Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мядзьведзеў украінцам: Хочаце ў Эўропу — плаціце па поўнай


Прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў даў зразумець, што пасьля падпісаньня дамовы аб асацыяцыі з Эўразьвязам Украіна страціць шмат расейскіх прэфэрэнцый.

«Калі яны выбралі гэтую дарогу, няхай яны па ёй ідуць. Мы пра гэта неаднаразова гаварылі. Гэта сувэрэнны выбар Украіны. Але хай потым не кусаюць сабе локці, калі акажацца, што яны не атрымаюць тых дывідэндаў, тых выгадаў, на якія разьлічваюць, і адначасова пазбаўляцца тых перавагаў, якія ёсьць» — Мядзьведзеў сказаў у інтэрвію агенцтву Reuters.

У прыватнасьці, Мядзьведзеў заявіў, што Расея зьменіць сыстэму аплаты за пастаўкі газу ва Ўкраіну:

«Калі яны не аплацяць, будзе аванс, папярэдняя аплата, якая ўводзіцца на аснове дзейнага кантракту. А там прадугледжана, што калі ў акрэсьлены пэрыяд яны ня плацяць як належыць, то пакупнік пераводзіцца на папярэднюю аплату. Пра гэта мне сказаў старшыня праўленьня „Газпрому“ спадар Мілер, і я лічу, што гэта цалкам нармальная практыка, гэта адпавядае таму кантракту, які быў заключаны».

Расейскі прэм’ер-міністар таксама сказаў, што ён не чакае скарачэньня паставак газу ва Ўкраіну і Эўропу, нягледзячы на доўг Кіева ў 882 мільёны долараў за пастаўленае паліва.

На гэтым тыдні расейскі газавы манапаліст «Газпром» заявіў, што разгледзіць пытаньне аб пераводзе Украіны на перадаплату і што ў яго ёсьць магчымасьць зрабіць гэта неадкладна з-за запазычанасьці Кіева за газ.

Украіна плянуе падпісаць пагадненьне аб асацыяцыі і зоне свабоднага гандлю з Эўразьвязам у лістападзе на саміце ў Вільні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG