Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вуліцу Леніна перайменаваць у гонар Канстанціна Астроскага


Лягатып 500-годзьдзя Бітвы пад Воршай
Лягатып 500-годзьдзя Бітвы пад Воршай
30 студзеня прайшло пасяджэньне Нацыянальнага аргкамітэту 500-х угодкаў перамогі войскаў ВКЛ пад Воршай на рацэ Крапівенцы.

Сьвяткаваньне ўгодкаў гістарычнай бітвы, якая адбылася 8 верасьня 1514 году, варта зрабіць падзеяй нацыянальнага маштабу. Так лічаць і ўдзельнікі адмысловага аргкамітэту, які 30 студзеня ўжо ў другі раз сабраўся ў Менску, і тыя, хто выступае зь лякальнымі ініцыятывамі дзеля вяртаньня гістарычнай памяці.

Бітва пад Воршай адбылася 500 гадоў таму. Яе вынікам стала перамога беларускага войска на чале зь вялікім гетманам Вялікага Княства Літоўскага Канстанцінам Астроскім над утрая большым войскам Вялікага Княства Маскоўскага.

Супольныя высілкі ў адзначэньні ўгодкаў гэтай падзеі абавязкова дадуць плён, лічыць мастак Мікола Купава, намесьнік старшыні аргкамітэту сьвяткаваньня 500-годзьдзя Аршанскай бітвы. Спадар Купава нарадзіўся ў Воршы і таму лічыць сябе адказным за тое, каб адзначыць славутую падзею ў беларускай гісторыі на належным узроўні:

«Так, я нарадзіўся ў Воршы, гэтая сувязь дужа моцная. А што да нашай праграмы, то магу сказаць: рыхтуецца выданьне дзьвюх кніжак, навуковых дасьледаваньняў па гэтай тэматыцы. Будзе потым прэзэнтацыя гэтых выданьняў. І будзе міжнародная навуковая канфэрэнцыя, якую мы плянуем на травень. Нават, верагодна, і дзьве. Бо ёсьць дзьве ініцыятыўныя групы. І сьвяткаваньне будзе праходзіць як у Менску, так і ў іншых гарадах — у Воршы, вядома. І ў іншых гарадах, дзе будзе ініцыятыва — бо і Барысаў, і Дуброўна, і Крычаў, і Мсьціслаў — гэта ўсё гарады, якія былі акупаваныя, а потым вызваленыя».
Мікола Купава ў майстэрні
Мікола Купава ў майстэрні

Мікола Купава адзначае, што ў пляны аргкамітэту ўваходзіць прыцягненьне дзяржаўных структураў да ўдзелу ў юбілейных імпрэзах:

«Мы зараз накіруем ліст у Аршанскі райвыканкам, каб вуліцу Леніна перайменаваць у вуліцу Канстанціна Астроскага, каб вуліца Карла Маркса стала вуліцай Юрыя Радзівіла, а вуліца Энгельса каб насіла імя Івана Сапегі. Гэта ўсё героі Аршанскай бітвы. Каб яшчэ ўлады прынялі рашэньне пра ўзьвядзеньне помніка ў гонар аршанскай перамогі і Канстанціна Астрожскага. Яшчэ будзем рабіць сувэніры — паштоўкі, плякаты, налепкі, юбілейны мэдаль мяркуем вырабіць. Ну, а галоўнае — гэта зладзіць фэст у Воршы».

Традыцыя праводзіць фэст беларускай бардаўскай песьні і паэзіі «Аршанская бітва» нарадзілася 22 гады таму. Выканаўцы і слухачы пачалі штогод зьбірацца на беразе ракі Крапівенкі каля вёскі Гацькаўшчына Аршанскага раёну. Прыкладна ў тых мясьцінах і адбылася пераможная бітва, якая потым увайшла ў падручнікі ня толькі гісторыі, але й вайсковай стратэгіі. Таму Міністэрства абароны таксама запрасілі даслаць прадстаўніка ў аргкамітэт сьвяткаваньняў, куды ўжо ўключаныя прадстаўнікі руху «За свабоду», Партыі БНФ, грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі», БХД, гісторыкі, мастакі, музыкі, грамадзкія дзеячы.

Аргкамітэт мусіць неяк урэгуляваць дужа складаную праблему: з 2007 году бардаўскі фэст трапіў у няласку да ўладаў. Міліцыя штогод палюе на ўдзельнікаў, то ладзячы брутальныя разгоны, расьпіхваючы ўдзельнікаў па аўтазаках, то проста змушаючы туляцца па лесе маленькімі групамі, каб не заўважылі.

Што можна зрабіць, каб фэст зноў стаў масавай імпрэзай, на якую па-ранейшаму можна было б запрашаць гасьцей з усяе Беларусі? Пра гэта разважае заснавальнік фэсту «Аршанская бітва» бард Андрэй Мельнікаў:

Андрэй Мельнікаў
Андрэй Мельнікаў
«Мы будзем рыхтаваць фэст, а ці адбудзецца ён — пакажа гісторыя. Мы жывем у грамадзтве, і ад грамадзтва гэта залежыць. Я не выключаю, што на той час сытуацыя можа быць не такая спакойная, як цяпер. Вядома, людзей будзем запрашаць — людзей адэкватных, якія гатовыя да таго, што іх могуць затрымліваць і „саджаць“. Нельга абяцаць людзям, што ўсё будзе добра, калі мы ня ведаем, будзе яно добра ці не. І адсьвяткуем, калі Бог дасьць!»

Па вялікім рахунку, падрыхтоўка да сьвяткаваньня юбілею Аршанскай бітвы ўжо пачалася. І пачалася ня ў Менску і ня ў Воршы, а ў Гомелі. Тамтэйшыя актывісты абвясьцілі конкурс на стварэньне лягатыпу ў гонар бітвы і ўжо падвялі вынікі, апавёў адзін з ініцыятараў кампаніі «Нацыянальныя сымбалі — у кожны дом!» Кастусь Жукоўскі:

Кастусь Жукоўскі
Кастусь Жукоўскі
«Пераможцам стаў Сяржук Саладухін. На лягатыпе — вершнікі, і напісана „Вялікая бітва“. Ён ужо выкарыстоўваецца, мы вырабілі зь ім кубкі, каб дарыць людзям на розных конкурсах, будзем рабіць майкі, каляндарыкі».

Усю гэту сувэнірную прадукцыю гамельчукі вырабляюць за ўласны кошт і за кошт сяброўскіх ахвяраваньняў. Грашовых ахвяраваньняў, а таксама творчага ўдзелу просіць і яшчэ адна самадзейная ініцыятыва: днямі ў інтэрнэце зьявіліся зьвесткі пра стварэньне помніка героям бітвы пад Воршай. Ініцыятары не афішуюць сваіх імёнаў, тлумачаць, што помнік будзе ўсталяваны на прыватнай тэрыторыі, але зьвяртаюцца з просьбай падзяліцца ідэямі пра тое, як ён павінен выглядаць. Высылаць свае ідэі і прапановы можна на электронны адрас pomnik1514@gmail.com. Аўтар найлепшага праекту, якога вызначыць спэцыяльная камісія, атрымае ўзнагароду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG