткі на месцы ўздоўж трасы, тым часам як месца на трыбунах каштуе ў сярэднім 100 эўра. Гэта ў шмат разоў больш, чым на любым іншым біятлённым стадыёне, дзе квіткі стартуюць ад 20 эўра. Паколькі дзеля аднаго заезду выпраўляцца больш чым за 2 тысячы кілямэтраў мала сэнсу, давядзецца накінуць яшчэ пару сотняў. Плюс дарога, харчаваньне, сувэніры і г.д. У фан-клюбе біятляністкі Дар’і Домрачавай сказалі, што дазволіць сабе такую прыемнасьць могуць зусім ня многія:

«Увогуле, людзі на рознага кшталту спаборніцтвы з удзелам ня толькі Дашы, а ўвогуле нашых біятляністаў езьдзяць досыць актыўна. Але ў дадзеным выпадку нават цяжка сказаць, колькі заўзятараў паехалі падтрымаць іх у Сочы — цэны такія, што надта не разгонісься».

Дар’я Домрачава падчас біятлённага спрынту 9 лютага
Дар’я Домрачава падчас біятлённага спрынту 9 лютага
У Сочы падтрымаць Домрачаву выправіўся яе родны брат Мікіта, астатнія фанаты будуць сачыць за падзеямі па тэлевізары. Пры гэтым шмат хто наракае, што перамяшчэньне па алімпійскіх аб’ектах строга абмежаванае і трапіць у нейкі іншы сэктар фактычна немагчыма. Затое на посталімпійскі сакавіцкі этап у фінскі Конціялахці мае выправіцца вялікая група падтрымкі беларускіх біятляністаў як зь Беларусі, так і зь іншых краінаў.

Як расказвае менскі заўзятар Ігар Грачыхін, бюджэтны пакет у Сочы на аднаго чалавека перавысіў 2 тысячы даляраў — гэта пры тым, што ён пра паездку паклапаціўся загадзя і нават здолеў «уціснуцца» ў адносна танны санаторый «Беларусь». Дарэчы, на час Алімпіяды тут атабарылася і біятлённая каманда. А вось калі пачаць зьбірацца ў Сочы цяпер, то цэньнік можа сьмела множыць на два — асноўны цяжар возьме на сябе гатэль ці найманая кватэра:
Пражываньне ў трохзоркавым гатэлі стартуе ад 4500 расейскіх рублёў. Гэта 150 даляраў за „камфорт“ гостэла

«У санаторыі Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта летам аднамесны нумар увогуле каштуе капейкі — дзесьці 50 даляраў за суткі. На час Алімпіяды я плаціў ужо сотню. Хто замаўляў пазьней — ужо было 150, а то і 200. Плюс квіток зь Менску і назад — 500 даляраў, харчаваньне, квіткі на пяць спаборніцтваў. Карацей, для такой імпрэзы выходзіць адносна бюджэтна. Бо, прыкладам, выступаў прэзыдэнт аргкамітэту гульняў, які прызнаў: пражываньне ў трохзоркавым гатэлі стартуе ад 4500 расейскіх рублёў. Гэта 150 даляраў за „камфорт“ гостэла».

Аншлягу на трыбунах няма ня толькі з-за дарагоўлі квіткоў. Нацыянальныя фэдэрацыі па відах спорту, якія мелі першачарговае права на выкуп месцаў, цяпер ня могуць іх рэалізаваць у сваіх краінах — заўзятары адмаўляюцца ехаць у «мядзьведжы край». Вызваленыя білеты пускаюць у вольны продаж у сочынскіх касах, а чэргі ахвотных ухапіцца за апошні шанец расьцягваюцца на многія гадзіны чаканьня. Такія ж натоўпы — ля крамаў з сувэнірамі: людзі гатовыя аддаваць грошы за прымітыўныя магніцікі, але наладзіць гандаль на цывілізаваным узроўні не атрымліваецца.

Падобная неарганізаванасьць востра дысануе са спробамі расейскіх уладаў заявіць пра сочынскую Алімпіяду як пра беспрэцэдэнтную імпрэзу, якая дэманструе новае аблічча Расеі. Былая тэлекамэнтатарка Інга Хрушчова, якая адпрацавала на многіх зімовых і летніх гульнях, кажа, што ў Сочы як нідзе шмат паказухі:
Сьпяшаліся, хацелі як лепш, атрымалася як заўсёды

«Да цырымоніі адкрыцьця ўсе спартовыя журналісты чагосьці шукаюць. Шукаюць нейкую інфармацыйную нагоду, каб за нешта зачапіцца: за незабіты цьвік, за адарваную дошку, за нешта яшчэ. Зрэшты, такое адбываецца паўсюль і заўсёды. Праўда, пачынаюцца спаборніцтвы — і ўся ўвага паступова пераключаецца туды. Але з таго патоку інфармацыі, якая ідзе з Сочы, я гляджу, што недаробак там вельмі шмат. Напэўна, яно так і ёсьць — сьпяшаліся, хацелі як лепш, атрымалася як заўсёды. Што мяне асабіста напружыла? Хацелася б, каб усё было больш шчыра і зь меншай паказухай. Было б нашмат больш карысна, гэта праўда».

На перакананьне экспэртаў, ніякае штучнае завышэньне коштаў ня здолее вярнуць нават малую долю з тых дзясяткаў мільярдаў даляраў, якія былі ўкінутыя ў «субтрапічны праект» і большую частку якіх, як цьвердзяць апанэнты Крамля, расьцягнулі яшчэ на этапе асваеньня. Пра гэта сьведчыць і тое, што многія аб’екты так і не завершаныя, а будоўля некаторых нават не пачыналася. Найперш гэта тычыцца дамоў для валянтэраў, якіх тэрмінова давялося сяліць па гатэлях, тым самым істотна скараціўшы жыльлёвы рэсурс для турыстаў і заўзятараў.
XS
SM
MD
LG