Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жураўліны крык


«Я васьмярых кітайцаў пасек мячом у капусту, пасьля трапіў у палон — а яны мяне адпусьцілі ды яшчэ юаняў далі на дарогу». Гэтыя ўспаміны аднаго тыбэцкага жаўнера (тут ня лішне будзе зьвярнуць увагу на ягоную зброю) любіць прыгадваць кожны, хто лічыць анэксію Тыбэту Кітаем унутранай кітайскай справай — і наагул падзеяй, празь якую ня трэба так ужо пераймацца. Тыбэт спакон веку быў залежны — дык што жахлівага ў тым, што Кітай чарговы раз «вярнуў сабе сваё»?

Гэткая рыторыка — «сабе сваё», «вяртаньне», «узьяднаньне», «спрадвечныя землі» — беларусам знаёмая вельмі добра. А рэпрэсіі... Ну якія там ужо рэпрэсіі? Вядомы загад, дадзены больш чым саракатысячнаму кітайскаму корпусу: мірных жыхароў не чапаць, тыбэцкіх шарагоўцаў адпускаць дахаты. Загад, які не прадугледжваў іншых сцэнароў, апроч перамогі. Бо 7 кастрычніка 1950 году народнае войска Кітаю атакавала Тыбэт адразу з васьмі бакоў. Тыбэтцы наскрэблі каля васьмі тысяч салдатаў, узброеных мячамі, лукамі... ці ў найлепшым выпадку стрэльбамі мінулага стагодзьдзя. Тыбэт прадчуваў пагрозу, цягам дзесяцігодзьдзяў то адзін, то другі лама спрабаваў стварыць сапраўднае войска... Але краіна была асуджаная: 21 кастрычніка Кітай узяў у свае рукі ўладу на ўсёй яе тэрыторыі. Тыбэцкая манархія была скасаваная, а сам таямнічы край, куды паўтара дзясятка гадоў да таго так імкнуліся нямецкія навукоўцы — як цяпер нямецкія турысты на Маёрку — канчаткова «вернуты» ва ўлоньне новай імпэрыі.

Кітай даў тыбэтцам волю, цывілізацыю і дэмакратыю.

За першыя трыццаць гадоў кітаізацыі тут было зруйнавана больш за шэсьць тысяч манастыроў. Больш за мільён тыбэтцаў было забіта за сэпаратызм, контррэвалюцыйныя настроі або проста за неахвоту рабіцца кітайцам.

Жанчынам як грамадзянкам Кітаю было забаронена мець больш за адно дзіця. Кажуць, нязгодныя выпраўляліся на стэрылізацыю.

Усе тыбэтцы былі абавязаныя вучыць кітайскую. Лічыць сябе кітайцамі і забыцца пра ўсіх ламаў ды іншае ламачча старой эпохі.

Дзясяткі тысяч эмігравалі. З унучкай аднаго з гэтых эмігрантаў хадзіла ў садок у Гамбургу дачка аўтара гэтага сьціплага тэксту.

«Дзе б ні жыў, я ўжо ніколі не змагу не тужыць па маім Тыбэце, — пісаў у сваёй знакамітай кнізе аўстрыец Гарэр, які пражыў тут сем гадоў перад нашэсьцем. — Часта мне мрояцца крыкі гусей і жураўлёў, якія лопаюць крыламі, пралятаючы над Лхасай пры сьвятле месяца. Дай Бог, каб напісаная мной кніга дазволіла вам зразумець і палюбіць людзей, што жывуць тут, і чыё адзінае памкненьне — жыць па-свойму, нясьпешна і радасна, у згодзе з усімі — так і не падтрымала абыякавае чалавецтва».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG