Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што беларускія дзеці павінны ведаць пра Леніна?


«Ён хацеў захапіць увесь сьвет» — дзеці пра Леніна
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:37 0:00
Наўпроставы лінк

«Ён хацеў захапіць увесь сьвет» — дзеці пра Леніна

Беларускія дзеці цяпер часта не ведаюць, хто такі Ўладзімер Ленін, што ён зрабіў, чаму яму дагэтуль стаяць шматлікія помнікі ў беларускіх гарадах.

Свабода папрасіла выказацца гісторыкаў, што трэба дзецям расказваць пра Леніна.

Настаўніца гісторыі Ганна Станкевіч кажа, што зь беларускіх школьных падручнікаў гісторыі цяпер прыбранае вызначэньне Кастрычніцкай рэвалюцыі як Вялікай Кастрычніцкай:

«То бок мы мяркуем, што вучні павінны неяк суадносіць тыя падзеі, якія адбываліся падчас кастрычніка 1917 года ўвогуле зь лёсам той краіны, на якую яны паўплывалі.

А пра Леніна мы стараемся гаварыць, што гэта быў правадыр гэтай рэвалюцыі, што гэта быў чалавек, з-за волі якога ўзьнік Савецкі Саюз, вялізная дзяржава, якая існавала на адной шостай частцы сушы. Адзінае, што хачу адзначыць: раней дзеці былі больш дасьведчаныя, нават да школы яны ведалі, што такое рэвалюцыя, што такое кастрычнік, а ў мяне адна вучаніца ў шостай клясе доўга не магла ўцяміць, чаму станцыя мэтро называецца Кастрычніцкая. І была вельмі ўражаная, калі дазналася, што гэта не ад месяца кастрычніка, а ад рэвалюцыі, якая была ў 1917 годзе. У іх проста няма ланцужка такога, тых ведаў, якія звычайна даваліся ў Савецкім Саюзе. Добра гэта ці дрэнна — але ў іх ёсьць іншыя падзеі, іншыя веды, і яны павінны іх суадносіць у гістарычным кантэксьце».

На думку настаўніка гісторыі Альфрэда Тычкі, пытаньне вельмі складанае, але дзецям трэба імкнуцца казаць усю праўду:

«Да прыкладу, бясплатная адукацыя тады вельмі многае дала, шмат навукоўцаў, якія выйшлі зь нізоў. А сёньня зь нізоў нікому ня дадзена выйсьці. Сёньня хто грошы мае, той за мяжой вучыць дзяцей. Па-другое, з НЭПам ленінскім таксама пытаньне вельмі складанае. Ён лічыў, што трэба даць магчымасьць кожнаму чалавеку праявіць сябе, і гэта таксама станоўчае. Але што потым выйшла? Калектывізацыя, якая страшным ударам прайшлася па ўсяму сялянству, у тым ліку і па беларускаму; рэпрэсіі 1930-х гадоў — гэта ж страшна. Ня вельмі лёгка жылося, і не свабодна жылося. Я лічу, што так трэба і расказваць дзецям».

На думку гісторыка, рэдактара газэты «Новы час» Аляксея Караля, дзеці павінны ведаць пра рэвалюцыйныя падзеі, якія адбываліся ў былой Расейскай імпэрыі, а значыць, і на тэрыторыі Беларусі. І ведаць тыя гістарычныя фігуры, якія ў той час гэтую кашу, гэтую рэвалюцыю калі не заварылі, то сталі на яе чале. Ведаць аб’ектыўна, без ідэалізацыі фігур таго часу. У тым ліку найперш — Леніна:

Аляксей Кароль
Аляксей Кароль
«Бо менавіта Ленін і надаў пэўныя імпульсы гэтым падзеям і адыграў пэўную ролю. Якую ролю — гэта ўжо трэба тлумачыць, дзе і як. У агульным кантэксьце — што рэвалюцыі ўзьнікаюць па віне ўладаў з-за адсутнасьці рэформ, і што імі скарыстоўваюцца не заўсёды і далёка не заўсёды людзі, якія потым праводзяць палітыку, якая ў дадзеным выпадку прывяла не да блаславеннага і справядлівага грамадзтва, а да таталітарнай сыстэмы».

Гісторык, выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Сяргей Русецкі кажа, што яму, найперш, хацелася, каб беларускія дзеці ведалі ня толькі пра Леніна, але яшчэ пра Бісмарка, Атацюрка, Лінкальна, Мао Цзэ Дуна ды іншых важных ключавых постацяў:

«Ленін, канечне, ад нас недалёкі — гэта постаць, якая прымала актыўнейшы ўдзел у Кастрычніцкай рэвалюцыі, была яе аўтарам і будавала савецкую дзяржаўнасьць. Аднак, напэўна, варта больш паказваць ягоную ролю адносна Беларусі і імкнуцца да большай аб’ектыўнасьці, даводзячы, што Беларусь для Леніна не была нейкім суб’ектам ці аб’ектам, тэмай перажываньняў, а ўсяго толькі, як прынята лічыць, разьменнай картай у тых умовах, у тых геапалітычных абставінах, якія на той момант склаліся. На жаль, нашы падручнікі не паказваюць гістарычных постацяў як людзей, але сёньня можна шмат што пачарпнуць зь іншых крыніцаў інфармацыі. А Ленін якраз постаць, якая цікавая і ў пляне псыхалёгіі, псыхагісторыі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG