Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калякіна вылучылі кандыдатам у дэпутаты Менскага гарсавету


Сяргей Калякін
Сяргей Калякін

Лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін вылучаны кандыдатам у дэпутаты сталічнага гарадзкога савету па Куйбышаўскай акрузе № 46.

Пра гэта Свабодзе сёньня паведаміў ягоны намесьнік Валер Ухналёў:

«Мы скарысталі магчымасьць партыйнага вылучэньня. У выходныя нашы партыйныя структуры, за выключэньнем Менскай абласной, правялі спэцыяльныя паседжаньні, на якіх і адбылося вылучэньне. Усё прайшло згодна з Выбарчым кодэксам, які дазваляе афіцыйна зарэгістраваным палітычным партыям назваць сваіх прэтэндэнтаў ад партыйных структураў.

У Менску мы маем намер балятавацца ў 18 акругах. Акрамя Сяргея Калякіна, тут вылучаны малады намесьнік старшыні партыі Аляксей Елісееў, вядомы рабочы дзеяч Аляксандар Бухвостаў ды іншыя. Празь дзень адбудзецца паседжаньне кіраўніцтва Менскай абласной арганізацыі, і тады мы будзем мець поўныя дадзеныя пра нашых кандыдатаў. Пакуль жа магу дадаць, што ў нас ёсьць ужо 25 афіцыйна зарэгістраваных ініцыятыўных групаў. Яны прадстаўляюць тых прэтэндэнтаў на мандаты, якія зьбіралі подпісы выбарцаў».

У Менскі гарадзкі савет зьбіраюцца яшчэ два лідэры апазыцыйных партыяў — Анатоль Лябедзька з АГП і Аляксей Янукевіч з БНФ. Яны спачатку спрабавалі зарэгістраваць свае ініцыятыўныя групы праз збор подпісаў выбарцаў. Аднак абодвум адмовілі ў рэгістрацыі. Пакуль і Лябедзька, і Янукевіч чакаюць рашэньня суду па сваіх скаргах. У выпадку, калі суд палічыць дзеяньні раённых камісіяў адпаведнымі заканадаўству, абодва будуць вылучацца ў гарсавет праз партыйныя структуры. Час для гэтага яшчэ ёсьць — да 10 лютага ўключна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG