Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Советская Белоруссия» супраць менскага «Дынама». Чаго чакаць?


Галоўны трэнэр «Віцязя» Андрэй Назараў абразьліва жэстыкулюе ў бок заўзятараў менскага «Дынама», архіўнае фота
Галоўны трэнэр «Віцязя» Андрэй Назараў абразьліва жэстыкулюе ў бок заўзятараў менскага «Дынама», архіўнае фота
Друкаваны орган адміністрацыі прэзыдэнта «Советская Белоруссия» надрукаваў гнеўны артыкул «Шчаўчок клюшкай па носе», у якім ушчэнт разносіцца гульня эліты беларускага хакею — менскага «Дынама». Пасьля чатырох дзясяткаў матчаў у Кантынэнтальнай хакейнай лізе адзіны беларускі прадстаўнік упэўнена займае перадапошняе, 27-е месца і мае рэальныя шанцы скаціцца на самае дно. Калі ўлічыць, колькі дзяржаўных прадпрыемстваў і прыватных кампаніяў працуюць на папаўненьне дынамаўскага бюджэту, — вынік сапраўды катастрафічны.

Зьяўленьне разгромнага артыкула ў прэзыдэнцкай газэце, фактычнага гаспадара якой афіцыйная прапаганда лічыць капітанам «самай моцнай аматарскай каманды сьвету», што пацьвярджаецца «гучнымі» перамогамі на менскіх калядных турнірах, сьведчыць пра адно: Лукашэнку такая ганьба ўжо дадзела. Танальнасьць матэрыялу адпаведная: «Што ні робяць — усё неўпапад. Трэнэраў на пераправе памянялі. Склад перакройваюць, мяняючы левы чаравік з правым, а правы — зь левым. Дзіўна, але не дапамагае! Не ўгадалі зь ніводным легіянэрам, тасуюць гульцоў, то выпраўляючы іх у фарм-клюб, то вяртаючы назад. Вынік не паляпшаецца, а наадварот».

Ці ня позна ідэолягі хапіліся крытыкаваць улюбёную забаву прэзыдэнта? Як кажа хакейны агент Андрэй Грум-Гржымайла, за столькі гадоў наверсе так і ня вызначыліся са статусам «Дынама». Калі разглядаць клюб як камэрцыйны праект, то навошта ўводзіць абмежаваньні на легіянэраў і ганарары? Калі як даважак да нацыянальнай зборнай, дзе павінны гадавацца маладыя кадры, то камплектацыя павінна весьціся паводле зусім іншага прынцыпу. А патрабаваць высокага выніку ў адсутнасьць зразумелай стратэгіі, на думку суразмоўцы, цягне на дылетанцтва:

«Я ўжо шмат разоў казаў у розных інтэрвію: трэба дакладна аддзяляць, дзеля чаго было зроблена менскае „Дынама“. Як у нас некаторыя лічаць — дзеля разьвіцьця зборнай. Іншыя кажуць, што гэта ўсё ж асобны камэрцыйны праект. Але калі гэта спэцыяльны камэрцыйны праект, то навошта ім нейкія перашкоды ставіць? Ёсьць бюджэт, які выдзяляецца на каманду, дай гэты бюджэт спартыўнаму дырэктару, ён набярэ каманду, а па заканчэньні сэзону спытай яго за гэты бюджэт па поўнай строгасьці. Усё вельмі проста. Як робяць ува ўсіх хакейных краінах — у Расеі, Славаччыне, усюды. Далі бюджэт — усё, гуляй. А ў нас усё яшчэ лічаць, што „Дынама“ павінна рыхтаваць гульцоў для нацыянальнай зборнай. „Дынама“, можа, і ня супраць, але для гэтага трэба было рабіць усе па-іншаму. Як робіць тое ж „Дынама“ (Рыга). І то ў іх зборная не зусім добра гуляе».

Як прыклад Андрэй Грум-Гржымайла прыводзіць харвацкі клюб «Медзьвешчак». Касьцяк каманды складаюць хакеісты з Канады, якія даюць вынік, выдатны для дэбютанта. Прынамсі, зь цяперашнім сёмым месцам у Заходняй зоне намінальныя харваты спакойна выходзяць у плэй-оф спаборніцтваў:
Я дагэтуль не магу зразумець, навошта мы купляем легіянэра, які гуляе ў чацьвёртым зьвяне?

«Многія канадцы сапраўды маюць харвацкія карані, але тэхналягічна ўсё зроблена правільна. Каманда створана, падпарадкоўваецца якойсьці з „дачок“ расейскага „Газпрома“, усё прадумана, спакойна. Хакеісты нацэленыя на вынік і гуляюць. Ніхто ім ня кажа: маўляў, за вамі харвацкая зборная, вы ёй чымсьці абавязаныя і г.д. Гэтаксама павінна быць і ў нашым выпадку: „Дынама“ — гэта „Дынама“, а зборная — гэта зборная, абсалютна дзьве розныя рэчы. І калі хочаш, каб гуляла „Дынама“, то стаўка павінна рабіцца толькі на каманду. А калі хочаш, каб „Дынама“ і зборная былі ў адной зьвязцы, дык тады камплектуецца каманда зусім інакш. Я дагэтуль не магу зразумець, навошта мы купляем легіянэра, які гуляе ў чацьвёртым зьвяне? І калі ў нас такая пастаноўка пытаньня, што нам неабходныя маладыя гульцы, навошта мы падпісваем Лінтнэра? Чалавек па хакейных мерках стары, навошта ён патрэбны? Ён ужо нічым не дапаможа камандзе. То бок калі мы амалоджваем каманду, то павінны дакладна прытрымлівацца гэтай пазыцыі і тлумачыць усім, што мы гуляем на пэрспэктыву. А ў нас нічога не зразумееш: вэктар мяняецца — то канадзкі, то швэдзкі, то фінскі, але ня можам ні да чога прыйсьці. То бок да таго, што акрэсьлівалі, ня можам нават наблізіцца».

Галоўны трэнэр менскага «Дынама» Любамір Покавіч, які прыканцы мінулага году замяніў на гэтай пасадзе Аляксандра Андрыеўскага, крытыку на свой адрас прымае, але, напрыклад, практыку курсіраваньня гульцоў паміж «фармам» і асновай лічыць цалкам нармальнай.

Гэтак, славацкі спэцыяліст прызнаў, што перад дзьвюма запар паразамі ў Ханты-Мансійску і сёньня ў Екацярынбурзе група адразу з шасьці хакеістаў была выпраўлена ў дынамаўскія фарм-клюбы ў Бабруйск і Жлобін. Аднак, па яго словах, гэта не азначае, што гэтыя гульцы камандзе не патрэбныя:

«Наадварот, моладзі ня шкодна ў паўзе атрымаць дадатковую гульнявую практыку, папрацаваць у брыгадах большасьці, нават паспрабаваць сябе ў ролі лідэраў», — кажа Покавіч.

Разам з тым, на яго думку, камандзе бракуе высокаклясных хакеістаў, якія маглі б у адзіночку выконваць самыя высокія задачы.

«Советская Белоруссия» абураецца, што, здавалася, былі для дынамаўцаў часы і горшыя. У першым сэзоне, у другім, калі яшчэ не было «Менск Арэны», калі калектыў толькі ствараўся і ня меў такой трывалай і важкай матэрыяльнай базы:

«Прайгравалі, але біліся. Абыякавых не было ні ў кіраўніцтве, ні на пляцоўцы. А цяпер пасьля паразаў замест злога ашчэру на дынамаўскім твары ўдаецца знайсьці толькі маханьне вейкамі. Міла для фігурнага катаньня, а для хакею не камільфо», — падсумоўвае СБ.

Між тым сам факт публікацыі дае падставу меркаваць, што санкцыянаваная крытыка прывядзе да радыкальнага кадравага ператрусу ў адміністрацыі і трэнэрскім штабе «Дынама».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG