Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Абламейка пра «Замак» і Палац Незалежнасьці


У Беларусі памірае архітэктура... Як мастацтва. А разам зь ёй зьнікаюць і тыя, хто гэтае мастацтва ствараў — архітэктары. Застаюцца аўтары праектаў.

Загадзя прашу прабачэньня за наўмысную гіпэрбалу ў назьве ў тых архітэктараў-прафэсіяналаў, каму пра архітэктуру як мастацтва яшчэ ідзецца... Ня іх віна, што заказьнік і начальнік пайшоў цяпер «спэцыфічны». Я пра іншых і пра іншае...

Вось мае думкі з нагоды нядаўна ўбачаных двух менскіх навабудаў. Гэта гандлёвы цэнтар «Замак» і новы Палац незалежнасьці.

Гандлёвы цэнтар «Замак»


Думка пра тое, што ў Беларусі памірае архітэктура, прыйшла мне ў галаву два месяцы таму адразу, як толькі я ўпершыню ўбачыў гандлёвы цэнтар «Замак» на праспэкце Пераможцаў.

А якая яшчэ можа нарадзіцца думка, калі вы бачыце будынак 2013 году, а ў яго над гатычнымі стральчатымі вокнамі ідзе раманская аркатура з раманскімі ж зубцамі-блянкамі на вежы?!

Гандлёвы цэнтар "Замак"
Гандлёвы цэнтар "Замак"


Нават калі ведаеш, што тэарэтычна і блянкаваньне, і аркатура (у нашым выпадку сьляпая аркада) маглі быць недзе выкарыстаныя і ў часы Рэнэсансу, які храналягічна ішоў усьлед за Готыкай і быў трэцім выданьнем рымскай (раманскай) стылістыкі, то ўсё роўна такое спалучэньне і ў такой пасьлядоўнасьці ў нашы дні выглядае дзікавата — мы жывем у 2013 годзе. Вядома, многія аўтэнтычныя будынкі адрозьніваюцца наслаеньнем стыляў. Вядома таксама, што ў часы рамантызму і эклектыкі ХІХ стагодзьдзя архітэктары даволі дзіўна спалучалі гістарычныя стылі ў адным будынку. У рэшце рэшт, аркатура шырока выкарыстоўвалася ў культавым дойлідзтве Расеі, але там не было ні Готыкі, ні замкаў. Што ж прымусіла аўтараў «Замку» зрабіць такое сёньня і менавіта так?!

Сярод прычынаў я назваў бы дурны густ і адсутнасьць гістарычнай ды мастацкай адукацыі — гэта значыць усё тую ж невысокую нашу культуру.

У часы Готыкі таксама выкарыстоўвалася аркатура — гатычная. І па прыклады далёка хадзіць ня трэба, дастаткова ўзнавіць у памяці бакавы фасад Наваградзкай Барысаглебскай царквы. Чаму ж у «Замку» выкарыстана раманская?.. Або вось Косаўскі нэагатычны палац мае на вежах тыя ж блянкі... Нарэшце, зрабілі б вокны не гатычныя, а паўцыркульныя, у стыль аркатуры, і было б прынамсі стылёва. Але замест таго, каб узяць адзін канкрэтны стыль і трымацца яго, аўтары «Замку» абралі эклектыку эклектыкі, прадэманстраваўшы беларускаму паспалітаму люду сваё гістарычнае і мастацкае невуцтва, як, зрэшты, і гарадзкога начальства, якое гэты праект зацьвярджала і ўхваляла.

Урэшце, што замінала аўтарам узяць за прататып адзін са страчаных беларускіх замкаў і стылізавана ўзнавіць яго ў Менску ў выглядзе гандлёвага цэнтру? Таксама ня надта дарэчна, але прынамсі быў бы хоць нейкі беларускі культурна-гістарычны кантэкст і павага да сваёй мінуўшчыны.

Вядома, абазнаныя ў гісторыі мастацтва людзі павінны ведаць і гісторыю стыляў, і прынцыпы гармоніі, і гісторыю сусьветнага і нацыянальнага мастацтва. Калі гэтага няма — зьяўляюцца эклектычныя «Замкі»... Для архітэктара-мастака гэта непрымальна, для інжынэра-праекціроўшчыка — як бачым, так.

Вельмі сорамна і няёмка глядзець на гандлёвы цэнтар «Замак» у Менску і ведаць, што тытаны чалавецтва і геніі Адраджэньня — Рафаэль і Мікелянджэлё — былі архітэктарамі...

Палац Незалежнасьці


З гандлёвым цэнтрам «Замак» справа адносна простая. Там — дэманстрацыя невуцтва. Значна больш сур’ёзная сытуацыя з новым Палацам незалежнасьці.

Архітэктура — гэта мастацтва арганізацыі прасторы. Прычым ня проста арганізацыі, але пры дапамозе мастацкіх сродкаў. Творчасьць (або, у выпадку менскай праектнай рутыны, стварэньне) — гэта таямніца нябёсаў. Я, як і многія іншыя, лічу, што вынікі тварэньня належаць аўтару толькі фактычна, бо празь яго атрыманыя. А насамрэч, у выніку тварэньня (стварэньня) можа атрымацца тое, што ні заказьнік, ні аўтар стварыць не жадалі... Сутнасьць падзеі праяўляецца, часам, паміма аўтарскай волі.

Палац Незалежнасьці ў Менску
Палац Незалежнасьці ў Менску


Я ня ведаю дакладна, што заказьнікі і аўтары Палацу незалежнасьці зьбіраліся стварыць, але бачу, што атрымаўся ў іх... першы будынак у ансамбаль менскага пляцу Цяньаньмэнь... Хто б мог падумаць, што мы дажывем да манумэнтальных рэплікаў пэкінскай таталітарнай культуры ў Менску ХХІ стагодзьдзя!

Каб такі комплекс збудавала ў Менску для сваіх патрэбаў кітайская амбасада — гэта было б зразумела. Але, калі гэта робяць беларускія архітэктары паводле беларускага заказу...

Калі ў СССР Мікіта Хрушчоў прыйшоў да ўлады, ён вырашыў зьмяніць прынцыпы манумэнтальнай архітэктуры. Хрушчоў быў менш адукаваны за Сталіна, і яго моцна раздражнялі сталінскія ордэрныя палацы. Ён вырашыў адмовіцца ад сталінскіх нэабарока і нэаклясыцызму. Натуральна, знайшліся і прафэсіяналы, якія падвялі тэарэтычныя прынцыпы пад гэтую адмову. Вядомы савецкі архітэктар Андрэй Бураў пісаў ў 50-я гады ХХ стагодзьдзя: «Захаваньне ордэру і калёнаў замінае руху архітэктуры наперад».

У выніку на сьметнік савецкай гісторыі былі выкінутыя розныя там калёны зь іх базамі, капітэлямі, абакамі ды эхінамі, антаблемэнты з архітравамі ды фрызамі, портыкі з тымпанамі ды іншыя атрыбуты грэцкіх і рымскіх ордэраў. Надышоў час строгай функцыянальнасьці і адмовы ад дэкаратыўнасьці, што на справе азначала раскрапоўку фасадаў пілёнамі, або, папросту кажучы, гранёнымі слупамі.

Крамлёўскі палац зьездаў. Здымак з сайту wikimapia.org
Крамлёўскі палац зьездаў. Здымак з сайту wikimapia.org


Кульмінацыяй хрушчоўскага манумэнталізму стаў збудаваны ў 1961 годзе Крамлёўскі палац зьездаў. Стылістыка гэтай спаруды стала імкліва пашырацца па ўсім СССР, не абмінуўшы і Менск. У 1985 годзе тут было распачата будаўніцтва Палаца Рэспублікі, пазьней замарожанае і скончанае новымі ўладамі ў 2001 годзе.

Але ня толькі па СССР крочылі хрушчоўскія архітэктурныя прынцыпы. Трапілі яны і ў Кітай. У 1959 годзе ў Пэкіне на пляцы Цяньаньмэнь зьявіўся Дом народных сходаў:

Дом народных сходаў на пляцы Цяньаньмэнь у Пэкіне.
Дом народных сходаў на пляцы Цяньаньмэнь у Пэкіне.


а ў 1977 годзе — Дом памяці Старшыні Мао (маўзалей):

Дом памяці Старшыні Мао (маўзалей) на пляцы Цяньаньмэнь
Дом памяці Старшыні Мао (маўзалей) на пляцы Цяньаньмэнь


Абодва гэтыя палацы цалкам адпавядалі стылістыцы Крамлёўскага палацу зьездаў і толькі суадносіны аб’ёмаў і дахі ў іх мелі кітайскія нацыянальныя асаблівасьці. Гэтыя будынкі сталі сымбалямі татальнага кантролю і пагарды да чалавечай асобы, якія, як ні дзіўна, ляжалі ў сарцавіне ідэалёгіі позьняга камуністычнага абсалютызму.

І вось у 2013 годзе ў Менску зьяўляецца копія пэкінскіх Дамоў народных сходаў і памяці Старшыні Мао пад назвай Палац Незалежнасьці! Тут мы бачым тыя ж рознапамерныя аб’ёмы, тое ж чляненьне фасаду пілёнамі-слупамі і нават закругленыя ўверх вуглы сымбалічнага даху будысцкай пагады... Эстэтычна ды ідэалягічна гэтая спаруда цалкам чужая беларускаму этнасу, яго традыцыі і каштоўнасьцям. І тым ня менш яна ў Менску зьявілася.

Залішне казаць, што такія дзяржаўныя палацы вельмі празрыста выяўляюць каштоўнасьці заказьнікаў. Вось, напрыклад, у Тбілісі ў 2004-2009 гадах быў збудаваны цалкам па-эўрапейску клясычны прэзыдэнцкі палац з портыкам, калёнамі і купалам. А ў нас — рэпліка будынкаў з пляцу Цяньаньмэнь...

Бачыцца ў гэтай падзеі і злавесная іронія: для Палацу Незалежнасьці прататыпам абралі ўсыпальніцу... Ведаць бы толькі, чыя гэта іронія і хто пасьмяецца апошнім.

Чаму так атрымалася?


Я даўно думаю, чаму так зь менскай архітэктурай адбылося. І адказ маю. Гэта агульная антыкультурная скіраванасьць усёй сытуацыі ў краіне за апошнія 20 гадоў або, як сказаў бы філёзаф, антыкультурны дыскурс. А калі малакультурныя людзі яшчэ і пачынаюць зарабляць грошы, ды яшчэ і ў краіне, задоўга да таго аслабленай і абрабаванай культурна, зь вялікімі культурнымі стратамі ў матэрыяльнай і духоўнай сфэрах, тады і адбываецца тое, што адбылося ў Менску з архітэктурай.

У нашай сталіцы, у яе архітэктурных уладах, на зьмену архітэктару-мастаку прыйшлі інжынэры-праекціроўшчыкі ды інжынэры-пляніроўшчыкі
У нашай сталіцы, у яе архітэктурных уладах, на зьмену архітэктару-мастаку прыйшлі інжынэры-праекціроўшчыкі ды інжынэры-пляніроўшчыкі з дыплёмамі выпускнікоў архітэктурных факультэтаў. Гэтыя людзі сёньня займаюцца не мастацтвам. Яны ўдзельнічаюць у вялікім бізнэсе, які называецца забудовай сталіцы Беларусі. Бізнэсмэны прыйшлі на зьмену мастакам. Нават сталінскія архітэктары, якія пасьля вайны адбудоўвалі Менск і Кіеў (Шчусеў, Колі, Жалтоўскі ды іншыя) былі мастакамі. А беларускія незалежныя праекціроўшчыкі-пляніроўшчыкі — толькі бізнэсмэны. У мастака бізнэс — яго мастацтва. У праекціроўшчыка — яго праекты. Пры чым тут эстэтыка? Пры чым тут гістарызм і пераемнасьць? Пры чым тут павага да асяродзьдзя? Галоўнае выгнаць Чыжу 23 паверхі і каб не абваліліся. Ну і каб унутры і звонку было «красіва». Ні заказьніку, ні аўтару не ідзецца пра мастацтва. Ня той узровень, ня тая кан'юнктура, ня тое начальства, ня той час.

І вось маем у цэнтры ўсё болей навабудаў, якія самым грубым чынам разбураюць гарадзкі пэйзаж, гвалцяць яго, вульгарна мяняюць і зьнішчаюць пэрспэктывы, разрываюць камэрную прастору даўно складзеных гарадзкіх куточкаў. Нагрувашчваньне аб’ёмаў і дахаў непадалёк ад гістарычнага цэнтру, напрыклад на Энгельса пры яе набліжэньні да Першамайскай, нагадвае сабой ускраіны хаатычна забудаваных блізкаўсходніх гарадоў. Калі я там праяжджаю з боку канцэртнай залі «Менск», дык заўсёды ўспамінаю арабскія дахі Каіру...

Нагрувашчваньне аб’ёмаў і дахаў непадалёк ад гістарычнага цэнтру, напрыклад на Энгельса пры яе набліжэньні да Першамайскай, нагадвае сабой ускраіны хаатычна забудаваных блізкаўсходніх гарадоў
А на ўскраінах — процьма шматпавярховікаў з ідыёцкімі архітэктурнымі элемэнтамі: нейкія запазычаныя з кітайскіх пагадаў шматслойныя дахі або вежачкі з купаламі ў стылі Аляксандра Неўскага... Асабліва прыкра, што шмат запазычана ў лужкоўскай Масквы — піраміды, вежачкі, падземныя гандлёвыя цэнтры пад плошчамі...

Некалі, у 80-я гады, калі мы спрабавалі абараніць Нямігу ад новай забудовы і Верхні горад ад мэтро, аўтар праекту Гандлёвага дому на Нямізе Мусінскі падчас аднаго з грамадзкіх абмеркаваньняў з гонарам (і пагардай да абаронцаў даўніны) заявіў, што наступныя пакаленьні менчукоў будуць ганарыцца яго гмахам на Нямізе. Прайшло 25 гадоў і я, як і тады, магу сказаць, што пры ўсёй павазе (а, хутчэй, непавазе) да архітэктурнага дыплёму Мусінскага не магу назваць яго шматпавярховік творам мастацтва — ён ім ня быў, ня ёсьць і ніколі ня будзе.

І ўсё ж нават ведаючы пра прычыны таго, што робіцца, ня можаш адначасова і не зьдзіўляцца. Нібыта ад 60-х гадоў студэнты архітэктурнага факультэту БПІ (БНТУ) езьдзілі на практыку за мяжу, у тым ліку і ў адзін з найпрыгажэйшых гарадоў сьвету — Прагу. Але становяцца яны чамусьці не мастакамі, а праекціроўшчыкамі, якія да таго ж не шануюць даўніну.

Ну і ёсьць нейкая родавая траўма, нешта, схаванае ў самых глыбінных спратах нашай душы, ледзьве ня ў генах. Гэта — нейкая містычная спадчына Расейскай імпэрыі. Вось на вуліцы Інтэрнацыянальнай, якая ёсьць часткай гістарычнага Верхняга гораду, на дахах старых камяніцаў замянілі дахоўку на чырвоную бляху. (Раней частка тых дамоў была накрыта нефарбаванай бляхай, а іншыя — чарапіцай) Нехта гэтага можа і не заўважыць. Нехта скажа: добра, што не на зялёную. А я вось думаю, як гэта так сталася, што Расея прарастае і прарастае ва ўсім навокал? Як гэта ёй удаецца трымацца так доўга ва ўсім, што сёньня робяць малакультурныя беларусы?

Я маю на ўвазе «черлядь» — адзін з трох колераў, у які у 1832 годзе ў Расеі загадалі фарбаваць жалезныя дахі (іншыя два — зялёны і шэры). Якраз гэтую «черлядь» (цёмначырвоную барву розных адценьняў) цяпер мы бачым на вуліцы Інтэрнацыянальнай і якраз той указ Мікалая І аказаўся так містычна выкананы менскімі гарадзкімі чыноўнікамі ў 2013 годзе.

"Черлядь" на дахах Інтэрнацыянальнай вуліцы ў Менску
"Черлядь" на дахах Інтэрнацыянальнай вуліцы ў Менску


Гэты здымак, які я зрабіў у жніўні сёлета, наогул да такой ступені архэтыпны, што вусьцішна на яго глядзець. Недарэчная шумэрская аграмадзіна Палацу Рэспублікі зь пілёнамі справа (на месцы колішняга Новага рынку з палацам Сапегаў і Дамініканскім кляштарам), каструбаваты геамэтрычны дах забаўляльнага комплексу над шэрагам старых камяніцаў (з родным домам Станіслава Манюшкі) па Інтэрнацыянальнай і нават рэклямны плякат выставы «Праваслаўны сьветы» зьлева — такія сёньняшнія дэкарацыі рэнэсансна-барочнага Верхняга гораду...

Гістарычная праўда, справядлівасьць і эстэтыка крычаць і плачуць у гэтым схопленым аб’ектывам фотаапарата кадры
Гістарычная праўда, справядлівасьць і эстэтыка крычаць і плачуць у гэтым схопленым аб’ектывам фотаапарата кадры.

Наогул, ва ўсім, што сёньня робіцца на постсавецкай прасторы, адчуваецца моцны ўплыў савецкай архітэктуры. Менскі Палац Рэспублікі, як ужо было сказана, вельмі блізкі сваёй архітэктурай да Крамлёўскага Палацу зьездаў, які цяпер маскоўскімі архітэктарамі прызнаецца шэдэўрам так званага савецкага мадэрнізму. Зь іншага боку, у розных краінах СНД маюцца і рэплікі савецкай нэаклясыкі. Напрыклад, у Астане можна ўбачыць копію славутых маскоўскіх высотак. Гэта жылы комплекс «Трыюмф Астаны» (Глядзі тут і тут). А, калі задумацца, дык і дом Чыжа (які можна называць і домам Ладкіна, паводле імя архітэктара) зьяўляецца рэплікай ці, прынамсі, перапевам «Трыюмфу Астаны».

Пустое месца доўга пустым не бывае. Выпетралі з галоваў і душаў беларускае, пустату займае іншае, чужое і паступова робіцца сваім. Вось нядаўна беларуская тэлевізія па-расейску расказвала пра мітычных пэрсанажаў беларускай гісторыі — «асилков». На тле голасу вядоўцы гледачу ўвесь час паказвалі Ільлю Мурамца і яго сяброў у расейскіх кальчугах і расейскіх жа востраверхіх шаломах...

Але самы яскравы прыклад замяшчэньня свайго спачатку кічам, а пасьля і чужымі ўзорамі дае гарадзкая архітэктура.

Здавалася б, здаровы сэнс і прафэсійная самапавага павінны былі б прымусіць гарадзкое архітэктурнае начальства за ўсякую цану змагацца за стварэньне новага дзелавога цэнтру недзе на былым аэрадроме ці на Ляхаўцы... Панаставілі б там сабе гатэляў, хмарачосаў, офісных цэнтраў, паркінгаў, падземных гаражоў, казыно, рэстаранаў і крамаў. Было б весела, шумна, вірліва, шмат сьвятла, машын, людзей і грошай. А стары цэнтар пакінулі б у спакоі. А маглі б яшчэ і адрэстаўраваць яго, і які быў бы шык — Старое места з брукам і чарапічнымі дахамі, а непадалёк — новы цэнтар з хмарачосамі. І культурную прастору захавалі б, і колькі турыстаў прывабілі б!

Але, здаецца, нейкая містычная пупавіна зьвязвае Менск з Масквой
Але, здаецца, нейкая містычная пупавіна зьвязвае Менск з Масквой. Там таксама ў 1930-я гады Сталіну прапаноўвалі стварыць новы цэнтар на Хадынскім полі, а старую цэнтральную частку гораду пакінуць у спакоі. Але ён выбраў варыянт перабудовы існуючага цэнтру, у выніку чаго там засталіся толькі невялікія астраўкі старой Масквы...

І вось у наш час па Менску ідзе другая хваля «сталінскай» перабудовы. Даўно сфармаваная прастора цэнтру разрываецца недарэчнымі дамінантамі, якія хаатычна вытыркаюцца цяпер то там, то тут. Дамінанта побач з участкам сфармаванай камэрнай прасторы ня проста зьнішчае яго, яна пазбаўляе яго сэнсу — мастацкага і эмацыйнага. Але і гэта яшчэ ня ўсё. Дэструкцыя пакідае на першы погляд незаўважныя, але глыбокія раны ў нашых душах. Чалавек у атачэньні эстэтычнай ды ідэалягічнай дэструкцыі губляе супакой, стамляецца, раздражняецца, сам ня ведаючы ад чаго, а пасьля і сам пачынае тварыць зло... Бо зло спараджае зло.

Пры гэтым, дурны густ і неадукаванасьць архітэктараў ня толькі множаць гэтыя ж якасьці сярод людзей-спажыўцоў. Яны, паўтаруся, яшчэ і містычна выяўляюць ідэалягічную сутнасьць заказьнікаў-валадароў. І калі гандлёвы цэнтар «Замак» — гэта проста дурны густ, кіч і «лубок», то новы Палац незалежнасьці — гэта злавесная алюзія на помнікі пэкінскага пляцу Цяньаньмэнь 40-50-гадовай даўніны.

Страшна падумаць, што гэтая алюзія можа аказацца прарочай...

Post Scriptum


Такі агульны фон усяго, што цяпер адбываецца зь менскай архітэктурай. Нізкая асабістая культура выканаўцаў і заказьнікаў, дрэнная агульнакультурная сытуацыя ў краіне. Нам элемэнтарна не хапае культуры.

І ўсё ж мінорна я не закончу. Насамрэч, я веру, што гадоў праз трыццаць-пацьдзясят Менск верне сабе эстэтычную ды ідэалягічную гармонію, дэмантуе самыя недарэчныя архітэктурныя дамінанты цяперашняга часу і цалкам адновіць свой гістарычны цэнтар. Занадта глыбокі сьлед у калектыўнай беларускай душы пакінулі папярэднія вякі нашага мастацтва, каб было інакш. Мы будзем або самі сабой, або зьнікнем, пераможаныя «злым пачаткам». Але ў кожным выпадку, ня будзем такімі, якімі нам цяпер прапануюць стаць «умельцы» з розных бакоў і розных ідэалягічных групаў, сваіх і замежных.

А можа гэта ўсё адбудзецца і значна раней...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG