Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Падбярэскі пра Нацыянальную музычную прэмію


Зьміцер Падбярэскі
Зьміцер Падбярэскі

У панядзелак у Менску прайшла цырымонія ўзнагароджаньня ляўрэатаў Нацыянальнай музычнай прэміі па выніках 2013 году. Падчас вялікага гала-канцэрту назвалі пераможцаў у 18 намінацыях.

Арганізатарамі імпрэзы ўжо трэці год запар выступілі Міністэрства культуры Беларусі і тэлеканал СТВ.

Згодна з Палажэньнем аб Нацыянальнай музычнай прэміі, зьмешчаным на сайце Мінкульту, прэтэндаваць на перамогу ў той ці іншай намінацыі могуць выканаўцы, якія (цытую) «зьяўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь незалежна ад месца жыхарства». Што датычыць пэрыяду, які штогод падлягае разгляду арганізатараў ды журы, дык «На конкурс падаюцца творчыя праекты, рэалізаваныя ў галіне эстраднага музычнага мастацтва ў пэрыяд зь верасьня мінулага году па жнівень бягучага году». Гэта значыць, што ў намінацыі «Найлепшы канцэрт году» нашумелы выступ групы «Ляпіс Трубяцкі» ў Вільні можа разглядацца толькі ў 2014 годзе.

Дарэчы, цяжка зразумець, ці зазіралі на старонку з Палажэньнем аб прэміі тыя, хто зьмясьціў там гэты тэкст. Непрыемна ўражвае тое, што многія словы там напісаныя без прабелаў кшталту «ўзаемадзеянне з зацікаўленымісуб’ектамікультурнайдзейнасці, іншыміарганізацыяміпа...».

Маюцца нюансы і з тым, як тыя ці іншыя выканаўцы трапляюць у лік прэтэндэнтаў на прэмію. Згодна з Палажэньнем, заяўку на адрас адборачнай камісіі высылаюць самі выканаўцы. На практыцы гэта часта атрымліваецца не зусім так: ад імя арганізатараў наладжваецца сувязь з магчымымі ўдзельнікамі, пасьля чаго ім накіроўваецца форма заяўкі. Іншымі словамі: на разгляд адборачнай камісіі адных артыстаў могуць «мякка» выцягнуць, у тым ліку ледзь не дыктуючы ім тую ці іншую намінацыю, у той час як іншых далікатна абмінуць. Мне могуць запярэчыць: вунь жа ў намінацыі «Найлепшая беларускамоўная песьня» прысутнічае твор у выкананьні «N.R.M.»! Безумоўна, гэта – прагрэс. Але што было, калі б «N.R.M.» быў ня трыо, як цяпер, а квартэтам з удзелам Лявона Вольскага?

А калі параўнаць сьпісы намінантаў усіх трох гадоў, няцяжка заўважыць, што вельмі многія назвы і імёны пасьпяхова вандруюць па намінацыях, у той час як іншых няма нідзе.

Вось і маем галоўны мінус Нацыянальнай музычнай прэміі, арганізатары якой ужо трэці год запар абмінаюць некаторых выканаўцаў, нібыта іх наогул не існуе, нібыта яны ўжо каторы год нічога ня робяць. Маю на ўвазе тых самых, з неафіцыйнага «чорнага сьпісу», які, па сутнасьці скараціўся апошнім часам да двух прозьвішчаў (Вольскі ды Вайцюшкевіч) і адной назвы («Ляпіс Трубяцкі»).

Ужо пасьля першай цырымоніі гэтай прэміі я задаўся пытаньнем: чаму, калі прэмія мае статус нацыянальнай музычнай, яна абмінае выканаўцаў акадэмічнай музыкі? Тут альбо назва прэміі не зусім карэктная, альбо для выканаўцаў і творцаў музыкі «сур’ёзнай» задумана свая прэмія, да якой усё яшчэ не дайшлі рукі. Бо калі сёлета ў намінацыі «Найлепшы этна-фольк выканаўца (калектыў)» значыцца назва «Харошкі», міжволі пачынаеш напружвацца: «Харошкі» звычайна адносілі ўсё ж да харэаграфічнага жанру, хоць фальклёрныя творы калектыў таксама выкарыстоўвае. Гэтак жа сама нелягічным выглядае прысутнасьць у гэтай намінацыі і песьні «Ave Maria» ў выкананьні групы «Стары Ольса», бо твор гэты нельга адносіць ні да фольку, ні тым больш да этна.

Паходзіць ён з рукапісу 14 стагодзьдзя «Libre Vermell de Montserrat», музыка і словы твору напэўна мелі аўтара. Дарэчы, «Стары Ольса» ўжо перамагаў у гэтай намінацыі год таму...

Намінацыя «Лепшы джаз-выканаўца (калектыў)». Выбар у гэтай галіне ў Беларусі больш чым сьціплы. А калі ўлічыць, што група «Apple Tea» ўжо мае прэмію, дык сёлета напэўна пераможа альбо «Vip Jazz» Андрэя Славінскага, альбо група «Tanin Jazz». Заўважу: тыя салісты і калектывы, што выконваюць ня джаз, а проста інструмэнтальную музыку (а іх, паверце, хапае), дзякуючы адсутнасьці спэцыяльнай намінацыі застаюцца наогул па-за бортам прэміі.

Што да іншых намінацыяў, дык і да іх можна выставіць сякія-такія пытаньні. Магчыма, і ня вельмі прынцыповыя, але...

Ведаеце, неяк вельмі ўжо рэжа вока назва намінацыі «Найлепшая беларускамоўная песьня». Інакш кажучы, для арганізатараў прэміі ёсьць проста «найлепшыя песьні», але маецца ў пэўным сэнсе рэзэрвацыя пад назвай «найлепшыя беларускамоўныя». Усім вядома, як кіраўніцтва большасьці FM-станцыяў ставіцца да твораў на беларускай мове. Думаецца, выказанае імкненьне заснаваць менавіта гэтую намінацыю з боку арганізатараў прэміі, каб актывізаваць напісаньне і выкананьне песень на беларускай мове, і было высакародным. Але на практыцы атрымлівае якраз адваротны эфэкт, таму што яно ставіць такія творы ў становішча гэткай пап-Папялушкі. Зрэшты, з гэтым можна й спрачацца...

Дзіўнаватым выглядае і сьпіс намінантаў у галіне рок-музыкі. Група «Без билета» – гэта ўсё ж прадстаўнік пап-жанру, як і «Лермонт». А вось «Litesound», калі не памыляюся, ужо трэці год запар зьяўляецца ў той ці іншай намінацыі, хоць да ўласна рок-музыкі мае куды больш дачыненьня, чым два названыя вышэй калектывы. Аднак заўважу: усе гэтыя тры групы цягам апошняга году ўсё ж не былі ў ліку лідэраў сярод прадстаўнікоў рок-музыкі.

Што да намінацыі «Найлепшы музычны альбом», дык у Палажэньні аб прэміі можна ўбачыць: «Асноўнымі крытэрыямі ацэнкі творчых праектаў зьяўляюцца іх мастацкая каштоўнасьць і грамадзкая значнасьць». На перамогу ў гэтай намінацыі значацца: Анатоль Ярмоленка з альбомам «Где калина цвела», група «Цвет алоэ» («Наше лето») і «Кriwi» ("Traukamurauka"). Мастацкая каштоўнасьць песень групы «Цвет алоэ» сягае, на маю думку, у лепшым выпадку карпаратываў. Пры гэтым я вельмі сумняваюся, што хто-небудзь зь ліку тых выканаўцаў, якія не выдавалі альбом у фармаце CD, а зьмяшчалі яго ў Інтэрнэце, дасылаў заяўку на ўдзел у конкурсе. Але ж на перамогу ў гэтай намінацыі маглі прэтэндаваць «Палац» (альбом «Кола грукатала»), Зьміцер Вайцюшкевіч («Ваячак»), «Аляксандра і Канстанцін» («М1»), Ірэна Катвіцкая («Этна-фантазія»), групы «Indorath» («Ad astra»), «Shaman Jungle» («Sky Bathyscaph»), «Yellow Brick Road» («Futuromental»), «BosaeSonca» («Залаты»), «Naka» («Довольна»). Хутчэй самі арганізатары фармавалі сьпіс прэтэндэнтаў у гэтай намінацыі, яўна не ўзяўшы ў разьлік той факт, што цягам справаздачнага пэрыяду колькасьць Інтэрнэт-выданьняў нашмат апярэдзіла колькасьць традыцыйных рэлізаў.

Ня ведаю, як было летась і як яно будзе цяпер, але першая цырымонія ўручэньня Нацыянальнай музычнай прэміі адбывалася на расейскай мове. Камэнтароў тое хіба не патрабуе...

У апошнія хвіліны прыйшла інфармацыя, што з-за арганізацыйнай анархіі, якая зьневажала іх годнасьць, джаз-група «Apple Tea» ў поўным складзе пакінула цырымонію.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG