Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімпіяда ў забраным краі


Наіма Няфляшава
Наіма Няфляшава

Сярод замежных гасьцей Алімпіяды ў Сочы — дэлегацыя прадстаўнікоў замежных чаркескіх дыяспар. У праграме знаходжаньня дэлегацыі ў Расіі — наведаньне «Дома адыгаў» у Алімпійскім парку, дзе размешчана экспазыцыя пра гісторыю, культуру, традыцыях і гістарычнай спадчыне чаркесаў.

Гэтая гістарычная спадчына супярэчлівая: у XIX стагодзьдзі чаркесы чынілі ўпарты супраціў расейскай калянізацыі Чарнаморскага ўзьбярэжжа Каўказу.

У ходзе Каўкаскай вайны, заваявальнай кампаніі, якая працягнулася з 1820-х да 1864 году, чаркесы былі расьсеяны, у значнай меры зьнішчаны царскімі войскамі і выселены на тэрыторыю Асманскай імпэрыі. Вось жа іх нашчадкі, відаць, і наведаюць парадны павільён у Сочы. Шэраг чаркескіх арганізацыяў у Расеі і за яе межамі патрабуе прызнаць падзеі сярэдзіны XIX стагодзьдзя генацыдам чаркескага народу, адпаведныя пастановы парлямэнты Адыгеі і Кабардзіна-Балкарыі прынялі яшчэ на пачатку 1990-х гадоў.

Аб расейскім заваяваньні цяперашняй зоны Вялікага Сочы нашаму радыё распавядае маскоўскі гісторык, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтру цывілізацыйных і рэгіянальных дасьледаваньняў Расейскай акадэміі навук Наіма Няфляшава.

Няфляшава: Сучасная тапаніміка Чарнаморскага ўзьбярэжжа захавала сьляды чаркескага знаходжаньня ў гэтай зоне: такія ўсім вядомыя назвы, як Анапа, Джубга, Агой, Хаста, Дагамыс, Туапсэ, Лоа, Мацэста, Сочы і іншыя сьведчаць аб знаходжаньні чаркескага насельніцтва на гэтых тэрыторыях. Адной з шматлікіх чаркескіх субэтнічных груп былі шапсугі — паводле розных гістарычных крыніцаў, іх колькасьць дасягала 300-370 тысяч чалавек. У выніку высяленьня шапсугаў з гістарычнай радзімы, у выніку страт, якія гэты народ панёс у ходзе баявых дзеяньняў, і дэпартацыі яго спасьцігла сапраўдная дэмаграфічная катастрофа. Шапсугі так і не акрыялі ад страт, цяпер колькасьць гэтай субэтнічнай групы чаркесаў складае каля 10 тысяч чалавек, яны пражываюць перш за ўсё на тэрыторыях Туапсінскага і Лазараўскага раёнаў, у 13 аулах, у асноўным горных. Частка гэтых паселішчаў — нядаўна створаныя, гэта ня тыя аулы, якія былі ў шапсугаў да 1864 году. Насельніцтва некаторых аулаў перасялялі, некаторыя аулы злучалі ў адзін і гэтак далей.

На месцы цяперашняга Сочы ў асноўным жылі шапсугі і ўбыхі. Лёс убыхаў склаўся яшчэ больш трагічна, гэты народ зьнік цалкам. Ёсьць людзі, якія носяць убыхскія прозьвішчы, напрыклад, вядомае прозьвішча Берзег (Берзегавы) убыхскага паходжаньня. Але як цэласнай групы гэтага народа не існуе. Убыхі былі цалкам выселеныя ў Турцыю, і там гэты народ спыніў сваё існаваньне. Апошні ўбых памёр у мінулым стагодзьдзі, яго тэксты, запісы убыхскай мовы былі зроблены прафэсарам Мухадыном Кумахавым, вядомым лінгвістам, які працаваў у Інстытуце мовазнаўства РАН. Тэўфік Эсэнч, які памёр у 1992 годзе, быў апошнім чалавекам у сьвеце, які ведаў убыхскую мову.

РС: Як рускія асвойвалі сочынскую зону?

Няфляшава: Вызваленыя ад карэннага насельніцтва аулы доўга заставаліся пустымі. Першыя расейскія паселішчы ў асноўным складаліся з адстаўных матросаў, казакоў, якія абсталёўвалі вайсковыя паселішчы. Спачатку ў раёне цяперашняга Сочы было заснавана ўмацаваньне Александрыя, перайменаванае пасьля ў Навагінскае — паводле імя палка, які тут ваяваў. Пазьней у гэты край сталі перасяляцца іншыя этнічныя групы, ня толькі славяне: армяне, малдаване, эстонцы, грэкі. Пэрыядам актыўнай калянізацыі сталі 60-70-я гады XIX стагодзьдзя — гэта быў пэрыяд хуткага асваеньня тэрыторыі цяперашняга Вялікага Сочы, якое забясьпечвалася ня толькі за кошт славянскага насельніцтва, але і за кошт пантыйскіх грэкаў, турэцкіх армян, якія на гэтыя тэрыторыі працягвалі міграваць нават у часе Першай сусьветнай вайны.

РС: Вельмі балючае пытаньне зьвязанае з патрабаваньнем часткі чаркескай грамадзкасьці прызнаць генацыдам расейскую заваявальную кампанію на Каўказе. У пачатку і сярэдзіне XIX стагодзьдзя этыка баявых дзеяньняў была не такая, як цяпер, не існавала міжнароднага заканадаўства аб законах і звычаях вядзеньня вайны (яно было выпрацавана толькі ў пачатку мінулага стагодзьдзя). Разам з тым многія дзеяньні царскай арміі падпадаюць пад сёньняшняе вызначэньне ваенных злачынстваў — масавыя забойствы і дэпартацыі насельніцтва. Генацыд — слушнае вызначэньне таго, што здарылася?

Няфляшава: Не пра калянізацыю Каўказу трэба казаць як пра генацыд, а пра ваенныя дзеяньні, якія адбываліся да 1864 году. Ацэнка гэтай падзеі дадзена парлямэнтамі Адыгеі і Кабардзіна-Балкарыі ў першай палове 1990-х гадоў. Гэтыя дзеяньні былі кваліфікаваныя як генацыд на заканадаўчым узроўні. Я згодна з рашэньнямі нашых парлямэнтарыяў.

РС: Што ўяўлялі сабой чаркескія народы да моманту расейскага ўварваньня на Каўказ, чым яны займаліся?

Уся тэрыторыя Чарнаморскага ўзьбярэжжа — гэта археалягічны кландайк
Няфляшава: Гэта былі земляробчыя народы. Самая вядомая гістарычная крыніца, дзе ўтрымліваецца інфармацыя па гэтай тэме — мабыць, дзёньнікі брытанскага вандроўніка Эдманда Спэнсэра «Падарожжа ў Чаркесію», апублікаваныя ў 1830-я гады ў Англіі. Спэнсэр піша, што чаркесы апрацоўвалі любы ўчастак зямлі, які быў ім даступны, што чаркескія аулы, якія ён убачыў, дзівілі ахайнасьцю і спарадкаванасьцю. Сёе-тое чаркесы нават экспартавалі — пшаніцу, мёд, воск, коней і так далей. Чаркесы ня мелі прыкмет дзяржаўнасьці ў сучасным паліталягічным разуменьні. Але ў чаркесаў былі інстытуты дастатковыя для таго, каб іх грамадзтвы функцыянавалі як самадастатковыя. Гэтыя прычарнаморскія субэтнічныя групы часам называюць дэмакратычнымі — у іх не было ўлады князёў, усе пытаньні яны вырашалі на агульных сходах. Гэты дэмакратычны дух самаарганізацыі часткова і цяпер захоўваецца ў сучасных шапсугаў.

РС: Калі пачалося курортнае засваеньне сочынскай зоны?

Няфляшава: Курортнае засваеньне пачалося ў канцы XIX стагодзьдзя, а ўжо пры Савецкай уладзе, у 1930-я гады быў прыняты генэральны праект рэканструкцыі Сочы. Для Крамля было важна атрымаць свайго роду савецкую Рывіеру, курортны вобраз Савецкага Саюзу. Генэральны плян рэканструкцыі Сочы, трэба аддаць належнае, ператварыў заняпалы курортны гарадок у сучасны горад. Раней тут не было ні водаправоду, ні прыстойных дарог, ні інфраструктуры.

РС: Пакінутыя шапсугскія аулы захаваліся на тэрыторыі краю і цяпер. Каўкаскія народы Чарнаморскага ўзьбярэжжа пакінулі пасьля сябе помнікі матэрыяльнай культуры?

Няфляшава: Уся тэрыторыя Чарнаморскага ўзьбярэжжа — гэта археалягічны кландайк. Лепш за іншых вядомая культура дальмэнаў, хоць яна яшчэ недастаткова дасьледавана. Дальмэны — гэта старажытныя культавыя і пахавальныя мэгалітычныя збудаваньні. Дасьледнікі працавалі ў XX стагодзьдзі; у сярэдзіне мінулага стагодзьдзя ў чарнаморскай зоне працавалі шматлікія археалягічныя экспэдыцыі. Высока ў гарах застаюцца дальмэны, якія яшчэ патрабуюць сур’ёзнага вывучэньня.
XS
SM
MD
LG