Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі абласны суд адмовіў у вяртаньні дзяцей прыёмным бацькам


Калегія Менскага абласнога суду адмовіла ў задавальненьні пазову былога прыёмнага бацькі Сяргея Захарыча да органаў апекі Чэрвеньскага раёну.

Тацяна і Сяргей Захарычы зь вёскі Жураўкавічы былі прыёмнымі бацькамі чацьвярых дзяўчатак. Старэйшая Вераніка жыла ў сям’і Захарычаў з 2005 году. Два з паловай гады таму ў сям’і зьявілася Даша, а паўтара года таму — сястрычкі Наста і Вераніка. Сям’я дружная, мае паўтара дзясятка грамат, дыплёмаў і падзякаў за добрае выхаваньне дзяцей.

3 верасьня Тацяна і Сяргей Захарычы паехалі ва Ўкраіну, каб купіць дзецям адзеньне — на ўкраінскіх рэчавых рынках яно значна таньнейшае, чым у Беларусі. Прыёмных дзяцей пакінулі на сваіх родных дарослых сына, дачку і пляменьніцу. Хацелі ўправіцца за 3–4 дні, таму не пісалі ў органы апекі заяву на адпачынак. Але ў Адэскай вобласьці Тацяне стала дрэнна, лекары дыягнаставалі гіпэртанічны крыз, і Захарычы былі вымушаныя затрымацца на лячэньне ў паселішчы Затока. Тым часам у дом Захарычаў у Жураўкавічах прыйшлі з праверкай чыноўнікі органаў апекі, не засталі прыёмных бацькоў і 7 верасьня забралі дзяцей спачатку ў шпіталь, а потым перадалі ў іншыя прыёмныя сем’і.

16 верасьня Захарычы вярнуліся дадому. Сяргей напісаў тлумачальную, але яму паказалі копію загаду аб звальненьні з працы прыёмным бацькам за прагул, а на наступны дзень рашэньнем Чэрвеньскага райвыканкаму абаіх сужонцаў пазбавілі апякунскіх правоў — быццам бы з прычыны неналежнага выкананьня абавязкаў апекуноў.

Сяргей Захарыч зьвярнуўся ў суд Чэрвеньскага раёну з пазовам, каб прызнаць незаконным яго звальненьне. Аднак пры канцы лістапада суд адмовіў у аднаўленьні Сяргея Захарыча на працы ў якасьці прыёмнага бацькі-выхавальніка. Тады Захарыч зьвярнуўся з пазовам у Менскі абласны суд.

13 студзеня калегія Менскага абласнога суду заслухала самога Сяргея Захарыча, ягонага прадстаўніка, юрыста Беларускага дзіцячага фонду Алега Бакуліна, загадчыцу аддзелу адукацыі Чэрвеньскага райвыканкаму Ларысу Асановіч. У выніку — таксама адмова ў задавальненьні пазову.

Сяргей Захарыч зьбіраецца падаваць касацыйную скаргу ў парадку нагляду старшыні Менскага абласнога суду, а потым — у Вярхоўны суд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG