Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саньнікаў: Лукашэнка большы дэспат, чым Януковіч і Пуцін разам узятыя


Андрэй Саньнікаў
Андрэй Саньнікаў

Артыкул лідэра «Эўрапейскай Беларусі» Андрэя Саньнікава «Дапамагчы Беларусі пазбавіцца ад дыктатуры» надрукавала амэрыканская газэта The Washington Post. Прыводзім яго ў перакладзе Хартыі'97.

Увага ўсяго сьвету апошнім часам прыцягнутая да мужных украінцаў, якія праводзяць шматтысячныя дэманстрацыі, імкнучыся да інтэграцыі з Эўропай для таго, каб пазьбегнуць «абдымкаў» Расеі. Але важна памятаць і пра суседнюю Беларусь, якая геаграфічна знаходзіцца ў сэрцы Эўропы, а палітычна больш падобная на савецкую глуш.

Большасьць яе грамадзян хочуць свабоды, а не рэпрэсій з боку брутальнага дыктатара, больш жорсткага і дэспатычнага, чым прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч і прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін разам узятыя.

Тры гады таму, калі быў кандыдатам у прэзыдэнты, я прыняў удзел у самай масавай за доўгія гады дэманстрацыі пратэсту. У цэнтры Менска людзі рознага сацыяльнага статусу, нягледзячы на холад, выступілі супраць паліцэйскай дзяржавы, супраць масавых фальсыфікацый на выбарах, з дапамогай якіх дыктатар Лукашэнка скраў нашы галасы. Мы прадэманстравалі таксама імкненьне да эўрапейскай будучыні, а не да жыцьця ў адноўленым Савецкім Саюзе.

Такая дэманстрацыя людзкой волі перапалохала Лукашэнку і яго галаварэзаў. АМАП ужыў сілу для разгону мірнай дэманстрацыі, зьбіваючы жанчын, пажылых людзей, усіх без разбору, прымусіўшы нас успомніць часы Другой сусьветнай вайны. Мне давялося правесьці і тыя калядныя сьвяты, і наступныя, і больш за год у турме савецкага тыпу ў якасьці палітвязьня.

Мяне выпусьцілі дзякуючы рэдкай праяве палітычнай волі з боку Эўрапейскага Зьвязу, які ўвёў санкцыі супраць фінансавых спонсараў Лукашэнкі. Аднак далейшых санкцый, якія плянаваліся ЭЗ, не было – у тым ліку з-за актыўнага лябіяваньня Латвіі і Славеніі, – і ў выніку ў беларускіх турмах застаюцца палітвязьні, у тым ліку мой калега, кандыдат у прэзыдэнты Мікалай Статкевіч і праваабаронца Алесь Бяляцкі.

Недахоп волі і стратэгіі ў Эўразьвязу ў адносінах да суседніх краін пачаў праяўляцца, калі ЭЗ ня змог адэкватна адрэагаваць на ўзмацненьне недэмакратычнай улады Лукашэнкі ў сярэдзіне 90-х. У пэрыяд беспрэцэдэнтнага эканамічнага посьпеху ў Эўропе, вялікіх чаканьняў і пашырэньня Эўразьвязу, калі абвяшчалася прыхільнасьць да агульнадэмакратычных каштоўнасьцяў і выкананьня правоў чалавека, Лукашэнка фальсыфікаваў выбары, а яго апанэнты загадкава зьнікалі.

ЭЗ замарозіў адносіны з рэжымам Лукашэнкі, але ня змог прыняць больш сур'ёзных мер – такіх, як правядзеньне міжнароднага расьсьледаваньня. У ЭЗ, мабыць, спадзяваліся, што наступныя выбары будуць справядлівымі. Папулярныя лідэры апазыцыі Юры Захаранка і Віктар Ганчар былі забітыя ў 1999 годзе, Генадзь Карпенка памёр пры загадкавых абставінах. Кожны зь іх карыстаўся шырокай падтрымкай і лёгка выйграў бы выбары ў Лукашэнкі.

Лукашэнка выбудоўваў самую рэпрэсіўную і таталітарную сыстэму ў сёньняшняй Эўропе ў адсутнасьці адэкватнай рэакцыі з боку ЭЗ.

Сёньня Эўропа перажывае крызыс каштоўнасьцяў. Эўрапейскі Зьвяз, падобна, ня бачыць сваёй місіяй умацаваньне і разьвіцьцё дэмакратычных каштоўнасьцяў у самой Эўропе, нягледзячы на тое, што праграма Ўсходняга партнэрства, накіраваная на разьвіцьцё сувязяў ЭЗ з усходнімі суседзямі, закліканая грунтавацца на гэтых каштоўнасьцях. Замест гэтага «Ўсходняе партнэрства» стала сродкам апраўданьня дыпляматычных адносінаў і гандлю з аўтакратамі, уключаючы адносіны з дыктатарам Лукашэнкам, зь якім зноў прапануецца весьці «дыялёг».

Украінцы выступаюць супраць свайго карумпаванага кіраўніцтва, пратэстуючы на Эўрамайдане. Вельмі важна, што эўрапейскія і амэрыканскія палітыкі, такія, як сэнатар Джон Макейн, эўрапарлямэнтары з Польшчы ці міністар замежных спраў Швэцыі Карл Більт, былі на цэнтральнай плошчы Кіева і падтрымалі ўкраінцаў.

Аднак нават рашучай маральнай падтрымкі недастаткова, калі ў справу ўмешваецца Крэмль, прапаноўваючы крэдыты і танны газ. Не для таго, каб выратаваць Януковіча, а для таго, каб захаваць мадэль дыктатарскага праўленьня ва ўсім рэгіёне.

ЭЗ мяркуе, што можна зьберагчы свае інстытуты і каштоўнасьці, супрацоўнічаючы і гандлюючы з недэмакратычнымі суседзямі, Беларусьсю, Украінай, Расеяй, без палітычных і маральных выдаткаў. Гэта памылка.

Ніякае «ўцягваньне» або «рэалпалітык» у адносінах з аўтакратамі не дазволіць Эўразьвязу забясьпечыць сабе прадказальных і бясьпечных суседзяў.

Пытаньне ня ў тым, ці змогуць беларусы пазбавіцца ад апошняй дыктатуры Эўропы і вярнуцца ў супольнасьць эўрапейскіх дэмакратый, а ў тым, калі гэта адбудзецца.

Для гэтага патрэбная стратэгія, заснаваная на прынцыпах. За ўчыненыя злачынствы ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі павінны дзейнічаць санкцыі, а адрасатам палітыкі «ўцягваньня» павінен стаць беларускі народ. Падтрымаўшы дэмакратычны рух, свабодную прэсу, змагароў за свабоду, а таксама транспарэнтнае супрацоўніцтва з Эўразьвязам і ўзгодненыя дыпляматычныя намаганьні адміністрацыя Абамы зможа скараціць час, які на гэта спатрэбіцца, – зь некалькіх гадоў да некалькіх месяцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG