Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Позву ў суд Рыжову ўручылі ў палаце хірургічнага аддзяленьня


Сяргей Рыжоў
Сяргей Рыжоў

Віцебскі палітык апавёў «Свабодзе», што Першамайскі райсуд прызнаў яго знаходжаньне ў шпіталі ўхіленьнем ад судовага разбору за адміністрацыйнае правапарушэньне — непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. Цяпер міліцыянты прынесьлі яму позву проста ў палату.

Судовы разбор прызначаны на 11 студзеня і мае распачацца а 10-й раніцы ў Першамайскім райсудзе. Сяргея Рыжова, стваральніка незарэгістраванай Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі «Белая Русь», вінавацяць у непадпарадкаваньні міліцыянтам — супрацоўнікам віцебскага мэдвыцьвярэзьніка, дзе ён пабываў 16 лістапада.

Пра гэтае абвінавачаньне ён даведаўся праз два тыдні пасьля здарэньня — калі Сьледчы камітэт праводзіў праверку па ягонай скарзе на зьбіцьцё ў выцьвярэзьніку. Праверка вызначыла, што Сяргей Рыжоў насамрэч атрымаў цялесныя пашкоджаньні, але міліцыянты пры гэтым аніяк не перавысілі сваіх службовых паўнамоцтваў. Адна з траўмаў і стала прычынай таго, што Сяргею Рыжову зрабілі апэрацыю на руцэ, бо паламаныя пальцы пачалі няправільна зрастацца.

Па справе аб непадпарадкаваньні Рыжова першы раз выклікалі ў суд 20 сьнежня мінулага году, але на гэты дзень яму была прызначана мэдычная кансультацыя хірурга. Даведкі пра гэта, як ён кажа, былі адпраўленыя ў суд. Другі раз позву выпісалі на 9 студзеня, але якраз у гэты дзень Сяргею Рыжову зрабілі апэрацыю. А 10 студзеня ў палаце хірургічнага аддзяленьня зьявіліся міліцыянты з новай позвай.

Рыжоў кажа, што ягоны стан прызнаны здавальняючым для выпіскі. І ў такім выпадку заўтра ён пойдзе ў суд. Праапэраваная рука ў яго ў гіпсе, які трэба здымаць толькі праз два тыдні. І гэта можа стацца праблемай, калі яму прысудзяць арышт у ІЧУ. А пагражае яму менавіта такое пакараньне: або «суткі», або значны грашовы штраф.

Ня выключана ў далейшым і крымінальная справа: Рыжова папярэдзілі, што супрацоўнікі выцьвярэзьніка ініцыююць справу за паклёп, калі праверка Сьледчага камітэту скончыцца на іхную карысьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG