Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра кампазітара Антона Валынчыка ўзгадалі праз 28 гадоў


Помнік кампазытару, заслужанаму дзеячу культуры Беларусі Антону Валынчыку
Помнік кампазытару, заслужанаму дзеячу культуры Беларусі Антону Валынчыку

На магіле заслужанага дзеяча культуры Беларусі, кампазітара, харавога дырыжора, пэдагога Антона Валынчыка ўсталявалі помнік на гарадзкіх могілках у Горадні праз 28 год пасьля ягонай сьмерці. 13 лістапада помнік асьвяціў уніяцкі сьвятар па-беларуску.

Дагэтуль на магіле Антона Валынчыка стаяў звычайны мэталёвы крыж, ужо добра струхнелы. Мясцовыя актывісты Аляксандар Талерчык і Аляксандар Місьцюкевіч, людзі пэнсійнага веку, пабачыўшы гэта, задаліся мэтай усталяваць помнік свайму земляку.

Абодва яны, як і Антон Валынчык, нарадзіліся на Слонімшчыне, а ў Аляксандра Талерчыка Валынчык выкладаў урокі музыкі, калі той яшчэ навучаўся ў школе. Але яшчэ болей іх натхніла невялічкая кніжка пра жыцьцё Валынчыка, якую напісаў яшчэ адзін іх зямляк — Сяргей Чыгрын.

Сёньня на могілках сабралася ўсяго некалькі гарадзенцаў, якія памятаюць яго пры жыцьці. Аляксандар Місьцюкевіч распавядаў як дамагаліся ўсталяваньня помніка на працягу двух гадоў. Пачыналі з гарвыканкаму, але нічога не атрымлівалася:

«Калі зьвярнуліся ў абласны аддзел культуры, тады кіраваў такі Лойка, прыехаў сюда паглядзеў і, маўляў, ды гэты крыж яшчэ сто гадоў будзе стаяць. Дадзім заданьне пэдкаледжу, і яны тут будуць кветкі садзіць. Ніхто тут нічога не даглядаў, мы самі з жонкай прыходзілі і прыбіралі. Потым зьмяніўся начальнік, стаў — Вярсоцкі. Мы да яго, а ён таксама прыехаў зь нейкай дамай сюды, паглядзеў і тыя самыя словы, маўляў, яшчэ сто гадоў прастаіць».

Справу вырашыў старшыня аблвыканкаму Сямён Шапіра пасьля таго, як Місьцюкевіч і Талерчык пабывалі ў яго на прыёме. Аляксандар Талерчык, які перажыў два інсульты, сёньня таксама быў на могілках і прамаўляў:

«Як ні дзіўна, але ён узяўся і падштурхнуў гэтую справу. Цяжка яна ішла, гэтая справа, але скончылася тым, што мы сёньня маем прыстойную магілку нашага кампазытара Валынчыка. Вечная яму памяць. І трэба сказаць: дзякуй нашаму старшыні аблвыканкаму, каб ня ён, нічога б не адбылося».

Аўтар кнігі пра Валынчыка Сяргей Чыгрын распавёў, што нарадзіўся Антон Валынчык 23 ліпеня 1896 года ў вёсцы Мяльканавічы на Слонімшчыне ў сям’і царкоўнага рэгента.

Скончыў Жыровіцкую духоўную сэмінарыю, працаваў выкладчыкам музыкі і сьпеваў у рэальным вучылішчы ў Лунінцы, пасьля ў Клецкай беларускай гімназіі, у Наваградзкай беларускай гімназіі, у беларускай настаўніцкай сэмінарыі ў Слоніме.

У 1937 Антон Валынчык завочна скончыў Вышэйшыя музычныя курсы Варшаўскай кансэрваторыі. Падчас другой сусьветнай вайны жыў у Слоніме і кіраваў рознымі царкоўнымі хорамі. Гэты факт біяграфіі, паводле Чыгрына, стаўся потым прычынай пільнай увагі да яго з боку адпаведных органаў.

Чыгрын распавядае, што пасьля вайны і аж да 1953 году Валынчык штодня чакаў супрацоўнікаў НКВД дадому, але тым ня менш у творчасьці трымаўся пасьлядоўна свайго нацыянальнага рэпэртуару ў калектывах, якімі кіраваў. Свае песьні ствараў пераважна на творы беларускіх паэтаў. Самая вядомая зь іх — на словы Коласа: «Ідуць касцы, зьвіняць іх косы...»

«Пісаў ён песьні і на словы гарадзенскіх паэтаў: «Край мой» верш Апанаса Цыхуна, пісаў на словы Ларысы Геніюш, Янкі Купалы. Прычым, як правіла вершы выбіраў патрыятычныя: «За праўду», «За лепшую долю», — сказаў Сяргей Чыгрын.

Ён таксама зазначыў, што жыцьцё і творчасьць Валынчыка дагэтуль зусім мала вывучана, але пералічыў тое, што зрабіў Валынчык: пасьля вайны кіраваў Беларускім міжабласным ансамблем песьні і танцу ў Ашмянах, у 1956 годзе — кіраўнік хору Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. Стварыў і кіраваў міжабласным Маладзечанскім ансамблем песьні і танцу.

А ў 1961 годзе ён пераехаў у Горадню, дзе пачаў стала жыць. Узначальваў катэдру музыкі і сьпеваў Гарадзенскага пэдінстытуту, адначасова працаваў хормайстрам Гарадзенскага народнага ансамблю песьні і танцу «Нёман», мастацкім кіраўніком Гарадзенскай народнай харавой капэлы настаўнікаў. Ён валодаў амаль усімі музычнымі інструмэнтамі. Але найбольш паважаў скрыпку і віялянчэль.

Гарадзенскі кампазытар Яўген Петрашэвіч прачытаў на магіле калегі верш «Памёр беларус...», а потым падзяліўся ўспамінамі аб тым за што перасьледаваўся Валынчык:

«Прыпісвалі яму, што ён царкоўны кампазытар, а гэта пры атэістычнай ўладзе каралася, а да ўсяго яшчэ пры немцах кіраваў царкоўнымі хорамі, то гэта ўжо тое за што можна было канкрэтна прычапіцца».

Помнік на магіле Валынчыка ўсталяваны на сродкі Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы, дзе ў апошнія гады жыцьця працаваў Антон Валынчык. У бліжэйшым часе плянуецца ўсталяваньне мэмарыяльнае шыльды на будынку ўнівэрсытэту. Першапачаткова яе зрабілі на расейскай мове, але пасьля таго, як настаялі Місьцюкевіч і Талерчык, абяцалі перарабіць па-беларуску і ўсталяваць.

Памёр Антон Валынчык 13 лістапада 1985 году.

Сяргей Чыгрын, аўтар кніга пра Антона Валынчыка
Сяргей Чыгрын, аўтар кніга пра Антона Валынчыка

Аляксандар Місьцюкевіч, гарадзенскі актывіст, сябра ТБМ, які прычыніўся да ўсталяваньня помніка
Аляксандар Місьцюкевіч, гарадзенскі актывіст, сябра ТБМ, які прычыніўся да ўсталяваньня помніка

Падчас асьвячэньня помніка
Падчас асьвячэньня помніка

Яўген Петрашэвіч, гарадзенскі кампазытар
Яўген Петрашэвіч, гарадзенскі кампазытар

Аляксандар Талерчык, гарадзенскі актывіст, сябра ТБМ, які прычыніўся да ўсталяваньня помніка
Аляксандар Талерчык, гарадзенскі актывіст, сябра ТБМ, які прычыніўся да ўсталяваньня помніка

Вера Місьцюк, вучаніца Антона Валынчыка
Вера Місьцюк, вучаніца Антона Валынчыка
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG