Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кураеў гатовы пацьвердзіць свае словы пра эпіскапа Стэфана ў судзе


Андрэй Кураеў
Андрэй Кураеў

«Нават не „блакітны“, а „фіялетавы“ эпіскап з Украіны прымаў удзел у хіратоніі (пасьвячэньні ў эпіскапы) эпіскапа Гомельскага і Жлобінскага Стэфана», — протадыякан Андрэй Кураеў апавёў Радыё Свабода дэталі свайго абвінавачаньня беларускага герарха ў гомасэксуальных дамаганьнях да навучэнцаў духоўных установаў і малодшых сьвятароў.

Протадыякан Андрэй Кураеў заявіў у інтэрвію Свабодзе, што калі Гомельская эпархія падасьць на яго ў суд за паклёп на эпіскапа Стэфана, то абедзьве ягоныя крыніцы, якія паведамлялі яму пра Стэфанавы сэксуальныя дамаганьні, будуць гатовыя сьведчыць у судзе.

Назваць імёны гэтых людзей Андрэй Кураеў пакуль адмаўляецца, бо адзін зь іх дагэтуль дыякан і не сышоў з царквы.

З эпіскапам Стэфанам Андрэй Кураеў знаёмы. Аднак асабісты матыў у сваіх выкрыцьцях Кураеў катэгарычна адмаўляе:

«З эпіскапам Стэфанам мы вучыліся ў паралельных клясах у сэмінарыі, — кажа ён. — Беларусь для мяне — іншая краіна. У тых месцах я не бываў. Толькі ў мінулым годзе пачуў першую з гэтых гісторыяў. Матыў маёй асабістай помсты ці карысьлівасьці ў гэтай справе абсалютна выключаны. Мне з уладыкам няма чаго дзяліць».

На пытаньне, якую рэпутацыю мае эпіскап Стэфан у царкве, Андрэй Кураеў адказвае наступным чынам:

«Рэпутацыю такіх людзей вельмі лёгка даведацца. У царкоўным асяродзьдзі мы больш-менш адзін аднаго ведаем. Ёсьць людзі, пра якіх у царкве ёсьць несумненнае меркаваньне як пра гомасэксуалістаў. І глядзіш проста на кампанію, з кім вядзецца чалавек.

Я адкрываю афіцыйную біяграфію ўладыкі Стэфана і бачу, хто яго высьвячаў на эпіскапа. Справа ў тым, што паводле праваслаўных правілаў гэта нельга рабіць аднаму эпіскапу. Павінен быць сабор. Ня менш як тры эпіскапы павінны сабрацца, каб высьвяціць новага эпіскапа. Гэта сёньня можа быць нават 20 чалавек. Частка зь іх удзельнічае ў гэтым паводле рашэньня Патрыярха ці ў Беларусі — паводле рашэньня мітрапаліта Філарэта. Пры гэтым кандыдату ў эпіскапы даецца права выбраць, запрасіць некалькі чалавек зь ліку сваіх сяброў. Можа, ён запросіць свайго духоўнага настаўніка, ці аднаклясьнікаў па сэмінарыі, ці яшчэ кагосьці. Тых эпіскапаў, зь якімі ў яго добрыя чалавечыя стасункі.

І вось на хіратоніі эпіскапа Стэфана былі такія людзі. З адным зь іх ён ніколі не вучыўся разам, бо паводле ўзросту вялізнае разыходжаньне, гэта эпіскап з Казахстану. Пра яго ізноў жа ў мясцовай прэсе былі адназначныя і вельмі жорсткія публікацыі пра засільле гомасэксуальнага лобі ў ягонай эпархіі з удзелам яго самога.

З Украіны яшчэ такі самы эпіскап прыехаў, пра якога кажуць, што ён не „блакітны“, а проста „фіялетавы“.

А іншых не было, усе астатнія былі эпіскапы зь Беларусі, якія проста дзеля службовага абавязку ў гэтым удзельнічалі».

Паводле інфармацыі сайта patriarchia.ru, у хіратоніі эпіскапа Стэфана бралі ўдзел эпіскапы Ўральскі Антоні, украінскія эпіскапы Чарнігаўскі — Амбросій, Васількоўскі — Панцеляіман і іншыя.

Эпіскап Стэфан
Эпіскап Стэфан
5 студзеня протадыякан Андрэй Кураеў апублікаваў у сваім блогу ліст ад імя Сяргея Ф., які абвінавачваў эпіскапа Гомельскага і Жлобінскага Стэфана ў дамаганьнях і разбэшчваньні маладых сьвятароў і навучэнцаў духоўных установаў. Гэтым запісам Андрэй Кураеў працягнуў выкрываньне «блакітнага лобі» ў РПЦ. 31 сьнежня стала вядома, што Кураева звольнілі з пасады прафэсара Маскоўскай духоўнай акадэміі.

У інфармацыйным аддзеле Гомельскай эпархіі зазначаюць, што ведаюць пра скандал, у якім фігуруе імя эпіскапа Стэфана, але нічога безь ягонага блаславеньня не камэнтуюць:

«Мы ў курсе, што дзеецца і што зроблена. Нам дадуць блаславеньне — значыць, будзе камэнтар. Не атрымаем блаславеньня — значыць, ня будзе».

Поўны тэкст інтэрвію з Андрэем Кураевым чытайце неўзабаве на нашым сайце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG