Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сілезцаў не прызналі ні нацыяй, ні нацыянальнасьцю


Марш Шлёнскай аўтаноміі

Сілезцаў (шлянзакаў) нельга лічыць асобнай нацыяй, і таму ў Польшчы нельга зарэгістраваць арганізацыю пад назвай Таварыства людзей шлёнскай нацыянальнасьці (Stowarzyszenie Osób Narodowości Śląskiej).

Гэтак вырашыў Найвышэйшы суд Польшчы, адказваючы на апэляцыю пракуратуры, якая выступіла з просьбай скасаваць рэгістрацыю згаданага Таварыства, праведзеную ў сьнежні 2011 году судом ніжэйшай інстанцыі.

«Паважаючы перакананьне часткі шлянзакаў адносна некаторай іх адасобленасьці, якая вынікае з культуры і рэгіянальнай гаворкі, нельга аднак пагадзіцца з пастулятам, што ствараецца шлёнская нацыя або што яна ўжо існуе – у колькасьці некалькіх соцень чалавек, якія дэкляравалі такую прыналежнасьць у агульным перапісе» – заявіў Найвышэйшы суд.

Паводле суду, як паведамляе прэс-агенцтва ПАП, «імкненьне ад набыцьця аўтаноміі і адчуваньня поўнай улады людзей „шлёнскай нацыянальнасьці” на тэрыторыі Шлёнска трэба ацаніць як імкненьне аслабіць еднасьць ды цэласнасьць польскай дзяржавы, што супярэчыць прынцыпу, які вынікае з Артыкулу 3 Канстытуцыі Рэчы Паспалітай».

Артыкул 3 Канстытуцыі Польшчы гучыць: «Польская Рэч Паспалітая зьяўляецца аднароднай дзяржавай».

ПАП таксама паведамляе, што ў тлумачэньні свайго рашэньня Найвышэйшы суд выразна падкрэсьліў, што вынікі перапісу 2011 году, у якім 800 тысяч чалавек залічыла сябе да шлёнскай нацыянальнасьці, не даюць падставы да высновы, што існуе шлёнская нацыя.

Упершыню Таварыству людзей шлёнскай нацыянальнасьці ў Польшчы было адмоўлена ў рэгістрацыі ў 1998 годзе. Шлёнскія дзеячы абскардзілі гэтую адмову ў Трыбунале правоў чалавека ў Страсбуры, але трыбунал палічыў, што не зьяўляецца кампэтэнтным органам, каб вырашаць, зьяўляюцца шлянзакі нацыянальнай меншасьцю ці не. У сьнежні 2011 году Таварыству ўдалося зарэгістравацца ў судзе ў Аполі. Цяперашняе рашэньне Найвышэйшага суду скасоўвае гэтую рэгістрацыю.

Шлянзакі ў Польшчы жывуць на поўдні краіны, у двух ваяводзтвах: Шлёнскім з адміністрацыйным цэнтрам у Катавіцах ды Апольскім з адміністрацыйным цэнтрам у Аполі.

На Шлёнску дзейнічае зарэгістраваная ў 2001 годзе арганізацыя пад назвай Рух за аўтаномію Шлёнска, якая паставіла сабе мэтай стварыць аўтанамічную акругу ў межах Верхняга Шлёнска (Верхняй Сілезіі). Інтэрвію са старшынём Руху аўтаноміі Шлёнска Ежы Гажэлікам чытайце тут.
Мапа Шлёнскай аўтаноміі
Мапа Шлёнскай аўтаноміі

Глядзець камэнтары (4)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG