Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская мова падабаецца расейцам


Беларускамоўная расьцяжка "Квітней, родная Віцебшчына"
Беларускамоўная расьцяжка "Квітней, родная Віцебшчына"
У Віцебску бывае шмат прыежджых з суседняй Расейскай Фэдэрацыі. Яны пачуваюцца тут як дома, бо амаль усе шыльды і назвы ў Віцебску — па-расейску. Хоць у апошні год беларуская мова ўсё ж пачала ўжывацца ў маркетынгавых мэтах.

Зь месяц таму жыхары і госьці Віцебску ўбачылі на Маскоўскім праспэкце шыльду новай кавярні — «Васількі». Вядомая ў Менску сетка рэстарацыяў пашырылася на рэгіёны, і Віцебск стаў першым горадам, дзе зьявілася фірмовая беларускамоўная шыльда. Праўда, шыльда і стравы беларускай нацыянальнай кухні ў мэню — гэта і ўсё, ніякай забаўляльнай праграмы зь беларускім калярытам тут не прапануюць, кажа адміністратар віцебскіх «Васількоў»:

«Не, што тычыцца забаўляльнай праграмы, то ў нас няма нічога такога. У нас проста фонавая музыка. Пасядзець, спакойна паесьці. У нас беларуская кухня, шмат страваў з бульбы. І прыежджыя з Расеі, дарэчы, нашы стравы дужа любяць!»

Недалёка ад «Васількоў» ёсьць яшчэ адна рэстарацыя зь беларускай назвай — «Журавінка». Але яна не прэзэнтуе сябе як установа грамадзкага харчаваньня нацыянальнай кухні. І нават сама назва напісаная з расейскім «и», зазначыў стваральнік сайту «Народныя Навіны Віцебску» Сяргей Серабро. Ён заўжды пры фотаапараце і заўважае нават самыя дробныя зьмены ў абліччы горада:

Сярод рэдкіх у Віцебску візуальных праяваў любові да роднай мовы — яшчэ й запрашэньні на зімовыя кірмашы на плошчы Свабоды.

«Вось „Журавінка“, якую адрамантавалі і яна нядаўна адчынілася, дык там яшчэ ў савецкі час была шыльда нэонавая па-беларуску. А цяпер назва засталася нібыта беларуская, тая самая, але па-расейску, з расейскім „и“. Што можна адзначыць наконт зьяўленьня беларускай мовы на вуліцах Віцебску, дык гэта новае сьвятлодыёднае таблё на Плошчы Перамогі. Раней там трансьляваўся „бягучым радком“ лёзунг „Квітней, родная Віцебшчына!“, а цяпер — віншаваньне з Новым годам па-беларуску і запрашэньне гасьцей у наш горад».

Сярод рэдкіх у Віцебску візуальных праяваў любові да роднай мовы — яшчэ й запрашэньні на зімовыя кірмашы на плошчы Свабоды. А вось гучыць беларуская мова ў горадзе даволі часта: яе могуць чуць з дынамікаў пасажыры любога віду грамадзкага транспарту. Прычым сёлета звароты да пасажыраў яўна былі адрэдагаваныя. Замест няўцямнага «калі вам замінаюць увагу» цяпер чуваць цалкам літаратурныя просьбы «саступаць месцы інвалідам і цяжарным жанчынам», а таксама «своечасова плаціць за праезд».

Сёлета беларуская мова загучала і ў чыгуначным транспарце: у дызэль-цягніках расейскага кірунку, якія ходзяць зь Віцебску ў Рудню Смаленскай вобласьці.

Праўда, па-беларуску абвяшчаюць толькі назвы прыпынкаў, дублюючы гэта і па-расейску. Усе астатнія аб’явы пра неабходнасьць захоўваць чысьціню ды пра забарону расьпіваць сьпіртовыя напоі гучаць па-ранейшаму на расейскай мове.
Але ж вы, беларусы, такія — усё адно лупіце паўсюль па-расейску, дый усё! Я нават пытаюся часам у вас, лянівых, што адно ці другое слова значыць. Ніхто не падкажа

Жыхар Смаленску Віталь дзеліцца ўражаньнямі з пункту гледжаньня жыхара суседняй дзяржавы:

«Так, я вырас у расейскай сям’і, але ня бачу тут ніякай праблемы. Ну, ня ўсе могуць зразумець — дык на тое ж і дублюецца ўсё! Вось чытаю ў вас, мастакі нешта такое пішуць — „з надыходзячым“. Ніякіх пытаньняў! Гэта іміджавыя рэчы. Але ж вы, беларусы, такія — усё адно лупіце паўсюль па-расейску, дый усё! Я нават пытаюся часам у вас, лянівых, што адно ці другое слова значыць. Ніхто не падкажа».

Верагодна, у спадара Віталя нават падазрэньняў няма, што ня ўсе жыхары Віцебску дастаткова валодаюць роднай мовай, каб патлумачыць значэньне нейкага рэдкага слова. Бо «Квітней, родная Віцебшчына!» — самы папулярны слоган у абласным цэнтры, ён сьвеціцца электрычнымі літарамі на афіцыйных будынках, высаджаны кветкамі на фігурных клюмбах на беразе Дзьвіны, трапечацца рознакаляровымі сьцяжкамі на схіле амфітэатру падчас «Славянскага базару». Але выглядае гэта як нейкі шаманскі заклён — бо ў рэальнасьці для таго, каб нешта беларускае тут квітнела, робіцца мала.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG