Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэмпіёны імпэрыі


Тое першынство любяць успамінаць ня толькі ў Беларусі: напал атрымаўся што трэба, дый гульні былі відовішчныя ды багатыя на галы. А ў самой Беларусі трыюмф галоўнай футбольнай каманды па сваёй значнасьці нечым нагадваў старажытнарымскія... Вось толькі легіянэраў у нашым «Дынама» было няшмат: амаль уся каманда — свае, беларускія хлапцы. Вось жа, 1982 год, чэмпіянат СССР па футболе, вышэйшая ліга: шмат для каго пераможнае шэсьце менскіх дынамаўцаў па турнірнай табліцы зрабілася тады ня толькі нагодай выпіць за беларускі спорт — у соцень і тысяч людзей яно прымусіла заварушыцца заснулае нацыянальнае пачуцьцё. Так, прынамсі, кажуць легенды і казкі былых пакаленьняў...

Менскае «Дынама» ў тым турніры не адзін раз паказала маскалю, што ён дарэмна ўважае сябе за цэнтар футбольнага сусьвету. Ужо ў першым коле менчукі выйгралі ў маскоўскіх «Дынама» і «Спартака», а ў другім дык наагул разграмілі тое маскоўскае «Дынама» зь лікам 7:0.

Перад апошнім турам інтрыга была такая, што пазайздросьціў бы любы аўтар дэтэктываў. Як кажуць, у патыліцу лідэрам са сталіцы БССР дыхалі кіяўляне. Усё мусілі вырашыць матчы «Спартак»-«Дынама» (Менск) і «Арарат»-«Дынама» (Кіеў). Калі б менчукі прайгралі, а кіяўляне перамаглі, залатыя мэдалі паехалі б ва Ўкраіну. Такім чынам, менскаму «Дынама» патрэбная была толькі перамога. «Нам ня трэба спадзявацца, што кіяўляне спатыкнуцца ў Ерэване, — сказаў Малафееў. — Трэба самім вырашыць свой лёс». Рыхтык як нацыянальны дзяяч дваццатых гадоў. Маўляў, у крывавых муках, але народзім.

19 лістапада ў ЛФК ЦСКА менчукі выйшлі супраць «Спартака», перад якім асаблівых турнірных задач ужо не стаяла, але купінай пад нагамі тырчала пытаньне прэстыжу: ну як гэта, нейкім выскачкам-бульбашам у Маскве задуць? Зрэшты, газон у ЛФК ЦСКА быў штучны. І «Спартаку» ён не дапамог.

Ужо на першых хвілінах Гурыновіч выйшаў сам-насам з Дасаевым, але прабіў вышэй. Наагул, першыя пятнаццаць хвілін менчукі атакавалі так актыўна і ўпусьцілі столькі магчымасьцяў — а Дасаеў гуляў так самааддана, што здавалася, «Спартак» доўга ня вытрымае. А лік першымі адкрылі гаспадары: Калашнікаў, дарма што купец і аўтамат, здолеў адправіць мяч у браму Вергяенкі. Гульня крыху супакоілася. А пасьля пачалася песьня...

28-я хвіліна. Пудышаў-Пракапенка-Гурыновіч: 1:1.

34-я хвіліна. Пудышаў аддае пас на Гурыновіча: 2:1 на карысьць менчукоў.

Пачаўся другі тайм — і зь перадачы Гоцманава магутным ударам забівае Васілеўскі.

57-я хвіліна. Алейнікаў пасьля перадачы з флянгу чацьверты раз засмучае Дасаева. 4:1!

«Спартак» здолеў аднавіць розьніцу ў ліку да мінімуму. Аднак было позна. Салаўём-разбойнікам прасьвістаў калускі судзьдзя, у якога, як у кожнага расейскага правінцыяла, Масква ніколі не выклікала цёплых пачуцьцяў. Яму хацелася дамоў, у Калугу, да жонкі. А золата імпэрыі паехала ў Менск. Сталіцу нашай сацыялістычнай Бацькаўшчыны, дзе бацькі абдымаліся, цалаваліся з суседзямі і даставалі зь лядоўняў назапашаную гарэлку і прывезеную зь вёсак паляндвіцу, каб потым зацягнуць на ўвесь двор «Песьняроў». А мы глядзелі на іх зьнізу ўверх і крычалі разам з усімі: «Ура!». Быццам скончылася нейкая вайна і ўначы мусіў быць салют.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG