Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт Расеі даслаў Свабодзе адпіску пра Баўмгертнэра


Ўладзіслаў Баўмгертнэр
Ўладзіслаў Баўмгертнэр

Радыё Свабода атрымала адказ на свой запыт у Сьледчы камітэт Расеі ў справе арыштаванага ў Беларусі генэральнага дырэктара «Ўралкалія» Ўладзіслава Баўмгертнэра.

Першы намесьнік кіраўніка ўправы ўзаемадзеяньня са СМІ Сьледчага камітэту Расеі палкоўнік Пятрэнка напісаў на наш адрас:

«У цяперашні час па справе адбываецца папярэдняе сьледзтва. Нейкая падрабязная інфармацыя пра ход расьсьледаваньня крымінальнай справы ня можа быць прадстаўленая ў ваш адрас у адпаведнасьці з патрабаваньнямі арт. 161 КПК РФ, які прадугледжвае абмежаваньне разгалошваньня дадзеных папярэдняга расьсьледаваньня».

Мы зьвярталіся ў Сьледчы камітэт Расеі з просьбай даць падрабязную інфармацыю пра крымінальную справу, заведзеную ў Расеі ў дачыненьні да старшыні назіральнай рады ЗАТ «Беларуская калійная кампанія», генэральнага дырэктара ААТ «Уралкалій» Уладзіслава Баўмгертнэра.

Сьледчы камітэт РФ пацьвердзіў, што ў адносінах да Ўладзіслава Баўмгертнэра, былога першага намесьніка ЗАТ «Беларуская калійная кампанія», Канстанціна Саладоўнікава і іншых асобаў 14 кастрычніка ўзбуджаная крымінальная справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч.2. арт. 201 КК РФ (злоўжываньне паўнамоцтвамі).

Нічога больш пра Баўмгертнэра ў лісьце не паведамілі, параіўшы сачыць за сайтам Сьледчага камітэту Расеі. Між тым на сайце ніякай новай інфармацыі няма.

Уладзіслава Баўмгертнэра затрымалі 26 жніўня ў Менску. У Беларусі яму прад’яўлена абвінавачаньне ў злоўжываньні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Сьледчыя органы Беларусі лічаць, што супрацьпраўныя дзеяньні Баўмгертнэра і шэрагу іншых топ-мэнэджэраў Беларускай калійнай кампаніі нанесьлі «Беларуськалію» і БКК шкоду ў памеры 100 млн даляраў.

У канцы кастрычніка тэрміны расьсьледаваньня крымінальнай справы ў дачыненьні да гендырэктара «Ўралкалія» падоўжылі на два месяцы, падсьледнага пакінулі пад хатнім арыштам у Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG