Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрыя ці прапаў


Здавалася, сама маці-прырода вырашыла ня даць ім тады ўвайсьці ў гісторыю — як пісалі да гістарычнага матэрыялізму. Пасьля так пісаць перасталі: пераможцаў ня судзяць, асабліва калі іх літаўры ня ведаюць літасьці, а іхны дэвіз не пакідае выбару: ці патрыя, ці прапаў.

У ноч зь першага на другога сьнежня 1956 году яхта «Гранма», на борце якой ванітавала 77 кубінцаў, аднаго аргентынца, аднаго мэксыканца, аднаго дамініканца, аднаго італійца, а яшчэ адзін кубінец задыхаўся ад астмы, падышла да берагоў будучай Выспы Свабоды. Зрэшты, ніхто на яхце ня ведаў дакладна, дзе яны апынуліся. Кастра прыгадваў потым, што самая жудасная думка, якая прыходзіла яму ў галаву ў тую ноч, была думкай пра тое, што высадка адбудзецца каля аднаго з прыбярэжных астравоў. І Куба так і не даведаецца, каму яна больш за ўсіх патрыя.

Вось іх карабель запаволіў ход. Штурман «Гранмы» Рабэрта Роке спадзяваўся адшукаць у цемры агні маяка. Залез на дах рубкі, яхта сьцепанула плячом — і штурман паляцеў проста ў хвалі, якія не марудзячы абнялі яго да душы ягонай.

Атрад зьбіраўся не заўважыць страты байца — у тую ноч было не да сантымэнтаў. Пагатоў нельга было ўключаць ліхтары, каб ня выдаваць сябе. Аднак па непрацяглым роздуме Кастра загадвае ўсё ж шукаць небараку. Празь некалькі гадзін Роке вылавілі, жывога і вясёлага.

Потым «Гранма» трапіла на неглыбокае месца, днішча тыцнулася ў пясок — і матор заціх.

Пачалі грузіць у шлюпку вінтоўкі, патроны, гранаты. Фізычныя законы спрацавалі лепей за памежныя службы Батысты: як толькі шлюпка была загружаная, яна паслухмяна перакулілася разам з усім начыньнем. Чэ Гевара з усьмешкай назаве гэта «караблекрушэньнем». Праўда, зброі заставалася яшчэ дастаткова, каб выбраць самім і даць выбраць іншым: патрыя ці прапаў.

Па горла ў вадзе 77 кубінцаў, аргентынец, мэксыканец, дамініканец і італіец, і яшчэ адзін кубінец, які задыхаўся ад астмы, рушаць да берага, які сустракае рэвалюцыянэраў шчыльным мангравым лесам, што расьце проста на балоце. Мангр, як вядома, ня мае нічога агульнага з манга — гэтая контррэвалюцыйная расьліна ўтварае нізкія непралазныя зарасьнікі, нешта сярэдняе паміж павуціньнем і газавай камэрай. Яе адмыслова прыдумаў крывавы рэжым Батысты, каб зэканоміць на абароне. А яшчэ служкі дыктатара разьлілі тут тоны ліпучай гразі, у якую ногі правальваюцца да шостага калена.

Туман такі, што не відаць, што робіцца пад рукой. Падманлівыя мангры хапаюць байцоў за плечы. Патрыя ці прапаў, рытарычна шэпчуць яны. Паўтара кілямэтра экіпаж «Гранмы» адольвае за пяць гадзін. Вось яна — першая хуткасьць рэвалюцыі. Калі іхныя ногі ступаюць на цьвёрдую зямлю, ім здаецца, яны здольныя лётаць.

Яны прыдумалі сябе — і прыдумалі сабе краіну. Напэўна, гэта самае важнае — умець прыдумаць сябе. Далейшае ўжо ня так цікава — тэхнічныя дэталі, кшталту цечы ў днішчы шматпакутнай «Гранмы». Яны мелі мару. Мара — страшнае слова. Самыя вялікія злачынствы адбываюцца тады, калі нехта марыць, а добрыя людзі нічога ня робяць. Калі выбар толькі адзін: ці патрыя, ці прапаў. Што да пана, дык ён тут не прадугледжаны — бо буржуй, эксплюататар і наагул амэрыканскі шпіён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG