Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мова нанова і пад каву


Сёньня ў Менску аднаўляюць працу бясплатныя курсы беларускай мовы. Прычым, наведнікам прапануецца альтэрнатыва: знаёмая многім «Мова ці кава» у крэатыўнай прасторы «ЦЭХ» або новы праект «Мова нанова» ў Галерэі сучаснага мастацтва «Ў».

У першым выпадку вядоўцамі будуць паплечнікі журналісткі Кацярыны Кібальчыч, якая запачаткавала моўны праект адразу ў Маскве, а потым «асімілявала» яго ў Менску, у другім — Глеб Лабадзенка і Алеся Літвіноўская, якія цягам мінулага году працавалі ў камандзе Кібальчыч, але вырашылі выправіцца ў самастойнае плаваньне. Пакуль што заняткі будуць праходзіць паралельна, у адзін і той жа час — а 19-й гадзіне.

Арганізатары моўных курсаў неахвотна камэнтуюць прычыны разыходжаньня, называючы гэта ўнутранымі справамі, якія ня варта выносіць на публіку. Тым ня меней, як кажа Кацярына Кібальчыч, яе мэта — зрабіць камандны праект, які здольны прыцягнуць дадатковую аўдыторыю:

Кацярына Кібальчыч
Кацярына Кібальчыч
«Я хачу, каб гэта быў камандны праект. І не хачу, каб гэты праект па форме і зьместу пераўтварыўся ў творчыя вечары аднаго чалавека. Я хачу, каб новы праект быў прагрэсіўны, каб у ім была канкурэнцыя, каб яго рабіла некалькі параў выкладчыкаў, бо ў кожнага выкладчыка можа быць свая аўдыторыя. Калі мы арганізуем некалькі камандаў і яны па чарзе будуць весьці заняткі, то такім чынам пашырым аўдыторыю. Навучыць людзей граматыцы, калі яны сядзяць і дыхаюць адзін аднаму ў патыліцу ў памяшканьні, дзе ў літаральным сэнсе цяжка дыхаць, бо людзей зашмат, насамрэч вельмі цяжка. Але гэта найлепшы асяродак, дзе можна практыкаваць мову. І гэтым трэба карыстацца.

За год назіраньняў за курсамі я зразумела, што вельмі добра ідзе фармат госьця, фармат дыскусіі, ён ажыўляе людзей, яны пачынаюць гаварыць. Вось на гэта я хачу зрабіць акцэнт. І выкладчыкі, якія будуць займацца курсамі, ня толькі маюць філялягічную адукацыю, але і могуць быць мадэратарамі менавіта такіх дыскусій. Ну, і апошняе: мы будзем рабіць мультымэдыйную відэавэрсію, пра якую я даўно думала, але яе немагчыма было стварыць ва ўмовах Галерэі „Ў“ — было і мала месца, і не зусім тое асьвятленьне. А ЦЭХ — гэта пляцоўка пад 300 мэтраў, там можна рабіць што заўгодна. І мы будзем рабіць відэавэрсію, але не адзін да аднаго, а скарочаную, каб яна была больш дынамічнай. Дакладней, будзе рабіць „Наша ніва“, наш партнэр у гэтай справе».



У праекце «Мова ці кава» застаюцца Васіль Дранько-Майсюк, Алесь Залеўскі і Андрусь Такінданг, якія ўжо маюць досьвед выкладаньня. Да іх далучаюцца Ўладзь Лянкевіч, Алена Пятровіч, Валярына Кустава, Францішак Вячорка. Абноўленую «Мову нанова» будуць весьці Глеб Лабадзенка і Алеся Літвіноўская. Дарэчы, ад сёньня пачынае працаваць сайт movananova.by, дзе будуць выкладзеныя матэрыялы як для самастойнага авалоданьня беларускай мовай, так і для замацаваньня пройдзенага на занятках. Глеб Лабадзенка перакананы, што пашырэньне геаграфіі моўных курсаў трэба толькі вітаць:

Глеб Лабадзенка
Глеб Лабадзенка
«За тыя гады, што мы займаемся беларускай мовай, назьбіралася багата матэрыялаў. Таму мы стварылі сайт і ўсе гэтыя матэрыялы выкладаем там, каб чалавек у любым пункце Зямлі мог самастойна вучыць мову, а таксама дзеля таго, каб людзі, якія будуць наведваць нашы заняткі, маглі паўтараць тое, што на занятках адбываецца. Такім чынам, курсы, апроча рэальнага фармату для жывых слухачоў, таксама пераўтвараюцца ў пляцоўку для віртуальных сяброў беларускай мовы. Увогуле я досыць пазытыўна ацэньваю сытуацыю, таму што, апроч курсаў „Мова нанова“ і курсаў „Мова ці кава“, якія будуць існаваць у „ЦЭХу“, ёсьць яшчэ і іншыя.

Прыкладам, курсы „Прамова“ пры Таварыстве беларускай мовы, якія дзейнічаюць па серадах. Апроч таго, Аляксей Шэін хоча аднавіць свае курсы беларускай мовы, якія ён ужо некалі вёў, і зрабіць гэта па чацьвяргах. Таму для людзей, якія ў Менску хочуць далучыцца да беларускай мовы, ствараецца ўнікальная сытуацыя, калі найменей чацьвёра курсаў на густ кожнага прапануюць такую магчымасьць. І ўсе чацьвёра курсаў дармовыя, што вельмі важна. Таму я толькі цешуся той сытуацыяй, што курсы беларускай мовы памнажаюцца, а таксама пра тое, што калі ў чалавека ўжо ёсьць такое жаданьне, яго выказаў, то ён абавязкова знойдзе, куды яму далучыцца. Гэта проста ня можа ня радаваць».

Падчас першага занятку «Мовы ці кавы» у ЦЭХу адбудзецца прэзэнтацыя міні-размоўніка «Грамадзкае харчаваньне», на якую запрошаныя рэстаратары і супрацоўнікі харчовай сфэры. У прыватнасьці, на сустрэчу прыйдуць гаспадары бара «Тутэйшыя», які пры канцы мінулага году праславіўся «качкай» пра «зьніжкі беларускамоўным». У якасьці адмысловага госьця завітае папулярная сьпявачка Паліна Рэспубліка.

Ня меней насычаную праграму абяцаюць і арганізатары «Мовы нанова» у Галерэі «Ў». Студэнты навучацца віншаваць па-беларуску, сустрэнуцца з беларускамоўным хлебапёкам, пачытаюць «Нашу Ніву» за 1906 год, а таксама пачуюць выступ гурту HandmadE.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG