Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская эўраінтэграцыя застаецца пад пытаньнем


У Вярхоўнай Радзе Ўкраіны
У Вярхоўнай Радзе Ўкраіны

Дзень 13 лістапада быў вызначаны місіяй назіральнікаў Эўрапарлямэнту як крайняя дата, калі Ўкраіна павінна была прыняць пакет законаў, неабходных для падпісаньня Дамовы аб асацыяцыі з Эўразьвязам.

Аднак старшыня Вярхоўнай Рады Ўладзімер Рыбак сёньня заявіў, што законапраекты не падрыхтаваныя да разгляду і закрыў нечарговае пасяджэньне парлямэнту. Ці азначае гэта, што Украіна правальвае экзамен і ёсьць пагроза зрыву плянаваных пагадненьняў?

Эўраструктуры лічылі прынцыповым прыняцьцё Ўкраінай пакету прынамсі з трох законаў, якія б адпавядалі дэмакратычным стандартам: гэта зьмены ў законы аб выбарах і аб пракуратуры і прыняцьцё закону аб магчымасьці лячэньня асуджаных за мяжой. Праблема ў тым, што першыя два законы ўжо разглядаліся ў першым чытаньні, і апазыцыя прапанавала да іх прынамсі пяцьсот паправак. Трэці закон – аб магчымасьці лячэньня асуджаных за мяжой, ясна, шыўся на меру для Юліі Цімашэнкі, ён увогуле не распрацаваны. Рабочая група па яго падрыхтоўцы была створаная толькі 8 лістапада і да сёньня проста ня здолела напісаць такі закон. Старшыня Вярхоўнай Рады абвясьціў, што наступны раз дэпутаты зьбяруцца 19 лістапада.

Але справа ў тым, што паводле ранейшага пляну ўжо 18 лістапада Рада Эўразьвязу павінна была прыняць рашэньне на падставе рапарту сваіх пасланцоў Квасьнеўскага і Кокса. Абодва яны сёньня наведалі парлямэнт, і прадстаўнікі шэрагу фракцый прасілі іх не рабіць нэгатыўных высноваў. Міністар замежных спраў Літвы, якая старшынюе ў Эўразьвязе, Лінас Лінкявічус са свайго боку заявіў, што сытуацыю яшчэ можа выратаваць прэзыдэнт Януковіч, калі праявіць свае лідарскія якасьці. Літоўскі прэм’ер Буткявічус больш пэсымістычны, ён лічыць, што калі Ўкраіна і ЭЗ не падпішуць пагадненьне ў гэтым месяцы, яно можа быць адкладзенае надоўга.

Сама Юлія Цімашэнка ў сваім звароце са зьняволеньня заклікае падпісаць дамову пра эўраінтэграцыю Ўкраіны незалежна ад вырашэньня яе ўласнага лёсу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG