Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няўдзячныя мадзяры


Калі вязьні канцлягеру ўцякаюць, ахова абавязаная страляць.

Прыкладна такое апраўданьне савецкаму ўмяшаньню дагэтуль почасту знаходзяць у Расеі, калі гавораць пра «падзеі 1956 году» ў Вугоршчыне — слова «рэвалюцыя» расейскія гісторыкі баяцца, як акупант ночы ў захопленым горадзе. Ну і наагул: мы іх ад фашызму вызвалілі, а яны...

Няўдзячныя мадзяры! Роля канцлягернай аховы расейскіх змагароў за гістарычную праўду ня надта бянтэжыць. Бо роля гэта звычная і ўжо амаль ганаровая. Урэшце, заўсёды можна давесьці, што вязьні сапраўды былі крымінальнікамі, і таму страляць па іх было можна і трэба, і танкамі давіць таксама. А яшчэ можна зрабіць эфэктную карцінку і паказаць мадзярскую брутальнасьць: яны, гэтыя вашыя рэвалюцыянэры, у тую восень 1956-га партыйцаў цьвікамі прыбівалі да партрэтаў Леніна, а ў рукі ахвярам укладвалі «Капітал», яны агентаў дзяржбясьпекі вызначалі па жоўтых чаравіках і, расстраляўшы, падвешвалі іх за ногі ў гарадзкіх парках, яны адразалі праціўнікам насы, вушы і геніталіі, аблівалі твары кіслатой, яны... Ды якая ж гэта, маўляў, рэвалюцыя?..

Расея апраўдваецца. Расея адраджае веліч і абвяргае міты. Ніхто гэтае вашае так званае паўстаньне ў крыві не тапіў. Падумаеш, дзьве з паловай тысячы забітых, большасьць у выніку ўнутраных вугорскіх разборак. Расея мільёнамі раскідваецца — і нічога, ня скардзіцца. Пра дзьвесьце тысяч вугорцаў, якія ўцяклі з радзімы, можна і ня згадваць. Лепш пашкадаваць бедненькіх савецкіх жаўнераў, якія прышлі зь мірам, а злыя мадзяры падстрэльвалі іх на цёмных вуліцах, як зайцоў.

А Імрэ Надзь наагул быў энкавэдыст і савецкі грамадзянін. А Пал Малетэр фашыст. Так што ніякія яны не героі. Героі — гэта тыя, хто прыяжджае на танку ў чужую краіну і ўсталёўвае там свае парадкі.

І бойню 25 кастрычніка каля будынку парляманту ў Будапэшце арганізавалі самі мадзяры. Пастралялі некалькі сотняў сваіх, каб саветы баяліся. А харошыя савецкія салдаты глядзелі на гэта і галовамі хіталі: ай-я-яй, які дзікі народ, трэба яго абараніць і навучыць любові і дысцыпліне.

Так што ніякае гэта не народнае паўстаньне было, кажуць савецкія... не, сучасныя расейскія гісторыкі. Добра арганізаваны з дапамогай заходніх спэцслужбаў пры падтрымцы Радыё Свабодная Эўропа (!) узброены мяцеж.

Прызнаць сябе жандарам і акупантам духу не стае. Нават калі гаворка ідзе пра тое, што адбывалася больш за паўсотні гадоў таму.

Жандар у Вільні. Жандар у Рызе. Жандар у Таліне. Жандар у Будапэшце. Жандар у Бэрліне. Жандар у Празе. Жандар у Варшаве. Жандар у Менску. Усё гэта гучыць, як назвы францускіх фільмаў зь Люі дэ Фюнэсам. Ягоны герой трапляў у недарэчныя сытуацыі — але неяк выблытваўся. А вось расейскі гісторык, які апраўдвае танкі на вуліцах Будапэшту, апынаецца ў тупіку. Як у незнаёмым горадзе, куды яго паслалі аднаўляць сацыялістычную законнасьць. Танк не разварочваецца, іржа праела, шлем на галаве гарыць, як шапка на расейскім злодзеі. Самы час пакінуць машыну і вярнуцца дахаты. Але ж не, гордасьць не дазваляе. Узровень велічы ўпаў да нуля. А яна — як бэнзін, як кроў, як гарэлка, безь яе нікуды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG