Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Астраўцоў пра Валэнсу з прыклеенымі вусамі


Лех Валэнса, Робэрт Вянцкевіч i Анджэй Вайда, рэжысэр фільма «Валэнса. Чалавек надзеі»
Лех Валэнса, Робэрт Вянцкевіч i Анджэй Вайда, рэжысэр фільма «Валэнса. Чалавек надзеі»
Актору Робэрту Вянцкевічу прыклеілі вусы і бакі, каб меў падабенства да Леха Валэнсы. Маёй галоўнай мэтай у Варшаве было паглядзець новы фільм Анджэя Вайды «Валэнса. Чалавек надзеі», які палякі прапануюць Галівуду на «Оскара». Кінатэатар «Атлянтык» на Хмельнай, побач з Маршалкоўскай. Асноўная хваля паказу мінула, стужку круцяць толькі на ранішніх сэансах, хаця квіток не назавеш танным — 21 злоты, 7 даляраў. У залі каля дваццаці польскіх пэнсіянэраў і я.

1.

Некалі я пастаянна бачыў Леха Валэнсу ў польскіх тэленавінах, хаця ён не прысутнічаў у іх штодня, як наш «першы». Мне ён цікавы як чалавек і цікава было назіраць, як Вянцкевіч з дапамогаю рэжысэра выбудоўвае характар лідэра «Салідарнасьці», будучага першага прэзыдэнта ў свабоднай Польшчы.

Гасьне сьвятло: вядомая журналістка Арыяна Фалачы едзе да Валэнсаў рабіць інтэрвію зь лідэрам «Салідарнасьці». За «Мэрсэдэсам» хвост — «Волга». Валэнса адразу перапыняе госьцю: «Я просты рабочы, але ня маю комплексаў: ні адносна генэралаў, ні — прэм’ераў, ні адносна вас». І першае пытаньне задае ён сам: на гэтым інтэрвію ён прыдбае нешта ці страціць? Яна пачынае гнуць сваё: пытаньні задае журналістка. Ён перапыняе: «У вас аўтарытарны стыль, тыпова дыктатарскі! Я чалавек веры і ведаю, што ў такі момант патрэбны такі чалавек, як я». Патрэбны ў Польшчы, палякам.

Вяртаньне назад: 1970 год, Гданьск. Лех мые ногі цяжарнай жонцы. Зьяўляецца знаёмая з радаснай навіной: ён можа атрымаць дзіцячы вазок, але цішком. На складзе паведамляе — прыбылі толькі тры, таму трэба выйсьці праз задні ход: «Ведаеце, што гэта за людзі? Садысты!» Валэнса ў захапленьні — дзіцячы вазок «як „Мэрсэдэс“»!.. Але на вуліцы раптам пачынаецца страляніна. «Вайна!» — крычыць кабета. Ён вылятае з вазком. Дома першы раз здымае з рукі шлюбны пярсьцёнак і гадзіньнік: «Калі не вярнуся, прадасі», кажа жонцы Дануце (цягам фільму гэта будзе паўтарацца некалькі разоў).

Валэнса трапляе ў гушчыню падзеяў: на рабочых вэрфі, якія пачалі страйкаваць супраць падвышэньня цэнаў на харчы, кінутая бранятэхніка, узброеныя баявымі патронамі жаўнеры. Увага: па беларускіх паняцьцях падаражэньне зусім невялікае, звычайнае. На мясныя вырабы — на 17,6%, на муку — на 16%, на малако — на 8%. Самае значнае на збожжавую каву — на 92,1%. Вось вам, калі ласка, чым адрозьніваецца паляк ад беларуса.

Ён спрабуе стрымаць сваіх, засьцерагае, але апынаецца з мноствам арыштаваных у пастарунку. Адразу допыт, патрабаваньне падпісаць пратакол. Апошняя папера — аб кантактах зь імі, «кансультацыях, абмену думкамі». Ён адмаўляецца: «Хочаце зрабіць зь мяне пса?!» Яны нібы прагаворваюцца, што ў яго нарадзіўся толькі што сын і калі ён хоча выйсьці на волю, трэба падпісаць, інакш — «пяць год». Ён вагаецца і падпісвае (але пазьней адмаўляецца зь імі размаўляць і вылятае з працы).



Зноў Фалачы: «Калі вы зразумелі, што сталі правадыром?» Адказ: «Прыяцелі казалі мне: навошта ты ўмешваесься? А мне падабаецца ўмешвацца! (...) І я гэта зрабіў таму, што ніхто не хацеў гэтага зрабіць!» І калі ніхто не хацеў ісьці на сход і прамаўляць, Валэнса ішоў і прамаўляў: «Таму што я ведаю, у якой краіне мы жывем». Такі вось просты сакрэт правадырства.

2.

У Народнай Польшчы сацыялізм: на Гданьскай суднавэрфі імя Леніна пастаянна адключаюць электрычнасьць. Рабочым адказваюць: будзеце працаваць уначы. На сходзе начальства паведамляе: праца стала для палякаў «крыніцай радасьці», пры капіталізьме працоўным даводзіцца па-ранейшаму змагацца за свае правы. Таму трэба прагаласаваць у падтрымку страйкуючых докераў Бразыліі. Адзінагалосна. Другі пункт: рабочы зачытвае амаль па складах прапанову ўсім прагаласаваць за добраахвотныя штрафы, бо «зламалі графік працы і ня выканалі плян» і павінны за гэта адказваць. І тут выбухае Валэнса! Усе рабочыя яго падтрымліваюць, заля пляскае.

Фалачы: «Хто вас навучыў так дзейнічаць?» Адказ: «Я чалавек, які адчувае ўнутры вялікі гнеў! Гнеў, які насіў у сабе заўсёды, ад хлопца. І калі гэтага гневу нагрувасьціцца столькі, колькі нагрувасьціў я, скончыцца тым, што я гэтым гневам здолею скарыстацца напоўніцу. І гэта тлумачыць, чаму я магу запанаваць над тлумам, над страйкам. Трэба мець у сабе вялікі гнеў, каб умець запанаваць над сьвятым гневам людзей. Трэба ўмець жыць з гневам!»

Безумоўна, Валэнса рыхтаваўся да інтэрвію, прадумваў магчымыя адказы. І гэта цікавая знаходка: гнеў унутры цябе! Прычым гэта не гучыць як выдумка. Задумайцеся: гучыць, наадварот, вельмі пераканаўча, абгрунтавана. Гнеў як вялікае незадавальненьне несправядлівасьцю, як выбуховае жаданьне зламаць яе, зьмяніць нядобрае жыцьцё. І з гэтым гневам міжволі мусіла лічыцца начальства ПНР, пайшло на перамовы, былі дазволены незалежныя прафсаюзы!

Канечне, пераможцу «праскай вясны» Брэжневу пад заслону жыцьця атрымаць такую «пляму» на мундзір не выпадала. Крэмль ціснуў: закручвайце гайкі, закручвайце! У выніку Ярузэльскі абвяшчае ваеннае становішча (13 сьнежня 1981 г.), актывістаў «Салідарнасьці» ізалююць. Аднак Валэнса — чалавек, якому пашчасьціла трапіць у свой час. І ў гэтым таксама яго моц, якая абумоўленая канкрэтнымі гістарычнымі акалічнасьцямі: памірае Брэжнеў, дзяды ў Палітбюро пераключаюцца на свае палацавыя справы, дзеячаў «Салідарнасьці» выпускаюць. Яны перамаглі!

3.

У інтэрвію жаночаму часопісу «Высокія абцасы», які выдаецца «Газэтай Выборчай», актор Робэрт Вянцкевіч успамінае, што ў часы «Салідарнасьці» яго бацька сядзеў «з вухам пры радыё» і слухаў «Свабодную Эўропу». Дарэчы, ён быў шахцёрам. А таксама бацька адгадаваў вусы, як і большасьць палякаў тады. Вось што азначалі вусы Валэнсы ў той час! А вось у беларусаў так і ня ўзьнікла моды на вусы «пад Лукашэнку».

Як выканаўцу ролі Валэнсы, Робэрту Вянцкевічу неабходна было вывучаць, як той выступаў, рытм яго маўленьня, яго жэстыкуляцыю, «мову цела». Актор таксама зразумеў, што трэба зьмяніць свой голас, што вельмі цяжка, паколькі нельга «пераступіць тонкай мяжы сьмешнасьці ці пародыі».

Але нават прагледзеўшы аматарскія стужкі зь сямейнага архіву першага прэзыдэнта, актор пераканаўся яшчэ болей, што ён чалавек-enigma. «Здавалася б, што мы ўсё пра яго ведаем, але так напраўду ведаем мы няшмат», сказаў Вянцкевіч. Ён таксама прызнаўся, што хацеў свайго героя «ачалавечыць», каб ён ня быў «з цэлюлёіду, жалеза, бэтону, бронзы ці з мармуру».

4.

Валэнса — ня мой герой, але ён выклікае ўва мне сымпатыю, таму было цікава паназіраць за тым, як ён сам сябе (намаганьнямі Робэрта Вянцкевіча) цягам фільму ствараў пад уплывам абставінаў, неспрыяльных, гвалтоўных. У ім былі спантаннасьць, унутраны агонь, але й быў стрыжань... Кожны народ нараджае свайго героя. Такі гнеў быў і застаецца ў сыне беларусаў Лукашэнку. Толькі гнеў гэты ў яго і ў Валэнсы мае супрацьлеглы вэктар. Вось у чым адрозьненьне. Таму палякі глядзяць наперад, а беларусы, бадай, не. Увесь свой унутраны гнеў з-за хаўтураў СССР яны перадалі Лукашэнку, умацавалі яго, далі на сябе абаперціся. Такія думкі таксама выклікае, апроч іншых, прагляд новага кінафільму Анджэя Вайды «Валэнса. Чалавек надзеі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG