Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мсьціславе адкрылі шыльду ў гонар Івана Насовіча

абноўлена

У Мсьціславе адкрылі памятную дошку Івану Насовічу
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:09 0:00
15 сьнежня ў Мсьціславе на будынку школы мастацтваў усталявалі памятную дошку ў гонар беларускага мовазнаўца, фальклярыста і этнографа Івана Насовіча.

Складальнік аднаго зь першых слоўнікаў беларускай мовы і «Зборніка беларускіх прыказак» на пачатку 19 стагодзьдзя быў рэктарам мясцовай духоўнай вучэльні, а пасьля выхаду ў адстаўку да скону ў Мсьціславе займаўся навуковай працай.

Ушанаваць памяць навукоўца ўсталяваньнем памятнай дошкі прапанавала Таварыства беларускай мовы. Яе вырабілі на прыватныя ахвяраваньні.



На ўрачыстасьць адкрыцьця памятнай дошкі на пляцоўцы перад школай мастацтваў сабралася немалая грамада рупліўцаў беларускай мовы і культуры — як мясцовых, гэтак і прыежджых, з Магілёва.
Будынак школы мастацтваў (cправа) і будынак колішняга кляштару (на дальнім пляне)
Будынак школы мастацтваў (cправа) і будынак колішняга кляштару (на дальнім пляне)



Адкрыў імпрэзу намесьнік старшыні райвыканкаму Сьвятаслаў Кусаў. Ён падзякаваў Таварыству беларускай мовы за дбайнае стаўленьне да мсьціслаўскай мінуўшчыны. Адзначыў, што гэта ня першая ўсталяваная шыльда з ініцыятывы ТБМ, якою ушаноўваць слынных дзеячаў беларускай культуры ў райцэнтры.

«Творы, якія стварыў Іван Насовіч, дужа моцныя па сваёй натуры. Самая галоўная ягоная праца — слоўнік беларускай мовы. У ім больш за трыццаць тысяч слоў ды яшчэ з тлумачэньнямі. Гэтую вялікую працу ён рабіў 16 год. Такое мог зрабіць толькі навуковы інстытут, а Насовіч зрабіў у адзіночку. Вялікі дзякуй тым, хто ўдзельнічае ў адраджэньні беларускай мовы і культуры. Хацелася б, каб імя Івана Насовіча захавалася ў памяці кожнага чалавека, які жыве ў гэтым горадзе і прыяжджае сюды, каб пазнаёміцца з нашай культурай і жыцьцём нашых продкаў», — зьвярнуўся да грамады Сьвятаслаў Кусаў.

Памятная дошка Івану Насовічу
Памятная дошка Івану Насовічу


Мастацкая школа займае адзін з будынкаў колішняга езуіцкага кляштара, які ў 1820 годзе перадалі праваслаўным. Касьцёл перарабілі ў Мікалаеўскую царкву. У ёй і месьцілася духоўная вучэльня, рэктарам якой быў Іван Насовіч.

За савецкім часам будынак сьвятыні цудам захаваўся. Цяпер яго спрабуюць адрамантаваць. Як звонку, гэтак і зь сярэдзіны камяніца моцна пашкоджаная.

«У Мсьціславе многія будынкі адрэстаўраваныя — многія занядбаныя. Мы, едучы сюды, сёньня згадвалі тых людзей, якіх акрамя нас ніхто не згадае: Зьмітрака Астапенку, Станіслава Шушкевіча, Аркадзя Куляшова і многіх іншых. Мы наведалі Вялікую Багацькаўку, там згадвалі братоў Гарэцкіх. Івана Насовіча пахавалі на цьвінтары мясцовага Пячэрскага манастыра, які зьнесьлі. Ад яго засталася толькі агароджа. Прыйдзе час і на той агароджы таксама будзе шыльда, на ёй будзе напісана, што тут пахаваны вялікі беларус, вялікі філёляг Іван Насовіч», — казаў у сваім выступе старшыня Магілёўскай суполкі ТБМ Алег Дзьячкоў.

На імпрэзе
На імпрэзе


На памятнай дошцы, якая цяпер на будынку школы мастацтваў, сьціплы надпіс «У гэтым будынку ў 19 стагодзьдзі рэктарам Мсьціслаўскай духоўнай вучэльні працаваў выбітны беларускі мовазнавец, фальклярыст і этнограф Іван Насовіч».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG