Навукоўцы з унівэрсытэту Эдынбургу кажуць, што эфэктыўны мэтад дыягностыкі сардэчнага прыступу можа мець «велізарныя наступствы» для пацыентаў.
Толькі ў Брытаніі больш за 100 тысяч чалавек штогод перажываюць сардэчныя прыступы, а сардэчна-сасудзістыя захворваньні зьяўляюцца асноўнай прычынай сьмяротнасьці ў сучасным сьвеце.
Дасьледнікі выкарысталі радыяактыўны маркер, які знаходзіць актыўныя і небясьпечныя сасудзістыя бляшкі. У выніку можна бачыць вельмі дэталёвую карціну сэрца з выразна пазначанымі зонамі небясьпекі.
Такую тэхналёгію ўжо цяпер выкарыстоўваюць для выяўленьня пухлін у анкапацыэнтаў.
Першыя выпрабаваньні новага мэтаду правялі на 40 пацыентах, якія нядаўна перанесьлі інфаркт.
Скан вельмі дакладна паказаў зону тлушчавых бляшак, якія выклікалі сардэчныя прыступы ў 37 зь іх. Вынікі гэтых тэстаў апублікаваныя ў спэцыялізаваным мэдычным выданьні Lancet.
Гэта першы выпадак, калі скан апынуўся здольны вызначыць небясьпечныя зоны сардэчна-сасудзістай сыстэмы, аднак для таго, каб выяўляць іх да інфаркту, а не пасьля яго, трэба правесьці дадатковыя тэставаньні.
«Падазраю што ня ўсе выяўленыя ў сасудах бляшкі выклічуць інфаркт, але гэта можа спатрэбіцца для вызначэньня пацыентаў групы высокай рызыкі, якім патрэбна агрэсіўная тэрапія», — сказаў кардыёляг Марк Двэк.
Такая тэрапія прадугледжвае прыём лекаў для разрэджваньня крыві, зьмены ў стылі жыцьця або нават ўстаўкі ў артэрыі прыладаў, якія б не дапускалі іх закаркаваньня.