Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін захапіў загалоўкі СМІ ў 2013-м. Як будзе сябе пазыцыянаваць у 2014-м?


Названы найбольш уплывовай асобай ў сьвеце паводле вэрсіі часопіса Forbes, расейскі кіраўнік Уладзімер Пуцін стварыў шмат навінаў сёлета – ад сырыйскай ініцыятывы да няёмкасьці Вашынгтона ў справе Сноўдэна.

Сёлета на прэс-канфэрэнцыі ў верасьні Дзяржаўны сакратар ЗША Джон Кэры зрабіў, як выглядае, спантанную рэмарку, што прэзыдэнт Сырыі Башар аль-Асад мог бы пазьбегнуць зьнешняга ваеннага ўмяшаньня, калі б адмовіўся ад усёй хімічнай зброі.

У той жа дзень прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін перахапіў дыпляматычную ініцыятыву, заклікаўшы свайго даўняга хаўрусьніка зрабіць менавіта гэта, што адкрывае шлях для ўгоды, якая, магчыма, прадухіліць буйную ваенную акцыю і як вынік непрадказальную нестабільнасьць на Блізкім Усходзе.

«Пуцін выкарыстоўвае промах Кэры» – грымелі загалоўкі. Чыста вонкава Пуцін выглядаў глябальным міратворцам на фоне ваяўнічых ЗША.

І ня толькі падчас сырыйскага крызысу Пуцін быў падобны на зьнешнепалітычнага маэстра. Ад гісторыі з былым кансультантам Агенцтва нацыянальнай бясьпекі ЗША Эдвардам Сноўдэнам да рэзкіх разваротаў Армэніі і Ўкраіны ад іх эўрапейскіх інтэграцыйных амбіцый на карысьць больш цесных сувязяў з Масквой. 2013 год прынёс цэлы мех падарункаў расейскаму прэзыдэнту.

Нягледзячы на тое, што імя Пуціна было ў загалоўках сусьветных СМІ, аналітыкі сумняюцца, што тактычныя перамогі зьнешняй палітыкі крамлёўскага лідэра забясьпечваюць адчувальныя доўгатэрміновыя стратэгічныя перавагі для Масквы.

Марк Галеоці, прафэсар Нью-Ёрскага ўнівэрсытэту і экспэрт у расейскіх спэцслужбах:

«Палітычныя лідэры, як правіла, засяроджваюцца на замежных справах, калі яны адчуваюць сябе слабымі і бездапаможнымі ва ўнутраных справах, я думаю, што менавіта гэта адбываецца цяпер у Расеі. Пуцін мае, як падаецца, трыюмф звонку менавіта таму, што ён сапраўды грэбуе ўнутранай палітыкай. Ён насамрэч ня мае стратэгіі, як змагацца з апазыцыяй, як мець справу з доўгатэрміновымі эканамічнымі праблемамі ў Расеі».

Аналітыкі называюць сырыйскую справу разынкай зьнешнепалітычнага году Пуціна.

Андрэй Цыганкоў, прафэсар міжнародных адносін Унівэрсытэту Сан-Францыска:

«Ініцыятыва па Сырыі на сёньняшні дзень зьяўляецца найбольш важнай падзеяй на зьнешнепалітычным фронце Расеі на працягу гэтага году. І тут Расея, вядома, набыла статус. І яна цяпер сапраўды зьяўляецца адным з моцных незаменных гульцоў на Блізкім Усходзе».

Акрамя таго працягваецца справа Сноўдэна, яшчэ адзін выпадак, у якім Масква, падобна, бярэ верх над Вашынгтонам. Сноўдэн, які атрымаў часовы прытулак у Расеі ў ліпені пасьля ўцёкаў працягвае бянтэжыць ЗША зноў і зноў.

З касмэтычнага пункту гледжаньня, гэта была вялікая гісторыя для Пуціна, які пайшоў насустрач і даў бясьпечны прытулак для інфарматара, якога перасьледавалі. Акрамя таго гэта быў неабходны паварот, улічваючы, што 2013 год пачаўся з канфлікту з ЗША з-за санкцый супраць расейскіх чыноўнікаў, зьвязаных са сьмерцю ў зьняволеньні юрыста Сяргея Магніцкага.

Пасьля таго, як Расея ў якасьці помсты забараніла ЗША ўсынаўляць расейскіх дзяцей-сірот, у многіх засталіся ўражаньні, што Пуцін быў гатовы ахвяраваць дзецьмі, каб адпомсьціць за абразу Расеі.

Справа Сноўдэна была менавіта тым, што доктар прапісаў Пуціну, кажа Цыганкоў:

«Сытуацыя са Сноўдэнам, як я яе бачу, гэта ня быў выбар Расеі, але Расея змагла ў канчатковым выніку набраць балы ад незаходніх краінаў і многіх эўрапейцаў, якія даволі крытычныя да Злучаных Штатаў у гэтым выпадку. Такім чынам, Расея была ў стане пабудаваць крыху лепшую рэпутацыю ў вачах многіх эўрапейцаў».

Акрамя таго, Эдвард Лукас, міжнародны рэдактар «The Economist», кажа, што Маскве ўдалося пры дапамозе шчыраваньняў Сноўдэна ўбіць клін паміж Вашынгтонам і Эўропай :

«Калі казаць пра маральную эквівалентнасьць... Крамлёўскія камэнтатары казалі пра канец Захаду, што і там ня вельмі клапоцяцца аб правах чалавека, а проста кажуць пра гэтыя рэчы... Дык у чым розьніца паміж ФСБ і АНБ? І гэта мне здаецца дае крамлёўскім камэнтатарам надзвычайную магчымасьць удару ў адказ. Я лічу гэта даволі пагрозьлівым ў доўгатэрміновай пэрспэктыве».

Іншым буйным здабыткам Расеі ў замежнай палітыцы 2013 было выцягваньне Армэніі ў верасьні з заплянаванага Пагадненьня аб асацыяцыі з Эўразьвязам. За гэтым рушыла ўсьлед у лістападзе заява Ўкраіны аб адмове ад сваіх плянаў падпісаць Пагадненьне аб асацыяцыі з ЭЗ.

Рашэньне Ўкраіны па-ранейшаму ў паветры, паколькі Кіеў і ЭЗ кажуць, што пагадненьне можа быць падпісана яшчэ вясной 2014 году. Тым ня менш, расейскай камбінацыі з энэргетычнай сілы і эканамічных пагроз аказалася цяжка супраціўляцца.

Але сотні тысяч людзей ва Ўкраіне на вуліцах пратэстуюць супраць рашэньня ўкраінскага ўраду, і гэта паказвае, што калі Пуцін мае вялікі вопыт, як ціснуць на кіраўнікоў краіны, то ён прайграе бітву за сэрцы і розумы грамадзянаў гэтых краінаў.

І гэта, кажа Галеоці, паказвае, чаму жорсткай уладзе Расеі будзе цяжка канкураваць з прыцягальнасьцю мяккай сілы Захаду.

Больш за тое, уваходзячы ў 2014 год, Пуцін павінен турбавацца аб неэфэктыўнай расейскай эканоміцы і палітычнай сыстэме, якая застаецца амаль цалкам сфакусаванай на ім асабіста. Палітоляг Цыганкоў кажа:

«Унутры краіны Расея мае патрэбу ў пераменах, ва ўдасканаленьні эканомікі. Яна не дастаткова разьвіваецца дзеля таго, каб вырашаць шматлікія праблемы, у тым ліку на фоне росту Кітая. І палітычная сыстэма Расеі таксама ў стане стагнацыі. Ёсьць шмат пытаньняў, якія неабходна вырашаць. Дзяржава функцыянуе ня так добра, як павінна была б».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG