Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Грушавая: Генадзь усё расьпісаў, дзе і што павінна адбыцца


Генадзь Грушавы з жонкай Ірынай і пісьменьнікам Алесем Адамовічам
Генадзь Грушавы з жонкай Ірынай і пісьменьнікам Алесем Адамовічам
Разьвітаньне з Генадзем Грушавым пройдзе 31 студзеня з 10 да 14 гадзін у Доме смутку «Цырыманіял» у Менску (завулак Кабушкіна,49).

А потым труну зь целам нябожчыка павязуць у крэматорый.

Жонка нябожчыка Ірына Грушавая распавяла карэспандэнту Свабоды:

«Генадзь так захацеў і ўсё расьпісаў, дзе і што павінна адбыцца, пакінуў тэлефоны. Ён да апошняй хвіліны думаў пра іншых, каб ім было меней клопату. Нікога не абцяжарваў, сам тут ціха паміраў і нікога ня клікаў. Ён напісаў: «Дом смутку, дзьве залі, ніякіх вянкоў, крэміраваць».

У панядзелак яму стала кепска і я сказала, каб ён выклікаў «хуткую» і што мы прыедзем. Не было ніводнага дня, каб мы не тэлефанавалі адзін аднаму. Калі я апошні раз яму патэлефанавала, то трапіла на «хуткую». Лекары сказалі, што едуць у першую клініку, ён у цяжкім стане, ацёк лёгкага.

У выходныя ён яшчэ сустракаўся з Анатолем Лябедзькам, патлумачыў, што трэба, каб на Майдан адвезьці мэдыкамэнты для зьбітых дэманстрантаў. Дзень ляжаў пад кропельніцай, а потым яшчэ займаўся гэтай справай.

Два тыдні да 10 студзеня ён быў у Бэрліне. Мы хадзілі на канцэрт, былі разам і разумелі, што гэта разьвітаньне. Ён вельмі хацеў жыць, гэта быў усяленскі чалавек. Столькі інтарэсаў і ўсё пасьпяваў, усім цікавіўся.

А потым у яго было дзьве хіміі, чатыры пераліваньні крыві, у яго пайшлі мэтастазы.

Гэта быў чалавек вялікай волі, незвычайнага кшталту, у якім злучалася глыбокая філязофская думка і яркае, адкрытае, мужнае, заўсёды прадуманае дзеяньне. Ён быў будаўнік і палкаводзец. Ён вёў людзей, распрацоўваў стратэгію. Ён быў унікальным чалавекам. Сьвятлана Алексіевіч мне напісала, што гэта быў чалавек незвычайнай натуры, бліскучага розуму і ён павінен быў быць нашым прэзыдэнтам. І ў 90-я гады многія так думалі. Гэта быў чалавек з поглядам у будучыню і ўмеў канкрэтна будаваць. Я заўсёды дзякавала лёсу, што магу актыўна дапамагаць гэтаму чалавеку. Многім людзям прыйшло шмат шчасьця з гэтым чалавекам. Каля 500 тысяч дзяцей былі накіраваныя фондам «Дзецям Чарнобыля» на рэабілітацыю і аздараўленьне ў шмат якія краіны сьвету. І ён кіраваў людзьмі, паказваў як і што рабіць. І людзі рабілі, расьлі і мяняліся. І ў гэтым была яго ўнікальная рыса, што ён умеў розныя палітычныя погляды падпарадкаваць гуманнасьці і чалавечнасьці».

Ірына Грушавая прыехала зь Нямеччыны, цягам сямі гадоў яна не была ў Беларусі асьцерагаючыся перасьледу з боку беларускіх уладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG