Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гагавузіі пройдзе рэфэрэндум


Дэлегацыя Беларусі на 2-м сусьветным кангрэсе гагавузаў, 2009 год
Дэлегацыя Беларусі на 2-м сусьветным кангрэсе гагавузаў, 2009 год

Гагавузія (аўтаномія ў складзе Малдовы) правядзе 2 лютага рэфэрэндум. Рашэньне пра гэта прыняў Народны сход аўтаноміі.

Яшчэ ў пачатку 1990-х гадоў некалькі паўднёвых раёнаў Малдовы, дзе кампактна жывуць гагавузы, заявілі пра непрызнаньне Малдовы як незалежнай дзяржавы і пра намер застацца ў складзе СССР (які ўжо перастаў існаваць). Кішынэву тады ўдалося пагасіць канфлікт. У 1994 годзе парлямэнт Малдовы прыняў закон аб прававым статусе Гагавузіі, надаўшы ёй правы аўтаноміі. У 1999 годзе аўтаномія Гагавузіі была замацаваная ў Канстытуцыі Малдовы. Курс на інтэграцыю ў Эўрапейскі Зьвяз, які праводзіць Кішынэў апошнія гады, выклікаў незадавальненьне ў Гагавузіі.

Цяперашнюю сытуацыю камэнтуе супрацоўнік малдоўскай службы Радыё Свабода Аляксандру Эфтодэ:

Мапа Гагавузіі (вылучана лілёвым)
Мапа Гагавузіі (вылучана лілёвым)
​«Улады Гагавускай аўтаноміі вырашылі правесьці 2 лютага рэфэрэндум, на якім прапанавана адказаць на два пытаньні. Першае – ці хоча электарат, каб Малдова пайшла ў ЭЗ, альбо каб яна ўступіла ў Мытны зьвяз пад кіраўніцтвам Расеі. Другое – ці трэба абвясьціць Гагавузіі аўтаномію ў тым выпадку, калі Малдова страціць сваю незалежнасьць? Што датычыць другога пытаньня, дык яно, можна меркаваць, магло быць выклікана нядаўняй заявай прэзыдэнта Румыніі. Ён сказаў, што калі Расея ня спыніць ціску на Малдову адносна ўступленьня ў ЭЗ, дык Румынія прапаную Малдове аб'яднацца, і тады Малдова стане часткай ЭЗ. Наколькі сур'ёзнай была гэтая заява румынскага прэзыдэнта – цяжка сказаць. Адносна першага пытаньня можна заўважыць, што колькасьць тых жыхароў у Гагавузіі, якія маюць права галасаваць, складае толькі 2,5 адсоткі ад насельніцтва ўсёй Малдовы, і іх права вырашаць. Генэральная пракуратура Малдовы ўжо узбудзіла крымінальную справу супраць ініцыятараў рэфэрэндуму».

Гагаву́зія — аўтаномнае тэрытарыяльнае ўтварэньне на поўдні Малдовы. Створаная з населеных пунктаў, у якіх больш за 50 % жыхароў складалі гагавузы, а таксама тых, жыхары якіх пажадалі ўвайсьці ў склад аўтаноміі паводле вынікаў рэфэрэндумаў. Насельніцтва – 155 тысяч чалавек (на 2006 год).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG